Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́рамяць ’нядубленая скура, сырыца’ (ТСБМ), сырамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (ТСБМ, Бяльк.), сы́раметны ’скураны’ (Касп.), сы́рамяць, сы́рмець, сы́рміць ’сырыца’ (Сл. ПЗБ), су́рамяць ’тс’, сурамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (карэліц., Нар. лекс.), сырымыць, сыръмяць ’гужык у цэпе’ (кругл., маг., ДАБМ, камент., 829), су́рамятка ’раменная ці вяровачная частка пугі’ (стаўб., З нар. сл.), сурамя́ць, сурамя́зь ’сырамяць’ (Сл. ПЗБ), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ), сыро́мец ’вузкая палоска з нявырабленай скуры’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, сы́рамаць ’сырыя дровы’ (Мат. Гом.), сыромі́ть ’амаль дарма’: сыроміть оддала півня (кобр., Сл. Брэс.). Рус. сы́ромять ’сырыца’, сыромя́тный ’выраблены з сырыцы’. Да сыры і мяць (гл.), параўн. кажамя́ка (гл.) і адзначанае ў Даля (IV, 376) “кожа… выделанная очисткой и сильным мятьем”. Да значэння ’сырыя дровы’ параўн. сыромля ’тс’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трае́цкі — прым. ад Тройца ’Святая Тройца, свята Сёмуха’: трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’, трае́цкія дзяды́ (трае́цкые деды́) ’памінальныя дні перад Тройцай’ (гом., Талстая, Полес.), трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’ (маляр., там жа), трое́цкый грыб ’агульная назва вясновых грыбоў’ (пін., Жыв. сл.), трое́цкі грыб ’ранні, веснавы баравік’ (ТС), сюды ж урбанонімы Трае́цкая гара, Трае́цкае прадмесце ў Мінску, Трае́цкая царква́ ў Віцебску, ст.-бел. троецького (1532 г.), троецкиѣ (1624 г.), гл. Карскі, 1, 226. Гл. Тройца; паводле Карскага (там жа), форма з е на месцы з’яўляецца заканамерным утварэннем. Параўн. таксама трое́чны ты́дзень ’тыдзень, на які прыпадае Сёмуха’ (ТС), трое́шны ты́ждень ’тс’ (лельч., Талстая, Полес.), відаць, ад Тро́ечка, Трое́шнік ’Сёмуха’ (там жа) з народнаэтымалагічным набліжэннем да тройка, тройчы (гл.), параўн. трае́чны ’трайны’ (Некр. і Байк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярсты́ ’выступы ў бярвенцах сцяны, якія ўваходзяць у праём’ (Мат. Маг.); сюды ж, відаць, ст.-бел. персть ’адзінка вымярэння даўжыні, роўная 2,7 см’ (Ст.-бел. лексікон). Несумненна, да прасл. *pьrstъ ’палец’, параўн. укр., рус. перст, польск. parst, чэш., славац. prst, в.-луж. porst, серб.-харв. пр̏ст, славен. pȓst, балг. пръст, макед. прст, ст.-слав. пръстъ ’тс’, да семантыкі параўн. па́лец ’палец’, ’выступ, які заходзіць у паз’ (ТС). Роднаснае літ. pir̃štas ’палец’, лат. pirsts, pìrksts ’тс’, ст.-прус. pirsten ’тс’, што дае падставы для рэканструкцыі балт.-слав. *prstos (Глухак, 507). Казлова (БЛ, 22, 105) на падставе роднасных ст.-в.-ням. first ’вастрыё, вільчак’, лац. postis ’слуп’, авест. paršta‑ ’спіна’ прапануе ўзнаўленне першаснага значэння ’выступ’. Рэканструкцыя семантычнага рэгіяналізма ў якасці будаўнічага тэрміна здаецца праблематычнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагу́лька1 ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’укапаная ў зямлю верхавіна сасны з сукамі, прызначаная для прасушкі посуду’ (Бяльк.), ’карова з вялікімі рагамі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’колюшка’ (гродз., Жук.). Утворана ад рагу́ля (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальнага суфікса ‑к‑a. Матывацыяй паслужыла тое, што ўсе гэтыя прадметы маюць вострыя, падобныя да рагоў часткі.

Рагу́лька2 ’дзяўчына ў сярэдзіне карагоду на Вялікдзень’ (пін., Кольб.). Сюды ж рагу́лька ’песня-вяснянка’ (беласт., Ніва, 1974, 12 мая; Федар.), відаць, перанос семантыкі з ’дзяўчына, якая спявае песню’ > ’песня-вяснянка’. Няясна; магчыма, ад рагулька1 ’сукаватая палка’ як сімвал сусветнага дрэва, што знаходзілася, паводле народных вераванняў, у цэнтры сусвету, параўн. вясельнае дрэўца ў цэнтры т. зв. рагатага каравая (пра апошні гл. Іванаў, Тапароў, Зб. Крапіве, 167–169), параўн. ра́лец (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радзі́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.; сен., Гіл.), ’хвароба’ (Касп.), ’невядомы злы чалавек, чорт’ (Мат. Гом.), радзі́мец (ради́мец) ’нейкая хвароба, прыпадак у немаўлят’ (Раст.), радзі́мчык ’дзіцячая хвароба’ (Інстр. 2), ’мяккае месца на цемені ў нованароджанага дзіцяці’ (Арх. ГУ), рус. роди́мчик, роди́мец ’прыпадак з сутаргамі і стратай прытомнасці’, дыял. роди́мец, роди́мое, родиманец, укр. роди́мец, роди́мчик ’хвароба’. Ад радзі́мы ’прыродны, ад нараджэння’, да радзі́ць1 (гл.), паколькі гэта пасляродавая хвароба. Відаць, табуізаваная назва, параўн. радзі́мец ’тутэйшы чалавек’, родзімы чолове́к ’свой, блізкі чалавек’ (ТС). Версія аб паходжанні ад назвы племені радзімічы (на карысць яе прыводзіцца паданне: радзімічы — ета месныя дреўнія людзі, якія дзелылі убействы, калі хто атказуваўся ат сваіх; параўн. таксама праклён каб цябе радзіміц забіў!, гл. Яшкін, Лекс. ландш., 204–205) падаецца малаверагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рачане́ц ’гадавіна’ (Арх. Федар.), ’падарунак на свята, святочны гасцінец’ (маладз., Гіл.), рача́нец (račánic) ’устаноўлены час’ (Варл.), ’рэжым’ (Сцяшк. Сл.), ’тэрмін’ (пух., рагач., Сл. ПЗБ), ’гадавое свята’ (Сцяц.), ’вялікае свята, якое святкуецца праз год’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ), часцей у мн. л. рачанцы́ ’тэрмін ачышчэння пасля родаў’ (Гарэц.), ’дванаццацідзённы тэрмін пасля нараджэння (жывёлы)’ (Касп.), ’пэўная колькасць дзён ад нараджэння, да заканчэння якіх за грэх лічылася ўжываць у ежу маладых жывёл’ (Нас., Янк. Мат.), рычанцы́ ’тэрміны, прызначаныя для выканання чаго-небудзь’ (Растарг.), сюды ж рачанца́ ’зрэдку, несістэматычна (пра ўжыванне ежы)’ (Янк. Мат.). Параўн. укр. речене́ць ’тэрмін’. Насовіч праз форму роченцы́ (Нас., 567) выводзіць з рок1 ’год; устаноўлены тэрмін’ (гл.); першапачаткова, відаць, ад *рэчаны ’сказаны, абумоўлены’, што да ракці́ ’сказаць’, гл. рэкнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плашча́к1, плошча́к ’абцясаная бэлька ў сцяне’ (Тарн.; астрав., лях., Сл. ПЗБ), ’брус’ (івац., Нар. сл.), ’бервяно з плоскімі бакамі’ (Жд. 1), ’палова распілаванага ўздоўж бервяна’ (кобр., Нар. лекс.; Сцяшк. Сл.), ’ашлагі — суцэльнае бервяно над сточанымі’ (іўеў., ЛА, 4), ’грунтвага’ (трак., Сл. ПЗБ), ’бервяно ў зруба калодзежа’ (П. С.). Лексема запазычана з польск. płaszczak ’абчасанае з 4 альбо з 2 бакоў бервяно’ < płaski < (паводле Банькоўскага (2, 617)) *plaz‑ьskъ < *plazaплаз (гл.). Некаторыя са значэнняў бел. лексемы ўзніклі пры ад’ідэацыі пла́шка, пла́ха (гл.).

Плашча́к2 (плошьчя́к) ’паром з бартамі і шпангоўтамі (як лодка)’ (Маслен.). Відаць, да плоскі (гл.).

Плашчак3 ’сорт ячменю’ (Сцяшк. Сл.), ’сорт бобу’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да пло́скі, пла́скі (гл.). Названа з-за плоскага коласа ячменю, плоскага зярняці бобу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)