Суту́лы ’пахілы, згорблены’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ’магутны’ (Вруб.), сюды ж су́тулаваты, сутулава́сты, суту́лісты ’прыгорблены’ (Сл. ПЗБ); укр. суту́лий, рус. суту́лый ’тс’. Утворана пры дапамозе прыст. су- ад асновы тул‑, параўн. тулава, туліцца, гл. Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485. Значэнне ’магутны’, відаць, на базе ’прысадзісты, каржакаваты’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скаўрэ́лы ‘закарэлы, заскарузлы’ (Касп.). Як відаць з ілюстрацыі не купляй скаўрэлага парасёнка, гутарка, відавочна, ідзе не толькі аб закарэлым, але і аб худым, хілым парасяці. У такім выпадку тут, магчыма, кантамінацыя карэлы (гл.) і чаўрэ́ць ‘станавіцца хілым, вянуць, сохнуць’ (гл.), што дае *скаўрэць, якое ўтворана з прыст. с‑ ад кара́ (гл.) г. зн. ‘пакрыцца карой’, перан. ‘захірэць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́ручыць (БРС, Бяльк., Яруш.). Рус. вы́ручить, укр. ви́ручити. Ст.-рус. вытворнае з прыст. вы‑ ад згубленага ручити ’паручыцца’, якое ад рука (Сразнеўскі, 3, 200). Булахоўскі (Деэтимологизация, 187) лічыць, што зыходным быў вобраз ’падаць руку выратавання’. Значэнне ’выручыць грошы’ ўзнікла лексіка-семантычным спосабам на базе першага значэння і, як лічыць Булахоўскі (там жа), праз прамежкавае прадстаўленне ’выратавацца ад страты’ (Шанскі, 1, В, 231).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сукро́мна ’скрытна, хаваючыся’ (Сцяшк.), ’тайком’ (Адм.). Укр. сукро́мий ’асобны’, чэш. soukromý ’прыватны, адасоблены’, славац. súkromný ’тс’. З іншай прыст. рус. укро́мно, укро́мный, рус.-ц.-слав. укромъ ’край, рубеж’, укромьнъ ’крайні’ (Кірыла Тураўскі). Дэрываты ад прасл. *kroma ’частка, край’ (гл. кром 2); гл. яшчэ Фасмер, 4, 157. Інакш Борысь (Prefiks., 120), які прасл. *sǫkromъ разглядае як дэрыват, суадносны з дзеясловам *sǫkromiti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Супо́лка ’аб’яднанне людзей, злучаных агульнымі мэтамі, умовамі, задачамі; арганізацыя, таварыства’ (ТСБМ, Ласт., Варл.), ’сумесная работа’ (Сцяшк.), ’група людзей за супольнай работай’ (ваўк., Сл. ПЗБ), су́палка ’тс’ (Гарэц.). У іншых славянскіх мовах з прыст. с‑/s‑: укр. спі́лка, польск. spółka, в.-луж. społk, чэш. spolek, славац. spolok. Борысь (570) выводзіць з прыслоўя społu, якое да прасл. *sъ polu ’з (сумесна) паловай’ (гл. палова, супольны).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́падак 1 (БРС, Шат.), выпа́дак (Нас., Гарэц., КЭС, лаг.). Рус. вы́падок ’ападкі’, укр. ви́падок ’выпадак’, польск. wypadek, в.-луж. wupadk ’тс’. У бел. запазычанне з польск., дзе, відавочна, калька ням. Ausfall (параўн. Брукнер, 390). Змяненне націску ў форме вы́падак пад уплывам іншых дэрыватаў з прыст. вы‑.
*Вы́падак 2, вы́пыдык ’хвароба ў коней, выпадзенне поўсці’ (Бяльк.). Рус. дыял. выпадок ’хвароба’. Да выпада́ць з суф. ‑ак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Самарда́к ’удар па твары’, ’хвароба ў роце, калі баляць сківіцы’, ’пахмурны, упарты, маўклівы чалавек’, ’упартасць, маўклівасць’ (ТСБМ), самурда́ка ’ўпартасць, маўклівасць’ (Касп.), самарды́ка ’нягодніца’ (Мат. Гом.). Улічваючы пераважна ўсходнюю лакалізацыю гэтых лексем, магчыма выдзеліць прыст. са‑, якая тут часта ўжываецца замест з‑, с‑; тады да морда (гл.), асабліва параўн. разважанні аб роднасці ўсх.-слав. морда і славен. mrd ’грымаса’. Адсюль першаснае значэнне, відаць, было ’чалавек з выразам, грымасай незадаволенасці’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Су́кравіца ’жаўтаватая вадкасць з дамешкай крыві’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ’кроў з раны з вадой’ (Варл.), ’крывяныя гнойныя выдзяленні’ (Сл. ПЗБ), су́кравіца ’тс’ (ТС). Укр. су́кровиця, рус. су́кровица, польск. sukrwica, чэш. дыял. súkrvica, славац. súkrvica, серб.-харв. sùkrvica, балг. сукъ́рвица, дыял. су́карвица, макед. сукрвица. Прасл. *sǫ‑krьv‑ica, дэрыват з прыст. *sǫ‑ ад *kry, krъve ’кроў’. Гл. Махэк₂, 292; Борысь, Prefiks., 122; ЕСУМ, 5, 471.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Панара́д ’каркас, аснова калёс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’ткацкі станок’ (Мат. Гом., Нар. сл.), ’поўны камплект колаў’ (Інстр. I), ’другарадныя часткі бота: сцелькі, заднікі і інш.’ (Гарэц.), ’усе ткацкія прылады’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II), понара́д ’тс’ (Влад.), панаро́д ’калёсы з драбінамі; матэрыял на ніз ботаў’ (Др.-Падб.). Беларускі рэгіяналізм. Утворана пры дапамозе прыст. па‑ ад нарад (гл.) або як бязафіксны дэрыват ад *панарадзіць < нарадзіць (гл.); далей да рад. У інш. слав. мовах з іншымі прыстаўкамі: рус. снаря́д ’снасць, прылады’, чэш. nářadí ’прылады’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прарадзі́ма ’самае старажытнае, першапачатковае месца пражывання таго ці іншага племені, народа, той ці іншай пароды жывёл і пад.’ (ТСБМ). Рус. праро́дина, польск. praojczyzna ’тс’ і да т. п. З пра- і радзіма. Паводле Борыся (Prefiks., 86), словы гэтага словаўтваральнага тыпу з’явіліся ў XIX ст. у якасці навуковых тэрмінаў першапачаткова ў польскай і чэшскай мовах як калькі ням. слоў з прыст. ur‑ (напр., Urheimat ’прарадзіма’, Urwald ’пралес, старажытны запаведны лес’), а потым распаўсюдзіліся ва ўсходнеславянскія мовы. Борысь (там жа) нават бачыць тут новую функцыю славянскай прыстаўкі *pra‑ пад уплывам ням. ur‑ і лац. prae‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)