Салама́ха ’від стравы з мукі накшталт густога кісялю’ (Нас., Пал., Гарэц., Шн. 3., Чачот), ’страва’, ’чарнічнае варэнне’ (Мат. Гом.), ’мучны раствор для прапітвання асновы’ (Влад.), солома́ха ’яечня; зацірка’ (Сл. Брэс.). Укр. солома́ха ’рэдкае цеста (пераважна грачышчае) закіпячонае з маслам’, ’страва з хлеба і тоўчанага часнаку’, польск. (XVII ст.) sałamacha ’страва з размолатых круп’ (“так гавораць татары” — Брукнер, 480), рус. салама́та ’саламаха, рэдкая каша’, паўн. салома́т, салама́та і да т. п., сіб. солома́ть, салама́ть ’аўсяная крупа, падсмажаная на сале’, укр. салама́та ’каша’ (Гогаль). Няясна. Звязваюць з са́ла (Праабражэнскі, 2, 247) і з со́лад, гл. Праабражэнскі, там жа; Сабалеўскі, РФВ, 66, 348 і наст.; RS, 5, 265, які лічыць, што ў словаўтваральных адносінах слова аналагічна ст.-рус. косматъ. Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 184 выводзіць з паўн.-цюрк. solomat, якое, на думку Фасмера, 3, 549, хутчэй само запазычана з рус. Іншую літ-py гл. Фасмер, там жа. Магчыма, што бел. і ўкр. саламаха, соломаха з’явілася вынікам кантамінацыі саломата, саламата, саладуха, солодуха (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)