Пляса́ць ’мігцець, ззяць, зіхацець (пра зоркі)’: пля́шуць, бле́шуть, бля́шуть (зоры) (ЛА, 2), небо зорка, зоры аж пляшуць (ТС), сюды ж плясава́ць ’скакаць (у танцы)’ (Жд. 2), ’танцаваць’ (Касп.). Рус. пляса́ть ’радавацца, танцаваць’, польск. pląsać ’танцаваць’, палаб. pľǫ́săt, чэш. plesati, славац. plešať, славен. plé̥sati ’танцаваць, весяліцца’, серб.-харв. плѐсати ’тс’, ’трыумфаваць’, балг. дыял. пле́ша. Прасл. *plęsati, роднаснае літ. plẽšti ’танцаваць, весяліцца, трыумфаваць’, plęšti ’шумець, бушаваць’, ст.-літ. pląšti ’шумець, шалясцець’ (Фасмер, 3, 291–292), аднак балтаславянскае паходжанне слова застаецца няясным (Бязлай, 3, 54). Скок (2, 681) выводзіць слав. лексему з прэтэрыта plęsā < і.-е. *plet‑ ’таптаць, працаваць нагамі’, гл. пляскаць, плоскі. Мяркуецца, што зыходнай магла быць аснова, прадстаўленая ў *pleskati, гл. пляскаць, у назалізаванай форме (Брукнер, 417; ESJSt, 11, 659), што адлюстроўвае старажытныя абрадавыя дзеянні (Куркіна, Славяноведение, 1996, 1, 7–14). Беларускія формы ў значэнні ’мігцець’ дэманструюць блізкасць да бліскаць (гл.), а ў значэнні ’танцаваць, скакаць’ — уплыў рус. плясать (Булахаў, Развіццё, 10). Сюды ж: плясу́н ’танцор’, плясу́ньня ’танцорка’ (Бяльк.), плясуха ’тс’ (Нар. Гом.) і ’сыракваша’ (рэч., Мат. Гом.), апошняе, магчыма, звязана з семантыкай балтыйскіх дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)