спало́ханы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалохаць.

2. у знач. прым. Ахоплены страхам, жудасцю. Раптам у.. [Выжлятніка] з-пад ног пырхнулі два спалоханыя шпакі. Пташнікаў. Спалоханая маці прыціснула малога да грудзей. Корбан. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў руку [Ірыны]. Лынькоў. // Які выяўляе спалох. За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпт. Скрыган. У чырвонаармейца быў спалоханы від. Бядуля. Жанчына глядзіць проста перад сабою. Гэта тая самая, што мы бачылі ў гарадскім садзе, з вялікімі спалоханымі вачыма. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

травяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца травою, складаецца з травы. Травяністыя расліны. □ Жыта ўрадзіла рэдкае і травяністае. Сяркоў.

2. Які зарос травою. Крокаў за сто трапіўся травяністы грудок. Місько. Позірк .. [Сабіны] прабягае па травяністых дарожках — то да хлява, да павеці, то да закінутага ля плота старога паграбка з чорным, праселым падстрэшкам. Ракітны.

3. Па выгляду, па будове падобны да травы. Травяністая папараць.

4. перан. Па смаку падобны да травы; нясмачны. Травяністы чай.

5. Састаўная частка некаторых батанічных назваў. Травяністая бягонія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарфо́равы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фарфору. Фарфоравая маса. Фарфоравы завод. Фарфоравая прамысловасць. // Зроблены з фарфору. Фрау важна сядзела за сталом і лена папівала каву з маленькага фарфоравага кубачка. Брыль. Побач стаяла попельніца — фарфоравы заяц, які грызе капусны ліст. Карпаў.

2. Падобны па свайму выгляду або па якасцях да фарфору. Як не хацеў дзед, каб яны пераязджалі ў горад. Ён і памёр, каб не пакідаць гор, цяністага могільніка і сіняга, фарфоравага неба над галавой. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Піску́ха ’(скаромны) абрад, вячэра перад Вадохрышчам’ (лельч., гом., Мат. Гом.). Да пі́скаць, піск (гл.). Матывацыя наймення няясная. Магчыма, калька літ. raudìnė ’малітва за памерлых з плачам і галашэннем’, raudà, raudãvimas ’плач, плач з галашэннем’, якое Лаўчутэ (Балто-слав. этнояз. отношения, 30) лічыць крыніцай бел. радуніца (радаўніца) ’дзень памінання памерлых, дзяды’; калькаваная назва ўтворана, каб пазбегнуць асацыяцый з ра́ды, ра́давацца ’весяліцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Супо́лка ’аб’яднанне людзей, злучаных агульнымі мэтамі, умовамі, задачамі; арганізацыя, таварыства’ (ТСБМ, Ласт., Варл.), ’сумесная работа’ (Сцяшк.), ’група людзей за супольнай работай’ (ваўк., Сл. ПЗБ), су́палка ’тс’ (Гарэц.). У іншых славянскіх мовах з прыст. с‑/s‑: укр. спі́лка, польск. spółka, в.-луж. społk, чэш. spolek, славац. spolok. Борысь (570) выводзіць з прыслоўя społu, якое да прасл. *sъ poluз (сумесна) паловай’ (гл. палова, супольны).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лік, та́лька ’гестка, какетка’ (Лекс. Бел. Палесся), то́лька ’жаночая вопратка кароткага памеру з самаробнага сукна’ (Ян.). Параўн. польск. дыял. talik ’невялікі кавалак поля, адрэзаны папярок вузкага загону’, tal ’тс’ (Варш. сл.), што, магчыма, ад ням. Theil ’частка’, параўн. Брукнер, 564. Аднак, верагодней за ўсё, звязана з талія1 (гл.) з семантыкай ’адрэзаная частка’, параўн. іншую назву перарэ́з ’гестка’ (Лекс. Бел. Палесся).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́так, ‑тка, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.

2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.

•••

Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.

[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Драбі́ць ’драбіць’ (БРС, Сл. паўн.-зах.). Рус. дроби́ть, укр. дроби́ти, польск. drobić, чэш. drobiti, балг. дробя́, ст.-слав. дробити. Прасл. *drobiti ’драбіць і да т. п.’ Лічыцца роднасным з гоц. gadraban ’выдоўбваць, высякаць’. Фасмер, 1, 539; Бернекер 1, 226; Трубачоў, Эт. сл., 5, 119. Слаўскі, 1, 166 (услед за Махэкам) непераканаўча звязвае слав. слова з літ. trapùs ’ломкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праману́ць1 ’баднуць, укалоць рагамі’ (ваўк., Сл. ПЗБ). З літ. praniauti ’пракалоць’ (Грынавяцкене, там жа).

Праману́ць2 ’панадзіцца, узяць за моду’ (слонім., Нар. словатв.), прамяніць ’прывыкаць’ (Грынавяцкене і інш., LKK, 16. 186), прамацацца ’панадзіцца’ (шальч., Сл. ПЗБ). прамакаць ’тс’ (астрав., Сл. ПЗБ). З літ. pra(si)manyti ’выдумаць, надумаць’ < manyti ’думаць, меркаваць, мець намер’: гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 71.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́сесць (prósiść) ’месца ў кроснах, дзе палатно мяжуецца з ніткамі’ (Варл.), ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (мін., Шатал.), про́сець (петр., Шатал.). Паводле Раманавай (Наим., 121), першапачатковая мера палатна, параўн. рус. про́шесть, была збліжана з дзеясловам сесть ’сесці’, г. зн. ’тое, што можна зрабіць за адзін прысест, не адрываючыся’. Сумнеўна. Гл. прасесць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)