Калабо́к ’малы хлябок’ (навагр., Жыв. сл.; Сцяшк.; в.-дзвін., Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.). Статус фіксацый слова ў першых дзвюх крыніцах няясны; параўн. меркаванне аўтара слоўніка: «магчыма, слова запазычана ў бежанстве з рускай ці ўкраінскай мовы ў час першай сусветнай вайны» (Жыв. сл., 23). Апошнія запісы з поўначы Беларусі можна разумець або як суаднесеныя з рус. колобок ’тс’ (паколькі гаворкі поўначы Беларусі роднасныя з рускімі), або як рус. запазычанне (на дыялектным узроўні). Рус. колобок (памянш. ад колоб) ведаюць на шырокай тэрыторыі, адносна ўкр. лексемы (прыводзіцца ў Грынчэнкі) можна сказаць, што статус яго не вельмі надзейны: слова сустракаецца ў казцы, параўн.: «Баба… витопила в печі, замісила яйцями борошно… спекла колобок» (Грынчэнка, 2, 270). Такім чынам, меркаваць аб усх.-слав. характары ўтварэння не даводзіцца. Рус. колоб этымалагічна вельмі няяснае ўтварэнне; з аднаго боку, праглядваюцца сувязі гэтага слова з утварэннямі ад колб‑ (параўн. коўб), якія называюць розныя акруглыя прадметы, абрубкі і да т. п., з другога — формы тыпу колабушек ’хлябок’, нельга не суаднесці з балабошкі ’пышкі і да т. п.’ Апрача таго. звяртае на сябе ўвагу незразумелы паралелізм коло‑ і кала‑, прычым не толькі на рус. тэрыторыі, дзе гэта можна было б вытлумачыць аканнем, але і ва ўкр. мове і ў паўн.-рус. окаючых гаворках (тут і назвы хлеба, і абрубкі дрэва, і посуд, і назвы геаграфічнага рэльефу, гл. больш падрабязна Талстой, Геогр., 231–232). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 292, дзе агляд старых этымалогій рус. колоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)