Вуша́к ’бакавы брус у дзвярной або аконнай асадзе’ (КТС); ’слуп з пазамі ў раме дзвярэй’ (БРС; КЭС, лаг.; Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат.; бялын., Янк. Мат., В. В.), палес. уша́к, вушак (Шушк., КСТ) таксама ’шула ў плоце’ (Куч.), польск. uszak. Ад ву́ха, што звязана з метафарай «дзверы — галава»; параўн. назву верхняй часткі рамы дзвярэй шапка (Сцяц., Словаўтв., 20) або з формай выраза для замацавання дзвярэй, параўн. правушына (гл.). У карысць апошняга сведчыць, відаць, рэдкае серб.-харв. уша̑к: «наби̏о држаљу у уша̑к» (СДЗб., 17, 47), значыць, магчыма, нейкую дэталь з правушынай, што дазваляе бачыць ва ўсіх пералічаных словах самастойныя ўтварэнні з суфіксам ‑jakъ; адносіны беларускага і польскага слоў няясныя (запазычанне з бел.?), аднак Варш. сл. дае і значэнне ’крукі, завесы, на якіх трымаюцца дзверы’, якое магло быць зыходным для дадзенага слова. Ці не сюды ж балг. дыял. куша́к ’папярэчная перакладзіна ў старых дзвярах’, збліжанае, магчыма, з цюркізмам куша́к ’пояс’? Параўн. вушня́к (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клапата́ць ’рупліва, старанна займацца чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ’дакучаць, назаляць’ (Нас.). Укр. клопотати ’рупліва займацца чым-небудзь’, рус. клопотать ’тс’, польск. kłopotać ’дакучаць, назаляць’, чэш. klopotati ’надрывацца на рабоце’. Іншыя, мабыць, першасныя значэнні: чэш. klopotati, ’спяшацца, бегчы, калаціць’, славац. klopotať ’стукаць’, н.-луж. kłopotaś ’калаціць’, балг. клопотя ’грымець’, серб.-харв. клопо̀тати ’тс’, славен. klopotáti ’стукаць’, ст.-рус. клопотати ’шумець, грымець, стукаць, злавацца’. Геаграфія лексем і іх значэнняў сведчыць аб тым, што другаснае значэнне клапатаць, якое збераглося ў беларускай мове, ахоплівае арэал, што ўключае польскую, беларускую, украінскую і ў меншай меры рускую мовы (у апошняй — заходнюю частку арэала). Таму можна меркаваць аб польскай крыніцы. Пры гэтым пранікнуць мог назоўнік клопат, а вытворныя ад яго маглі ўзнікнуць на ўсходнеславянскай глебе незалежна ад польскай. З пункту погляду прамоўнай рэканструкцыі прасл. klopotati (як klokotati) як гукапераймальны дзеяслоў узнікла ад прасл. klopotъ < klop‑otъ < klopati (балг. клопам, серб.-харв. кло́пати, славен. klópati ’стукаць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́па ’вязка, пачак якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ). Ст.-бел. кипа ’тс’ (з 1593 г.) (Булыка, Запазыч., 154), ’сноп бобу’ (Сл. паўн.-зах.), ’лазовая аплётка для бутэлькі’ (Мат. Гом.). Магчыма, формы, якія выступаюць у першым і другім значэннях, амонімы рознага паходжання. Тады бел. кіпа ’вязка, пачак’, укр. кипа ’тс’ праз рус. кипа ’тс’ з с.-н.-ням. kip ’тс’ (гл. Фасмер, 2, 235). А кіпа ’сноп бобу’ з літ. kypà ’куча, частка капы’ (Сл. паўн.-зах., 463). Але літ. kypà само разглядаецца як запазычанне з рус. кипа (Фрэнкель, 255). Цікава разгледзець трэцяе значэнне, якое яўна паходзіць ад с.-н.-ням. kīpe ’плеценая карзіна’ (Клюге, 367). Нямецкая форма ў сваю чаргу з’яўляецца непасрэднай крыніцай літ. kýpas ’тс’. Сумненне выклікае рускае паходжанне літ. kypà ’частка капы’, паколькі рус. кипа не мае сельскагаспадарчага значэн ня. З іншага боку бел. кіпа ’сноп бобу’ цесна звязана з літоўскім. Гэта дае падставу разглядаць слова ў другім значэнні асобна як амонім іншага паходжання. Не выключана, што бел. кіпа < *kypa суадносіцца з купа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́шка1 ’частка стрававальнага апарата’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сл. паўн.-зах., Грыг., Бяльк., Яруш.). Укр. кишка, рус. кишка ’тс’, балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў пры прадзенні’, польск. kiszka ’кішка’, чэш. kyška ’тс’, палаб. tʼai̯sə (< *kyša) ’нырка’. Надзейнай этымалогіі не існуе. Ст.-інд. kósthaḥ ’вантробы’ не мае словаўтваральнага тлумачэння (ад і.-е. *(s)keu̯‑ ’пакрываць’). Гл. Бернекер, 679; Покарны, 951–953. Да іншага індаеўрапейскага архетыпа ўзводзіць прасл. kyšьka Янзен (ZfSIPh, 15, 49–60): і.-е. *keu̯ *kū‑s ’выпукласць’. Нельга лічыць таксама надзейным супастаўленне з прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць) (Брукнер, 231). Існуе магчымасць больш простай версіі. Балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў’, бясспрэчна, да киша ’слота, хлюпа’ (серб.-харв. кѝшати ’мачыць, размочваць’). Параўн. польск. kiszka ’кіслае малако’, чэш. kyška ’тс’. Гэта, магчыма, значыць, што старажытны чалавек меў некаторае ўяўленне пра наяўнасць брадзільных працэсаў у кішэчніку (параўн. Янзен, 59–60).

Кі́шка2 ’хамуціна’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). Параўн. кічка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лас1 (БРС, Бір., Шат., Касп., КТС). Рус., укр. во́лос, ст.-слав. власъ, польск. włos, в.-луж. włós, н.-луж. łos, каш. vłos, чэш., славац. vlas, серб.-харв. вла̑с, славен. lȃs, балг., макед. влас. Прасл. volsъ. Роднасныя авест. varəsa‑ ’волас чалавека або жывёліны, асабліва на галаве’, с.-перс. vars ’волас’, ст.-інд. válśaḥ ’галінка’, магчыма, грэч. οὖλος ’кучаравы’ або λάχνη, λάχνος ’воўна’, літ. valaĩ мн. л. ’валасы конскага хваста, вуда’, а таксама ст.-рус. володь ’волас’, ц.-слав. владь, рус. дыял. во́лоть ’ніць, волас’, бел. валотка ’колас, мяцёлка проса і г. д.’ (Траўтман, 340; Лідэн, Stud., 48; Фасмер, 1, 342; Махэк₂, 693; Шанскі, 1, В, 151).

Во́лас2 ’незажываючая рана’ (Мат. Гом., Інстр. II). Рус., укр. во́лос ’гнойны нарыў на пальцы’. Параўн. і чэш. živý vlas ’ніткавы чарвяк’. Да волас1. Па павер’ю ўсе гнойныя запаленні, язвы і нарывы ўзнікаюць ад вадзянога ніткаватага чарвяка, які быццам бы ўтварыўся з конскага воласа (Дабр.). Аб сувязі з воласам гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 52 і наст. Параўн. таксама валасень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́лець ’тлець’ (Янк. I; брагін., З нар. сл., 156; жыт., Мат. Гом.), ужале́ць, ужале́цца, ужа́ліцца ’упрэць, добра зварыцца’ (Юрч., Бяльк., Жд. 1; беш., Нар. сл., 97; полац., Вусн. інф. А. Я. Баханькова). Рус. сімб. жа́леть ’награвацца, брадзіць’, укр. бук. жа́літи ’псавацца (пра харчовыя прадукты)’. Параўн. жаліць ’пячы (пра крапіву)’. Памор. żaləc ’гарэць, тлець’, н.-луж. žalny ’палымнеючы, гарачы’. Выгонная (Бел.-польск. ізал., 22–27) упершыню звярнула ўвагу на гэтыя суадносіны, указвае на сувязь жалець ’тлець’ са ст.-польск. żal ’гарэнне’ і словамі тыпу жальня (гл.), жальнік ’могілкі’. Жаль (гл.) і пад. адносяцца да і.-е. *g​el‑ ’калоць’, ’боль, мука, смерць’; значэнне ’гарэць’ у яго і.-е. паралелях амаль не прадстаўлена (толькі лат. dzel̃t). Таму жа́лець ’тлець’, відаць, суадносіцца з жар (гл.); і.-е. коранем *g​her‑ (Покарны, 1, 495) і *g​hel‑. Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272; Куркіна, Этимология, 1981, 164; Бернштэйн, Чередования, 12; Пятлёва, Этимология, 1973, 44–47. Гл. жу́ляць, жу́раць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́стаўка ’птушка юрок, Fringilla montifringilla’ (рэч., Мат. Гом.). У іншых гаворках адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам не адзначана. Дакладны адпаведнік у рус. алан. калистовка ’птушка юрок’. Далей сюды ж алан. калистик ’тс’, пск., калист ’птушка бусел, Ciconia’, пецярб. ’ < ісопіа alba’. Статус бел. слова няясны; рус. лексема падтрымліваецца шэрагам паралелей і нельга выключыць магчымасці, што бел. слова трапіла з рус. гаворак. Адносна рус. можна выказаць меркаванне, што пск. лексема, магчыма, утворана з формы аист. Пры гэтым ‑л‑ перад ‑w‑ разумеецца як эпснтычны, ‑к‑ як нерэгулярная пратэза. Гэта меркаванне вельмі няпэўнае. Апрача таго, няясна, паводле якой матывацыі аб’яднаны назвай бусел і юрок. Не выключана, што тут іншамоўнае слова, і падобныя назвы гэтых птушак генетычна суадносяцца толькі на ўзроўні запазычання. Адносна бел. фіксацыі можна выказаць яшчэ і наступнае меркаванне. Калістаўка ’юрок’ падаецца як патэнцыяльна бел. слова ў інстр., П, пыт. 105: юрок. юр. вьюрок, калістаўка… Як відаць, форма вьюрок ужо не з’яўляецца ўласна беларускай; не выключана, што і калістаўка адлюстроўвае адпаведнае калистовка з вядомай працы Мензбіра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)