Лу́да ’луджэнне’, ’сплаў волава са свінцом, які ўжываецца для пакрыцця металічных вырабаў’ (ТСБМ), лу́дка ’палуда’, лудзі́ць ’пакрываць палудай’ (брасл., Сл. ПЗБ); луджаная (луджоная) глотка ’крыкун’ (Юрч. Фраз. 2). Укр. лу́да ’бяльмо’, рус. луди́ть ’лудзіць’, маск. лу́дка ’луджэнне’, ст.-рус. луженый ’луджаны’ (1551 г.), лудило, лудильница, лудильня ’месца, дзе рыхтуюць палуду’ (XVII ст.). Паводле Бернекера (743), Праабражэнскага (1, 475), Фасмера (2, 529), паходзіць з с.-н.-ням. loden ’паяць’ (с.-в.-ням. loeten, ням. löten), параўн. гал. lood, ст.-англ. léad, с.-в.-ням. lot ’свінец’, якія з кельт *(p)loudia ’ліцца, таяць’, с.-ірл. lūaide ’свінец’ (Васэрцыер, 142). Параўн. таксама польск. ludwisarz ’ліцейшчык (пушак, званоў)’, ст.-польск. lodwisarz (XVI ст.) ’тс’ (Слаўскі, 4, 367).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)