пацяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забаўляцца, весяліцца. Болей за ўсіх пацяшаліся дзеці: Коўзаліся па бліскучым паркеце. Панчанка. Настаўнікі былі ў такім прыўзнятым настроі, што пацяшаліся словамі песні і крыўляннем Янкі Тукалы. Колас.

2. Здзекавацца, смяяцца, кпіць з каго‑, чаго‑н. Натоўп рагатаў, пацяшаўся з Каруся і цёткі Магды. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бусава́ць ’п’янстваваць, дэбашырыць’, буса́ць ’бурна весяліцца, п’янстваваць’ (Бяльк., Нас.). Сюды ж і буса́йла ’дзёрзкі гарэза; гуляка’ (Гарэц., Нас.). Рус. бу́са́ть ’піць, п’янстваваць’, бусо́й, бу́сый ’п’яны’; слова з мовы афеней (СРНГ, 3, 301). Лічыцца запазычаннем з с.-н.-ням. būsen ’тс’, с.-в.-ням. bûsen. Фасмер, 1, 251.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піску́ха ’(скаромны) абрад, вячэра перад Вадохрышчам’ (лельч., гом., Мат. Гом.). Да пі́скаць, піск (гл.). Матывацыя наймення няясная. Магчыма, калька літ. raudìnė ’малітва за памерлых з плачам і галашэннем’, raudà, raudãvimas ’плач, плач з галашэннем’, якое Лаўчутэ (Балто-слав. этнояз. отношения, 30) лічыць крыніцай бел. радуніца (радаўніца) ’дзень памінання памерлых, дзяды’; калькаваная назва ўтворана, каб пазбегнуць асацыяцый з ра́ды, ра́даваццавесяліцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляса́ць ’мігцець, ззяць, зіхацець (пра зоркі)’: пля́шуць, бле́шуть, бля́шуть (зоры) (ЛА, 2), небо зорка, зоры аж пляшуць (ТС), сюды ж плясава́ць ’скакаць (у танцы)’ (Жд. 2), ’танцаваць’ (Касп.). Рус. пляса́ть ’радавацца, танцаваць’, польск. pląsać ’танцаваць’, палаб. ǫ́săt, чэш. plesati, славац. plešať, славен. plé̥sati ’танцаваць, весяліцца’, серб.-харв. плѐсати ’тс’, ’трыумфаваць’, балг. дыял. пле́ша. Прасл. *plęsati, роднаснае літ. plẽšti ’танцаваць, весяліцца, трыумфаваць’, plęšti ’шумець, бушаваць’, ст.-літ. pląšti ’шумець, шалясцець’ (Фасмер, 3, 291–292), аднак балтаславянскае паходжанне слова застаецца няясным (Бязлай, 3, 54). Скок (2, 681) выводзіць слав. лексему з прэтэрыта plęsā < і.-е. *plet‑ ’таптаць, працаваць нагамі’, гл. пляскаць, плоскі. Мяркуецца, што зыходнай магла быць аснова, прадстаўленая ў *pleskati, гл. пляскаць, у назалізаванай форме (Брукнер, 417; ESJSt, 11, 659), што адлюстроўвае старажытныя абрадавыя дзеянні (Куркіна, Славяноведение, 1996, 1, 7–14). Беларускія формы ў значэнні ’мігцець’ дэманструюць блізкасць да бліскаць (гл.), а ў значэнні ’танцаваць, скакаць’ — уплыў рус. плясать (Булахаў, Развіццё, 10). Сюды ж: плясу́н ’танцор’, плясу́ньня ’танцорка’ (Бяльк.), плясуха ’тс’ (Нар. Гом.) і ’сыракваша’ (рэч., Мат. Гом.), апошняе, магчыма, звязана з семантыкай балтыйскіх дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гуля́ць ’гуляць’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), ’танцаваць’ (Сцяшк.), ’гуляць, забаўляцца; танцаваць; бяздзейнічаць’ (Шат.), ’сваволіць (аб дзецях)’ (Жд. 2). Слаўскі (1, 433–434) лічыць польск. hulać запазычаннем з укр. мовы. Адносна этымалогіі слова ён мяркуе, што, магчыма, у аснове ляжыць выклічнік hu‑la!, hul! Іншыя версіі, паводле Слаўскага, не пераконваюць. Падрабязны агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 171–172. Паводле Трубачова, прасл. *gulʼati звязана з дзеясловам *guliti, які сярод іншых мае значэнне ’весяліцца, жартаваць і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Адзначаць, спраўляць свята (у 1 знач.); урачыста адзначаць якую‑н. падзею, які‑н. знамянальны дзень. Святкаваць Новы год. □ Набліжалася свята Кастрычніка. Кожны ўспамінаў, як ён летась святкаваў гэты дзень у сябе дома, як маці вешала чыстыя фіранкі, засцілала накрухмалены кужэльны абрус, пякла смачныя пірагі. Грахоўскі. У Мядзведзічах святкавалі зімняга Міколу. Крапіва. // Арганізоўваць банкет і пад., весяліцца з прычыны якой‑н. падзеі. [Максім:] — Праўда, святкаваць наваселле думаў крыху пазней, калі ў хаце ўсё да ладу будзе прыведзена. Шамякін.

•••

Святкаваць перамогу — браць верх над кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Спраўляць баль; удзельнічаць у балі. Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак. Чарот. // Разм. Сабраўшыся кампаніяй, выпіваць, весяліцца. Карчма стаяла пры вялікай дарозе. У базарныя дні тут да раніцы балявалі мужыкі з далёкіх вёсак. Асіпенка.

2. Разм. Весці разгульнае жыццё ў папойках. Гаспадары маёнтка тыднямі балявалі ў Варшаве і Брэсце, не думаючы ні пра бядоту тутэйшых сялян, ні пра сваіх парабкаў. «Полымя».

3. перан. Пагард. Чыніць нястрымны разгул, спраўляць перамогу над кім‑н. (пра сілы вайны, рэакцыі). / у перан. ужыв. І здаецца тады, што кружыць, гуляе, балюе на балоце нячыстая сіла. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зало́ўка, залві́ца, дыял. заві́ца ’мужава сястра’. Рус. золо́вка ’тс’, дыял. ’жонка брата’, зо́лва, зо́лвица ’тс’, укр. зови́ця ’мужава сястра’, польск. дыял. zołwica, załwica, чэш., славак. zolvica, славен. zȃłva, zȃlvica, серб.-харв. за̏ова, за̏овица, балг. зъ̀лва ’тс’, дыял. ’дзяўчына, што спявае на вяселлі з боку жаніха’, макед. золва. Ст.-рус. золовка (XVII ст.). Прасл. zъlъva (zъly). Грэч. гамер. *γάλωϜος ’мужава сястра’, лац. glōs ’мужава сястра’, ’братава жонка’. І.‑е. *gʼ(e)lōu̯‑ ’мужава сястра’. Далейшая этымалогія няясная. Аскалі (KZ, 12, 319–321) выводзіў з *gel‑весяліцца, усміхацца’, але гэта няпэўна. Бел. формы — ст.-рус. ці прасл. пашырэнне прасл. памянш. суфіксамі ‑ка, ‑іца. Фасмер, 2, 103; Шанскі, 2, З, 105; Копечны, Zákl. zásoba, 431; Траўтман, 373; Покарны, 1, 367–368; Трубачоў, История терм., 136–137; Шаўр, Etymologie, 63; Лаўроўскі, Назв. родства. 73–77; Панюціч, Лексіка нар. гаворак, 1975, 49–50; Паўленка, Нарысы па бел. словаўтв., 1978, 51.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей).

Г. з катом.

Г. у жмуркі.

Дзеці гуляюць у кубікі.

Зробіш урокі — можаш г.

2. Хадзіць адпачываючы; прагульвацца.

Г. у парку.

3. у што. Праводзіць час за якім-н. спартыўным заняткам.

Г. у футбол.

4. перан. Перамяшчацца ў розных напрамках; распаўсюджвацца.

Па хаце гуляе вецер.

За акном гуляе завіруха.

Па твары гуляла ўсмешка.

5. Мець выхадны дзень, не працаваць.

Г. цэлы дзень.

6. Быць свабодным, незанятым (пра зямлю, рэчы і пад.).

Агарод гуляе.

7. Весяліцца (з танцамі, песнямі, музыкай).

Г. да ночы.

Г. вяселле.

8. з кім. Быць у блізкіх адносінах; любіцца (разм.).

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць у маўчанку (разм., неадабр.) — ухіляцца ад размовы.

|| зак. пагуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і згуля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е (да 3 знач.).

|| аднакр. гульну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 7 знач.).

|| наз. гульня́, -і́, ж. (да 1 знач.) і гуля́нне, -я, н. (да 1, 2, 5 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)