Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъlisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leisleisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліст1 ’орган расліны’, ’лісце’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Бяльк., Касп., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лісць ’лісце’ (Нар. Гом., Яруш.), лі́сце ’тс’ (ТСБМ, Кл., Бес., Бяльк., Сцяшк.), лісцейко, лісціка, лістейка ’тс’ (Нас., Кл., Растарг.), лацінка, лісціна ’асобны ліст’ (Бяльк., Нас., ТС; полац., Нар. лекс.), ’ліст капусты’ (Жд. I; в.-дзв., Шатал.), лісток, лісцік (Яруш., Бяльк., Нас., Шат., ТСБМ); лістам слаць ’дагаджаць, красамоўна гаварыць’ (Ян.). Укр., рус. лист, польск., н.- і в.-луж., чэш., славац. list, палаб. lai̯st, славен. lȋst, серб.-харв. ли̑ст, макед. лист, listu, балг. лист, листът, ст.-слав. листъ. Прасл. listъ ’ліст расліны’. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. laĩškas ’ліст дрэва, капусты’, лат. laiska ’лісток ільну’, laikse ’гарлачык белы, Nymphaea alba L.’, ст.-прус. lāiskas ’кніга’ — усе да праформы *laiska‑ (< і.-е. *lisk‑to, гл. Скок, 2, 307), якая фанетычна разыходзіцца з прасл. праформай *leistu‑. Такое чаргаванне зычных у слав. і балт. словах, аднак, з’яўляецца рэгулярным, параўн. прасл. bṛzъ/bṛzdъбалт. brzgъ ’хуткі’, літ. burzdùs/burzgùs ’жвавы’. Мартынаў (Слав. акком., 68) адрозненне ў суфіксацыі слав. (‑to‑) і балт. (‑ko) тлумачыць змешваннем і на карысць . Педэрсэн (IF, 5, 79) прабалт. лексему спрабуе рэканструяваць як *laištkas. Іншыя індаеўрапейскія адпаведнікі не знойдзены. Больш падрабязна гл. Слаўскі, 4, 282; Фасмер, 2, 500–501; Скок, 2, 307–308; Бязлай, 2, 144. Махэк 2 (335) звязвае балт. і слав. лексемы праз зборнае слав. listvьje < lisk ‑tvьje. Сюды ж ліст ’бляхі, на якіх пякуць піражкі, мяса’ < ліст ’ліст капусты, дуба, на якім пякуць хлеб’; ліставы, лісцвянны, лісцёвы, лісцясты, лісцвячы, лісцявы (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Сцяшк., ветк., Мат. Гом.).

Ліст2 ’тонкі пласт матэрыялу (паперы, металу, фанеры)’, ’допіс’, ’афіцыйная папера, дакумент’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Мал., Касп., Шат., Бяльк.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. листъ ’грамата’. Запазычана са ст.-польск. list ’тс’, якое да ліст1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нябо́га ’небарака, бедалага, няшчасны’ (Шпіл., Мядзв., Яруш., Булг., Бяльк.), нэбо́га ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), нябо́га — звычайна ў звароце ’прыяцель, голуб, даражэнькі, шаноўны’ (Нас., Мал., Касп.), нябо́га, небо́га, нібо́га ’пляменніца’ (парыце Янк. Мат.; пухав., Сл. ЦРБ; Сцяшк., Янк. 1, Чуд.; ст.-дар., Нар. сл.; петрык., Шатал.; браг., рэч., Мат. Гом.; мазыр., З нар. сл.; Сл. Брэс., ТС), нябожа ’тс’ (хойн., Шатал.), сюды ж небо́ж, мн. небожа́та ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (Федар., Пятк., ТС), нябо́ж, небож ’тс’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’пляменнік’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Чуд., Мат. Маг., парыц., Янк. Мат.; Янк. 1, Ян.; браг., Мат. Гом.; лельч., Нар. лекс.; мазыр., хойн., Шатал.), нябо́г ’тс’ (петрык., Шатал.), ні́бог, ні́бож — у іранічным звароце ’шаноўны, даражэнькі’ (Нас.), небажа́ — пагрозлівы зварот да няпоўналетніх (Нас.), нябо́гая ’нявестка’ (пруж., Сл. Брэс.), укр. небо́га ’пляменніца; небарака, галубка’, небі́ж ’пляменнік; небарака, бядак’, небожа́ ’пляменнік, пляменніца’, небожата ’мілыя, родныя, галубкі’, польск. nieboga ’бедная, няшчасная жанчына; нябошчыца’, nieboże ’небарак, бядак’, славен. nebore (< *nebože) ’тс’; у іншых славянскіх мовах пераважна ў форме прыметнікаў параўн. рус. небогий ’бедны’, чэш. nebohý ’бедны, убогі, мізэрны’, славац. nebok, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’, серб.-харв. нѐбог, дыял. nebȍh ’убогі, бедны’. Прасл. *ne‑bogъ, дзе другая частка *bogъ ’доля, частка’, параўн. багаты (гл.); тыпалагічная паралель — нядо́ля ’няўдалы, няздатны (пра чалавека)’ (Сцяшк.), першасная матывацыя, магчыма, у пруж. нябо́гая ’нявестка’, г. зн. ’якая не мае сваёй долі, часткі (багацця)’, аналагічна убо́га ’нявестка’ ад убогі ’бедны, няшчасны; абяздолены’ (гл.). Усходнеславянскае значэнне ’пляменніца’, відаць, адлюстроўвае нейкую старажытную маёмасную непаўнацэннасць дачкі брата або сястры ў старым патрыярхальным ладзе. Гл. Махэк₂, 393; Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 201; Трубачоў, Этимология–1965, 27; Іванаў, Тапароў, Слав. языкозн., 8, 236; Слаўскі, Зб. Геаргіеву, 388.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанікжаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац. хамлак (гл. падрабязней пад калмык).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сам ’сам, ніхто іншы’, у знач. наз. ’гаспадар, кіраўнік і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’адзін, адзінокі’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), са́мы займ. ’той, ніхто іншы’, ’іменна такі, які патрэбен, падыходзіць (самая пара)’, ’той, што мае вышэйшую ступень якасці (самы вясёлы)’ (ТСБМ, Бяльк.), са́му, саму́ ’адзін, адзінокі’ (ТС), са́мо, са́ме ’толькі, як раз’, са́міе ’самі’ (Ян.), саме́нко, саме́нты ’якраз’ (Мат. Гом.). Сама‑ — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае накіраванасць, здзяйсненне, працяканне дзеяння і інш.: самасе́й (да сеяць), самапа́сам ’самастойна, без нагляду’ (да пасці), самату́жкі ’маленькія санкі’ (да тужыцца), самакі́ша ’прастакваша’ (да кіснуць), самахоць ’па сваёй волі’ (да хацець) і інш. Агульнаславянскае; рус. сам ’сам; адзін’, укр. сам, са́мий ’тс’, стараж.-рус., ст.-слав. самъ, польск., в.-луж., н.-луж. sam, каш. som, чэш., славац. sám, серб.-харв. sȃm, славен. sȃm, балг., макед. сам ’сам’, ’адзін, адзінокі’. Прасл. *samъ, *sama, *samo. Паралелі ў ст.-інд. samás ’роўны, адзінкавы’, авесц. hama‑, hāma‑, ст.-пярс. hama‑ ’роўны, той жа самы’, гоц. sama ’той жа самы’, ст.-в.-ням. samo, ст.-англ. same, ст.-ісл. sómr ’падыходзячы, належачы’ і г. д., гл. Траўтман, 273; Торп, 432; Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 552; Сной₁, 553; усе ад і.-е. кораня somo/semo < і.-е. *sem ’адзін’. Трубачоў, Этимология–1965, 23, 65, падкрэсліваючы незалежнасць ужывання займеннікавага элемента ў славянскім і іранскім, лічыць, што авесц. hāmō не падцвярджае агульнасць інавацыйнага падоўжання ў гэтых мовах. Даўжыня галоснага ў славянскім слове паводле Махэка₂, 537 мае экспрэсіўны характар. Гл. яшчэ БЕР, 6, 453 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1266; Борысь, 538. Сюды ж прым. самаві́ты ’разумны’ (Нас., ТС), ’самастойны’ (Ян.), ’мажны, дзябёлы’, ’паважны, салідны’ (ТСБМ), самава́ць ’садзіцца на гак, шараваць плытам па гаку’ (навагр., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скара́ч ‘ручнік (з доўгімі махрамі)’ (ТСБМ; гродз., Шн. 1; Выг., Сл. Брэс.), ‘ручнік з апошняга куска палатна, якое выткана на канцах з “анучамі”’, г. зн. з ніткамі, якія недатканыя і звіваюцца ў шнуркі (гродз., Шн. 3; Сл. Брэс., Уладз.; астрав., смарг., воран., навагр., іўеў., лід., трак., шальч., Сл. ПЗБ), ‘кухонны ручнік, брудная ануча’ (трак., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк., Інстр. 1), ‘абрус’ (Жд. 1, Скарбы), ‘абрус, якім накрываюць хлебную дзяжу’ (Жд. 2), ‘тоўстае палатно’ (Кольб.), сюды ж перан. ‘брудны чалавек; хто выпэцканы’ (шчуч., трак., свісл., Сл. ПЗБ), скара́чка ‘кужэльны ручнік’ (Сцяшк. Сл.), скара́чык памянш. (ваўк., Сл. ПЗБ); слова вядома яшчэ ў пагранічных польскіх гаворках: skaracz ‘ручнік з кутасамі на канцах’, skarińis ‘такі ручнік, ануча, кухонны ручнік’. Хутчэй за ўсё, літуанізм. Урбуціс (Baltistica, VI (2), 152) узводзіць да літ. дыял. skarínis (skarinys) ‘ручнік’ з субстытуцыяй суф. ‑ínis (‑inys) слав. ‑ач або да skarõčius ‘ручнік, сурвэтка’. Аднак Лаўчутэ (Балтизмы, 38) дапускае магчымасць адваротнага запазычання skarõčius з беларускай у літоўскую і ў гэтым выпадку імавернай крыніцай запазычання лічыць літ. skarà ‘вялікая хустка’. Аналагічна Цыхун, Лекс. балтызмы, 53. Да лінгвагеаграфіі гл. яшчэ Непакупны (Связи, 195), які бачыць працяг слова ў палескай форме з метатэзай роска́ч ‘тс’ (хутчэй, да ра́сы ‘махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), гл. раса2). У сувязі з недастатковай аргументаванасцю балтыйскай этымалогіі цікавымі падаюцца спробы звязаць слова з серб.-харв. дыял. škora ‘вузел, пятля’, skȍrak ‘тс’, польск. дыял. skory ‘вузлікі на моцна скручаным шнурку’, што паводле асноўнай прыкметы ‘апошні кавалак палатна з заплеценымі ў вузлы канцамі асновы’ дазваляе рэканструяваць зыходнае *skora ‘вузялок, пятля’, што да і.-е. *sker‑ ‘круціць, скручваць’, якое можна разглядаць як раннюю праславянскую інавацыю, выцесненую амонімам *skora ‘кара, шалупайка, шкарлупа, скура’, гл. скорка (Борысь, Czak. stud., 83–85). У народнай мове захоўваецца сувязь з скара́ць ‘пакараць’, паколькі скарачом каралі малых дзяцей за непаслухмянасць (Цых.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. strecken ‘расцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стру́га1 ‘вельмі грузкая даліна, балоціна’ (ТС), ‘дрыгва’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.; бяроз., ст.-дар., Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.; ЛА, 5), ‘рукаў ракі’ (ЭШ, рук.), ‘затока’ (бярэз., Сл. ПЗБ), струга́ ‘гразкае балота’ (ст.-дар., Нар. сл.), ‘месца на балоце, зверху зацягнутае травой’ (люб., Бел. дыял.), ‘ручай, струмень’: пот ліецца стругою (беласт. Ніва, 1973, 23 верас.), ‘самы шпаркі і глыбокі праток вады ў рацэ’ (Ласт.), зах.-палес. стру́га ‘мокрае месца, зарослае хмызняком’, ‘балоцістая мясціна’ (Сл. Брэс.), ‘невялікая рэчка’ (Мат. Гом.), ‘невялікае цячэнне на балоце’, усх.-палес. стру́жка ‘старое зарослае русла ракі’ (Талстой, Геогр., 194–195), ст.-бел. струга ‘струмень, ручай’. Укр. стру́га ‘ручай; струмень’, паўн.-рус., наўг., курск. стру́га ‘глыбокае месца, лужа, якая застаецца летам ад амаль перасохлай рэчкі’, вялікалук. истру́га ‘частка старога рэчышча’, стараж.-рус. струга ‘цячэнне’, польск. struga ‘струмень, цячэнне’, в.-луж. truha ‘ручай’, н.-луж. tšuga ‘тс’, чэш. strouha ‘жолаб, канава’, славац. struha ‘тс’, славен. strúga ‘русла, рукаў ракі’, ст.-слав. строуга ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struga, дэрыват з суф. ‑ga ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’; ‑t‑ устаўное, звязана з струя, востраў, гл. Гл. Борысь, 582; Махэк₂, 583; Шустар-Шэўц, 1549; Міклашыч, 318. Генетычна роднасныя лат. straũga ‘нізкае месца, дзе можна праваліцца’, struga ‘балота’, stūga ‘струмень вады’, strũgla ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 783 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 450; Папоў, Из истории, 87 (беспадстаўна лічыць запазычаннем з польскай).

Стру́га2 ‘венцер (з дубцоў)’ (касцюк., ЛА, 1). Параўн. балг. радоп. стро̑́га ‘варотцы ў плоце або кашары’, дыял. стръ́га ‘цесны праход у загоне, праз які праходзяць авечкі па адной’, престръ́га ‘шчыліна паміж пярэднімі зубамі’, серб.-харв. strȕga ‘тс’. Бярнар (Бълг. изсл., 324–326) выводзіць з прасл. *strǫga. Сюды ж, магчыма, і рум. strungă ‘цесны праход’, далейшыя сувязі якіх няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)