Булдоўнік 1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).
Булдоўнік 2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Лудан, ст.-бел. луданъ ’гатунак шаўковай тканіны’ (1710 г.) запазычана (ва ўсх. Беларусі) з рус. лудан (Булыка, Лекс. запазыч., 116), якое з адыг. läudan (роднаснае з чаркеск. loudan), абазінск. laudan, асец. (дзігорек.) laewdanæ ’шаўковая тканіна’, ’шаўковая хустка’ (Абаеў, Этимология–63, 118) і не звязана з рус. луда ’верхняе адзенне, якое лічыцца запазычаннем з герм. моў, параўн. ст.-паўн. герм. loði, ст.-англ. loða ’шарак, плашч’, ст.-в.-ням. lodo, luda ’дзяруга, радно’ (Абаеў, там жа, 117–118; Філін, Происх., 572–573). Аднак Кабылянскі (Мовознавство, 1976, 6, 51), разглядаючы ўкр. лу́дінє ’адзежа, адзенне’, схіляецца да думкі аб супольнасці слав. і герм. праслова і адмаўляе запазычанне яго з герм. Блізкае фанетычна польск. loden ’грубае калматае сукно’, ’паліто з такога сукна’ узыходзіць да с.-в.-ням. lode, ням. Loden ’грубая калматая тканіна’ (Слаўскі, 5, 320–321).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́ліцца ’галіцца’ (Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), га́ліць ’выклікаць у каго-н. жаданне да чаго-н.’ (Нас.). Вельмі разгалінаванае семантычна сямейства слоў са шматлікай семантыкай. Не заўсёды нават вядома, ці ўсе словы з элементам гал‑ роднасныя этымалагічна. З рус. мовы, што датычыцца складанасці ўсёй семантычнай праблематыкі, гл. СРНГ, 6, 111–113. Ва ўсякім выпадку Слаўскі (1, 251–252) адносіць бел. лексемы да вялікай групы слоў, сярод якіх, напр., серб. дыял. gáliti сваёй семантыкай (’жадаць, прагнуць’) стаіць вельмі блізка да бел. фармацый. Фармальна карэктнай і семантычна абгрунтаванай была этымалогія Мейе (MSL, XIV, 373) аб сувязі з прасл. *želati, *želěti ’жадаць’. Агляд іншых, часам вельмі заблытаных этымалагічных канструкцый гл. у Слаўскага, 1, 251–252. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 387. Здаецца ўсё ж, што ў корані *gal‑ адбылося супадзенне розных па паходжанню лексем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наро́д ’народ, людзі, нацыя’ (Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. ПЗБ), укр. народ, рус. народ, польск. naród, чэш., славац. naród, в.-, н.-луж. naród, славен. naród, серб.-харв. на́род, балг. наро́д, макед. народ. Прасл. *narodъ, аддзеяслоўны назоўнік (< *na‑roditi) першапачаткова з шырокім спектрам значэнняў, параўн. ст.-слав. народъ ’нараджэнне, паходжанне, парода’, а таксама ’народжаныя, нашчадкі, род’: народъ людии, народъ оученикъ, ст.-бел. народоу людско (XVI ст.), што магло адносіцца і да іншых жывых істот, параўн. чэш. národ rybí і пад.; пазней значэнне звузілася да ’людзі; пэўная супольнасць людзей’ (Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 991; Фасмер, 3, 45; Бязлай, 2, 214–215; Дегцяроў, Этимология–1974, 90; ESSJ SG, 1, 121). Значэнне ’нацыя’ ўзнікла на базе ’мноства, тлум’, ’насельніцтва краіны’ ва ўсходніх славян толькі ў XVIII–XIX стст. (гл. Ларын, Ист. рус. яз., 25). Гл. род.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац. originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлка — вясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́йкаць 1 ’укалыхваць, люляць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’пагаворваць’ (Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне ад выклічніка бай‑бай, што азначае «ўкалыхванне дзяцей», і вядомага ва ўсіх усх.-слав. мовах (з тыповым у адвыклічнікавых утварэннях суфіксам ‑к). Ёль (IF, 57, 11) лічыць бай‑бай (як і англ. bye, bye ’тс’) гукапераймальным. Аднак не выключаецца сувязь з слав. *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць), параўн. Брандт, РОБ, 18, 28. Фасмер (1, 106, 140) дапускае абедзве магчымасці.
Ба́йкаць 2 ’гаварыць што-н., плявузгаць’ (Юрч.), ’пагаворваць’ (Гарэц., Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑к‑ (частым у эмацыянальных дзеясловах) ад *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць). Суфікс ‑к‑ у слав. мовах меў значэнне фарманта дэмінутыўнасці ў дзеясловах (захаваўся як прадуктыўны, напр., у зах. гаворках укр. мовы, у зах. і паўд.-слав. мовах). З апошняй літ-ры гл. Чарнецкі, Мовознавство, 1970, 5, 42–48.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ду́ма 1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.
Ду́ма 2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жму́рыць ’прыплюшчваць вочы’. Рус. жму́рить, укр. жму́рити ’тс’, польск. дыял. żmurzyć, в.-луж. žmrikać ’маргаць’, н.-луж. zmriś ’маргаць, жмурыць’, чэш. žmukati ’жмурыцца ў гульні ў жмуркі’, уст. žmourati ’тс’, славац. žmuriť, славен. žmúriti, žmeriti ’жмурыць’, серб.-харв. жму́рити, жми́рити ’тс’, балг. дыял. жмуря (літ. жумя̀). Прасл. дыял. *žьmuriti ўтворана ў выніку метатэзы з *mьžuriti; параўн. мігаць, рус. мгновение, смежить (очи). Метатэза магла адбывацца пад уздзеяннем народна-этымалагічнага збліжэння з коранем *žьm‑ ’сціскваць’ (гл. жаць 2). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; Фасмер, 2, 60; Міклашыч, 208; Брандт, РФВ, 23, 1, 87; Аппель, РФВ, 4, 3, 65; Махэк₂, 730; Скок, 2, 420; Праабражэнскі, 1, 235; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 8, 142. Ва ўкр. мружити, польск. mrużyć сувязь з маргаць, а не перастаноўка r — ż, на што ўказваюць апошнія (Брукнер, 346).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заста́ва ’месца ўезду ў мясцовасць і яго ахова’. Рус., укр. застава ’тс’, укр. яшчэ ’залог; харугва’, польск. zastawa ’заслон’, уст. ’залог’, ’сталовы прыбор’, ’плаціна’, серб.-луж. zastawa ’шчыт (у плаціне)’, в.-луж. яшчэ ’залог’, чэш. zástava ’залог’, кніжн. ’сцяг, харугва’, ’натуральная перашкода з дрэў, крыг і г. д.’, славац. zástava ’сцяг’, уст. ’залог’, славен. zastȃva ’сцяг’, ’залог’, ’укладка’, серб.-харв. за̑става, за̏става ’сцяг’, балг. заста̀ва ’застава’, ’хмара, што закрывае сонца’. Ст.-рус. застава ’атрада які ахоўвае войска на маршы ці на месцы’ (XII–XV стст.), ’пост пры ўездзе ў мясцовасць’ (XVI–XVII стст.). Утворана ў прасл. з тэмай ‑a ад дзеяслова zastaviti, прэфіксальнага вытворнага ад staviti (гл. ставіць) ’ставіць нешта на шляху, выстаўляць нешта’ з далейшай спецыялізацыяй значэння ва ўсх.-слав. мовах (> балг.). Шанскі, 2, З, 63, БЕР, 1, 611.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)