напе́радзе, прысл. і прыназ.
1. прысл. На нейкай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Наперадзе быў фронт. □ Наперадзе, праз паўкіламетра, шлях браўся направа. Мележ. Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе. Лынькоў. // Паперадзе іншых, перад кім‑, чым‑н. Перад апошнім домам машына, што ішла наперадзе, спынілася. Паслядовіч. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Матцы хочацца бачыць сваё дзіця ў людскім авангардзе, наперадзе. Ермаловіч. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды. Танк.
2. прысл. У будучым. Наперадзе цэлае жыццё. У яго ўсё наперадзе. □ Наперадзе многа дарог І шмат далячынь. Колас. // Аб тым, што яшчэ будзе. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Чарнышэвіч. Спяшацца асабліва не было чаго, бо прымчалі хутка і дзень быў яшчэ наперадзе. Кулакоўскі.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «наперадзе» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на некаторай адлегласці перад якімі хто‑, што‑н. знаходзіцца. Наперадзе палка над галовамі салдат плыў у паветры штандар. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пералічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.
1. Палічыць, злічыць адно за другім усё, усіх, зрабіць падлік. Прафесар некалькі разоў перачытаў .. пісьмо, машынальна пералічыў дні, якія засталіся да вызначанага тэрміну. Лынькоў. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш. Пальчэўскі. // Назваць, упамянуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пералічыць абавязкі. Пералічыць недахопы. □ Нас, дзяцей, бацька таксама пералічыў па імёнах. Якімовіч. Цімафееўка, віка, канюшына чырвоная і белая, лісахвост — у намесніка старшыні і пальцаў не хапіла, каб усе гатункі пералічыць. Кірэйчык.
2. Злічыць нанава, яшчэ раз. Таццяна разгарнула пакуначак, яшчэ раз пералічыла грошы. Васілёнак.
3. Падаць у другіх велічынях. Пералічыць вёрсты ў кіламетры. Пералічыць фунты ў кілаграмы.
4. Перавесці на чый‑н. рахунак. Учора я пералічыў.. праз банк пяць тысяч рублёў, узяў з сабою копію плацежнага даручэння, і цяпер мы едзем, каб адразу зрабіць аж дзве справы. Скрыган.
•••
Пералічыць косці каму — моцна пабіць, набіць каго‑н.
Пералічыць на пальцах — пра вельмі малую колькасць каго‑, чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. прыбыў, ‑была, ‑было; заг. прыбудзь; зак.
1. Прыйсці, прыехаць куды‑н. Цягнік прыбыў своечасова. □ Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Колас. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк. // Паступіць, быць дастаўленым куды‑н. (пра груз і пад.). — Якраз прыбылі дэталі магутнага земснарада, трэба паглядзець, як ідзе мантаж. Дадзіёмаў.
2. Павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме, велічыні і пад.). Вада прыбыла ў рэчцы. □ На хаду прычэсваючы валасы, са спальні выйшла маці. — На цэлы кілаграм прыбыла, — паказала яна на малую. Арабей. / у безас. ужыв. [Кавальчук:] — У цябе пойдуць справы яшчэ лепш, калі людзей у «Перамозе» прыбудзе. Паслядовіч. У Жыздрыцы за гэты час камсамольцаў прыбыло. Яшчэ запісаўся Арсей Анцішэўчык. Калюга. // З’явіцца ў дадатак да чаго‑н.; дабавіцца. Палічыў — прыбыў сучок адзін У ласіным кусце, між галін. Бялевіч.
•••
Не адбудзе, не прыбудзе гл. адбыць.
У нашым палку прыбыло — нас стала больш, такіх, як мы, стала больш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Перапісаць асобна часткі чаго‑н. Распісаць тэкст на картачкі. Распісаць ролі.
2. Размеркаваць каго‑, што‑н. паміж кім‑, чым‑н., зрабіўшы аб гэтым адпаведны запіс. Распісаць рацыён. Распісаць маршрут па ўчастках.
3. Разм. Зарэгістраваць чый‑н. шлюб. Старшыня сельсавета распісаў маладых.
4. Размаляваць фарбамі, узорамі, накрыць роспісам (у 2 знач.). Распісаць столь. Распісаць вазу. / у перан. ужыв. За гулам людзей не чуваць ні свісту ветру на вуліцы, ні таго марозу, які паспеў распісаць на розныя ўзоры шыбы вокнаў. Сергіевіч. Дарожны вецер і гарачае жнівеньскае сонца яшчэ больш распісалі загарам .. [Сцёпкаў] і без таго загарэлы твар. Колас. // перан. Разм. Збіць, пакінуўшы на целе рубцы, сінякі. Мікіта расказваў, як белапалякі распісалі бізунамі яго старую спіну. Каваль.
5. перан. Разм. Расказаць, апісаць што‑н. занадта падрабязна, у дэталях. Рэдактар.. распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Шамякін. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
санлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які вельмі любіць спаць, які хоча спаць. У коміне вецер сярдзіта гудзе, Ды чуецца часам яшчэ пазяханне. Лянівай санлівай кабеты ўздыханне. Зарыцкі. На пустой вуліцы.. ішоў яшчэ санлівы хлопец-пастух. Мележ. / у знач. наз. санлі́вы, ‑ага, м. [Мікалай Пятровіч], праўда, нічога асаблівага не сказаў. Адчыніў дзверы пакоя, прывітаўся, паглядзеў і з парога заўважыў: — У нас санлівых не любяць... Нядзведскі. // Вялы (пра жывёл, насякомых і пад.). [Жукі] падалі на зямлю, як нежывыя, — санлівыя і лянівыя. Ваданосаў. // перан. Які знаходзіцца ў стане спакою; які навявае сон, сонны. Санлівае надвор’е. □ Не люблю пакручастае сцежкі, Ціхае, санлівае ракі. Прануза. Санлівая ранішняя ціша Галаў парушалася рэдкім шчабятаннем птушак. Дуброўскі. // перан. Бяздзейны, пасіўны, апатычны. Адарванасць ад мае, ад барацьбы народа ператварыла [Ігната Вярэню] ў «цень», зрабіла бездапаможным, санлівым. Хромчанка.
2. Уласцівы чалавеку, які хоча спаць; такі, як у чалавека, што хоча спаць. [Раман] глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Колас. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў.. [гаварыць]. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фанта́н, ‑а, м.
1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.
2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.
3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.
[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
язычо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да язык (у 1, 5 знач.). [Кацянё] панюхала, яшчэ раз паглядзела Алёшу ў самыя вочы і далікатна лізнула язычком ежу. Васілевіч. Вясёлыя язычкі полымя лізалі сухія галінкі. Шамякін. Трапяткі язычок газнічкі зменшыўся, пацямнеў, усхліпваў, нібы плакаў. Хомчанка.
2. Разм. Пра здольнасць гаварыць востра, з’едліва, насмешліва. — А твой тата з язычком, — падстаўляючы пад кварту рукі, падміргнуў Ядзі Васіль. Шашкоў. Вядома, і сам Сцяпан не кепскі язычок меў, а тут яшчэ якраз падскочыў Тодар Пошта. Крапіва. — От язычок, як завадны! — падумаў Сымон, не ведаючы, што адказаць сястры. Чарнышэвіч.
3. Спец. Конусападобны выступ у ротавай поласці на краі паднябення.
4. У батаніцы — невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых іншых раслін.
5. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях, прадметах. Язычок чаравіка. □ У клямцы падскочыў і дзынкнуў язычок. Адамчык. Заскакала [Рэня], учапіўшыся пальцамі за язычок у замку, на адной назе, пахіснулася, войкнула і, каб не ўпасці, схапілася за яго руку. Лецка.
6. Металічны стрыжань званочка. Язычок званочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Калаба́ны ’абутак на драўлянай падэшве’ (Сержп. Грам., Сцяшк.). Рус. валаг. колобан ’прадаўгаваты ячменны хлябок з завостранымі канцамі (у форме лодкі)’. Звяртае на сябе ўвагу падабенства формы, параўн. яшчэ рус. іркуц. (з запісаў Равінскага) колобан ’горка або сопка выцягнутай, мысападобнай формы’. Не выключана, што некалькі праясняе справу рус. дыял. колобашка, якое, як і колобан, суадносіцца з колоб, аднак, адзначае яшчэ і валаг. ’драўляная міска, чашка’, ’груба зробленая міска і інш.’, ’маленькая драўляная пасудзіна’, пск. ’невялікая драўляная дошчачка авальнай формы ў рыбалоўнай снасці’ і інш. Семантыка, аднак, далёкая; апрача таго, ці можна тут меркаваць аб нейкай суаднесенасці назвы абутку і назвы булачкі (параўн. празрысты перанос з назвы абутку на блін: рус. дыял. лапоть ’лапаць’ і ’тоўсты блін’), або больш перспектыўна суадносіць бел. семему з рус. ’невялікая драўляная дошчачка…’, для колобашка параўн. рус. варонеж., уладз., калуж. і інш. колодка ’драўляная дошчачка/падэшва, якая прымацоўваецца да лапцей у час дажджу’, ніжнегар. колодки ’абцасы’ і інш. Калі сканцэнтраваць увагу на такіх значэннях рус. слоў (дэрыватаў ад колоб або ад асновы колб‑, збліжаных з папярэднімі), як у пск. колобашка ’корань, які застаецца пасля абпальвання дрэва і ідзе на дровы’, ’абрубак дрэва, цурбан’ і пад., можна думаць і аб пераносе падобнай назвы на грубы драўляны абутак. Надзейнасць як апошняга, так і папярэдніх меркаванняў невялікая па прычыне таго, што першаснай лексемы ў бел. мове не зафіксавана. Параўн. яшчэ калабок (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Алю́дзець ’вырасці, зрабіцца больш развітым’ (Шат.). Магчыма, з гоц. liudan ’расці’, бо ў славянскіх і балтыйскіх мовах і.-е. *leu̯dh‑ нібы не мае значэння ’рост, расці’, толькі ’людзі’. Параўн., аднак, серб.-харв. љӳда, љӳдина ’штосьці вялізнае, волат, гігант’ (бел.-серб. ізалекса?). Нарэшце, не выключана яшчэ адна версія алюдзець — зрабіцца людзьмі (у сэнсе ’зрабіцца дарослымі’) (Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 16–17).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́лава́ць, ба́лава́цца (Нас., Касп., Сержп.). Рус. ба́лова́ть, укр. балува́ти. Здаецца, можна звязаць з ст.-слав. баловати ’лячыць’, балии ’лекар’, бальство ’медыцына’. Бернекер, 42; Праабражэнскі, 1, 15. Аснова *bal‑ (што в балии ’лекар’), магчыма, да *bajati ’гаварыць’ (→ ’чараваць, лячыць’). Іншыя шукаюць сувязь з ст.-інд. bālás ’малады, дзіцячы’, bālás ’дзіця, хлопчык’. Уленбек, 189. Гл. таксама Фасмер, 1, 117, параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 27.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)