Трох1: трёх‑трёх — пра трасенне (Юрч. СНЛ), трёх‑трёх — пра язду трушком (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманні, у аснове якіх ляжыць апакопа дзеяслова трохаць, гл. Магчыма, сюды ж трох-трох — калі нехта падпраўляе ношку (вязку галля, закручанае дзіця), якая спаўзла (полац., Нар. лекс.).

Трох2 ‘трое’ (Сл. ПЗБ), ‘утрох (асобна аб мужчынах і аб жанчынах)’ (Мат. Маг. 2). Форма трох (тут Н. скл.) утворана ад формы М. скл. лічэбніка ст.-бел. трие, три, параўн. трьхъ (‘аб трох’). Відаць, адбылося гэта пад уплывам старапольскай мовы, дзе trzech (з М. скл.) пашырылася на лічэбнік Н. скл. (абазначала ‘тры’) з XIV ст. — па ўзоры скланення лічэбнікаў і прыметнікаў, у якіх Р. і М. скл. мелі агульную форму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыску́ць ‘марозная пагода’ (Сцяшк. Сл.). Да трэск, трашча́ць (пра мароз) (гл.), параўн. трэскоцень ‘траскучы мароз’ (гл.), рус. треску́н ‘вельмі моцны мароз, ад якога вянкі хаты ці дрэвы трашчаць’, в.-луж. třĕskać ‘трашчаць (пра мароз)’. Паводле Брукнера (579), вакалізацыя trysk < trzask (гл. трэск) характэрна для польскай мовы, што, магчыма, дае падставы бачыць польскі ўплыў, які дапускае Астроўскі (ABSl, 29, 148) у фіналі ‑уць (мазурэнне?), параўн. трыску́чы ‘траскучы’ (Вруб.), аднак форма ж. р. моцнайа трыскуць набліжае назоўнік да іншых абстрактных на ‑ць, хаця ў гэтым выпадку магчымы і ўплыў слова пагода ‘надвор’е’. Не выключаны таксама ўплыў суфікса літ. ‑ūtis са зневажальным значэннем, параўн. фармальна блізкае літ. treškùtis ‘хто любіць шмат гаварыць’ < treškùs ‘траскучы’, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 264.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыня́цца ‘шкандыбаць, кульгаць’ (Аніч., Вопыт), тыня́тысь ‘чыкільгаць’ (Клім.), тинʼатис’ ‘блытацца, перашкаджаць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. укр. ти́нятися, тиня́тись ‘соўгацца’, ‘сноўдацца, бадзяцца, валэндацца’, ‘штурхацца (сярод натоўпу)’, ‘блукаць, вандраваць’. Экспрэсіўнае арэальнае ўтварэнне няяснага паходжання. Паводле ЕСУМ (5, 570) — гэта відазмененая форма *тинутися ‘ціха хадзіць, сноўдацца’, якая ўзнікла з прасл. *ti(p)nǫti ‘ўдарыць’, ‘ціхенька хадзіць’ і звязана з *te(p)ti: рус. ти́пать ‘злёгку удараць’, ‘ісці, крадучыся’, н.-луж. typotaś ‘чыкільгаць’, ‘дробненька ступаць’, польск. ciepnąć, ciepać ‘удараць’, cipać ‘ісці ціха, але без перапынку (пра дождж)’, серб. те̏псти се ‘бадзяцца, блукаць’. Магчыма, можа выводзіцца з прасл. *tynʼati ‘быць ціхім, мірным’, якое Сной (у Бязлай, 4, 181) параўноўвае са ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, ст.-інд. tūṣṇī́m ‘ціха, моўчкі’. Гл. таксама тыпаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертей ’узвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернуть ’упасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́валга ’птушка жоўты дрозд, Oriolus galbula’ (ТСБМ), івал (Мат. Гом.), і́вельга, і́вега (Маш., 18, 19). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, укр. і́волга ’тс’, польск. wilga, wiwielga ’тс’, чэш. vlha ’Merops apiaster’, славац. vlha ’івалга’, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авли́га ’івалга’. Ст.-слав. влъга, ст.-рус. иволга, ивлъга. Прасл. *vьlga ці, паводле Трубачова (Эт. сл., 8, 251–252), *jьvьlga мае адпаведнікі ў балт. і герм. арэалах. Пачатковае і‑ тлумачаць як пратэзу (Брукнер, 621) ці як прыіменную прыстаўку *jь‑ (Петарсан, 52; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20). Этымалогія не зусім ясная. Згодна з найбольш прынятай версіяй, роднаснае прасл. *vьlg‑ ’вільгаць’: у гэтай птушцы бачаць прадвесніцу дажджу. Семантычная паралель — ням. Regenpfeifer ’івалга’, ’сявец’. Гл. Брукнер, 621; БЕР, 1, 2; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20. Магчыма, гэта больш позняе пераасэнсаванне народна-этымалагічнага характару (Махэк₂, 694). З семантычнага боку верагодна сувязь з авест. vārə(n)gan ’нейкая птушка’, польск. wołać ’клікаць, крычаць’. Гл. Эндзелін, IF, 33, 126; Шпэхт, Der Ursprung, 172; Фасмер, 2, 114–115. Ці не сюды імя язычаскага бога Сварогъ у сувязі з міфалагічнымі ўяўленнямі аб вогненнай птушцы? Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (694) звязвае *vьlga з ням. дыял. Widewalch ’івалга’ і лац. galbula ’тс’, якія з «праеўрапейскага» *valgā (з метатэзай *galv‑). Супастаўленне са швейц.-ням. Wiedewalch прыводзіць Булахоўскага (ВЯ, 1968, 4, 104) да рэканструкцыі слав. *ivo‑vьlga. Наўрад ці магчыма прыняць і тлумачэнне Младэнава (2), які параўноўваў з грэч. αὐλέω ’іграць на жалейцы’, αὐλός ’жалейка’, хаця да гэтага супастаўлення звяртаюцца зноў у сувязі з думкай аб гукапераймальным характары слав. слова (Антропаў, дыс.). Усечаная форма івал — карэлят м. р. Гл. віваўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурва́лак1 ’невялікі ўзгорак, сухое месца на нізіне’ (Янк. Мат.). Відаць, памяншальнае ад *бурва́л, параўн. рус. бурева́л (Даль) ’лес паломаны і звалены бурай’, бел. бурава́л (да буря, бура і валіць, валить). Невядома ці ёсць нейкая сувязь з літ. bùrvalkis ’сцежка, пратаптаная статкам жывёлы’ ці ст.-літ. burvalkas ’прадмесце’ (прус. burwalkan ’двор’). Аб літ. словах гл. Фрэнкель, 1, 533.

Бурва́лак2 бушва́лак (жарт.) ’кавалак бервяна; моцны, прысадзісты (камлюкаваты) чалавек’ (Сцяц.). Няясна. Магчыма, таго ж паходжання, што і бурвалак1, г. зн. < *бурва́л < бурава́л. Ускосна аб гэтым сведчыць і другая форма — бушва́лак, якая (з лінгвагеаграфічных меркаванняў: зах.), здаецца, з’яўляецца паланізаванай формай ад бурва́лак (параўн. польск. burza ’бура’). Непакупны (Latv. Vest., 1973, № 2, 81) лічыць гэта слова магчымым балтызмам (прус. burwalkan двор і г. д.’). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вало́га1 ’поліўка з малака або канаплянага семя’ (КЭС, Вешт.); ’заправа, прыгатаваная з канаплянага семя’ (Лекс. Палесся); ’масла, усё скаромнае’ (віц.), валіга ’рэдкі жыр’ (Касп.). Паўн.-рус. волога ’скаромная вадкая страва; масла, малочныя прадукты: сыр, смятана, тварог і інш.’, укр. волога ’вільгаць’. Усходнеславянская семантычная інавацыя’ < прасл. *volga ’вільгаць’ (Вештарт, Бел.-рус. ізал., 16; Фасмер, 1, 340; Скок, 3, 606).

Вало́га2 ’барана’ (КСТ). Магчыма, валога < валока (ад валачыць). Параўн. у фанетычным плане валошка і валожка ’Centaurea cyanus L.’ Параўн., аднак, укр. воложити ’палоць, трапаць’.

Вало́га3 ’дрыгва’ (Шатал.). Роднаснае з вільгаць, рус. влага, ц.-слав. влага, укр. волога ’вільгаць’. Да агульнаславянскага *volga, якое адлюстравана ва ўсіх славянскіх мовах са значэннямі ’вільгаць, вада, вадкасць, масла, жыр’ і інш. (Рудніцкі, 1, 467). Параўн. валака́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́раск ’крык, верашчанне’ (БРС, Нас.). Рус. ве́реск, укр. ве́реск, польск. wrzask, чэш. vřesk, балг. врясък, серб. ври̑сак і г. д. Прасл. *verskъ ’вераск, верашчанне’. Сюды ж *verščati ’верашчаць’ (< *verskēti): ст.-рус. верещати, бел. верашча́ць, укр. вереща́ти, рус. вереща́ть, польск. wrzeszczeć, чэш. vřeštěti, ст.-слав. врѣштати, балг. врещя́, серб. ври́штати і г. д.; таксама *verskati, *versknǫti: ст.-рус. верескати, укр. вере́снути, чэш. vřiskati, балг. вря́скам і г. д. Роднасныя: літ. verkšlénti ’злавацца, плачучы’, verkšnóti ’плакаць’ (*versk‑), ver̃kti ’тс’, лат. varkšêt ’квакаць’ (*varsk‑). Магчыма, слав. *versk‑ з *verk‑sk‑ (тады першапачатковую форму мы маем у літ. ver̃k‑ti). Словы гукапераймальнага паходжання. Сюды ж і слав. *vъrčati, *vъrkati (параўн. укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, чэш. vrčeti, vrkati і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 296–297, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́к ’валлё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́бавіць ’выманіць, выцягнуць’ (БРС, КТС) ’выратаваць’ (КЭС, лаг.), ’з вялікімі цяжкасцямі дастаць што-небудзь або каго-небудзь з цяжка праходнага, загубнага месца, увогуле з загубных умоў’ (Янк. I), рус. ’избавить’ (Гарэц., Яруш.); ’вызваліць’ (Жд., 1), выбаўляць (Гарэц., Др.-Падб.), выбавіцца ’выйсці, вызваліцца’ (Сцяшк., Нас. Доп.), выбаўленне рус. ’избавление’ (Гарэц.); параўн. яшчэ ў Скарыны: выбавил (Воўк–Левановіч, 400‑лецце, 282), выбавити, ужытае Скарыной паралельна да збавити, избавити (Сл., Ск., 1), што, магчыма, сведчыць пра кальку непасрэдна са ст.-слав. избавити; укр. ви́бавити, ст.-рус. выбавити, польск. wybawić. Ад бавіць, бавіцца ’затрымлівацца, цягнуць час, марудзіць’, адсюль выбавіць першапачаткова ’вывесці з такога стану або ўмоў’, ст.-бел. выбавяти ’вызваляць, выручаць’ з польск. wybawiać ’тс’ (Булыка, Запазыч., 72); параўн. бел. форму незак. тр. выбаўляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)