Прыжа́ляць ’крыху падгарэць на гарачай печы, ляжанцы (пра адзенне, тканіну)’ (дзярж., Нар. сл.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жа́лець ’тлець’ (гл.; таксама жу́ляць, жу́раць), для якога, відаць, можна прапанаваць прасл. *žalěti, параўн. таксама каш. žaleć ’тлець’ (на апошняе, як і на ст.-польск. žal ’працэс гарэння’, звярнуў увагу яшчэ Ільінскі; гл. Бярнштэйн, Чередования, 12). Такім чынам, ёсць падставы рэканструяваць пару *žalěti/*žalь, адпаведную *žariti/*žarъ. Абедзве пары суадносяцца з і.-е. сінанімічнымі каранямі *gụher‑/gụhel; параўн. яшчэ і.-е. *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, добра адлюстраванае ў германскіх мовах (Покарны, 1, 399, 495; Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272). Параўн. таксама балг. дыял. прижулям ’(пра сонца) прыпячы, напячы’, якое, згодна з БЕР, 5, 710, ад жуля ’пячы, шчымець’, што, магчыма, звязана з зыходнай формай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)