Ро́па 1 ’гнойныя выдзяленні’ (ТСБМ, Др.-Падб., Юрч. СНЛ), ’сукравіца, гнілая кроў, што ідзе з рота, носа або з вушэй у нябожчыкаў’ (Мядзв., Гарэц., Нас., Байк. і Некр., ТС), ’крывяністае выдзяленне з раны’ (Сл. Брэс.), ’гной з раны, з вачэй’ (смарг., Шатал.), ропа́ ’расол з пасоленага мяса, рыбы’ (Сл. Брэс.), ро́па, ропа́ ’лёк’ (лельч., б.-каш., ЛА, 4), ро́па, ропа́ ’канцэнтраваны раствор солі’ (ТС). Укр. ропа́ ’сукравіца’, ’расол’, рус. ропа́ ’сукравіца, гной’, ’расол’, польск. ropa ’гной’, ’нафта’, ropić się ’гнаіцца’, славен. ropa ’торф’, на падставе чаго прасл. *ropa ’густая вадкасць’ (SEK, 4, 203). Не зусім яснае слова. Мацэнаўэр (LF, 17, 174) параўноўвае яго з ст.-інд. rápas ’раненне, цялеснае пашкоджанне’. Брукнер (462) прыводзіць у якасці роднаснага літ. rapstýti, якое, аднак, з’яўляецца памылкай друку (Трубачоў, Дополн. — Фасмер, 3, 501). З другога боку, мяркуюць, што існавала старое польск. rob, якое, нібыта, абазначала ’нейкае варэнне з зёлак’ і — праз ням. Robb, франц., ісп. rob ’тс’, італ. rob, robbo, партуг. robe ’фруктовы мёд’ было запазычана з араб. robb ’тс’ (Мацэнаўэр, Cizí sl.). Іншыя версіі гл. essj, Ukáz. 85–89; Бязлай, 3, 196; Махэк₂, 516. Гл. рапа́.

Ро́па 2 ’газа’ (навагр., Сцяшк. Сл.). З польск. ropa naftowa ’нафта’ — семантычны пераход адбыўся ўжо ў польск. мове: nafta ’азначае ’газа’ і ’нафта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́бка 1 ‘стрэмка; трэска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк., Юрч.; лельч., Арх. ГУ; Жд. 3), ска́ба ‘стрэмка, клін’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ска́біна ‘тс’ (Юрч.), сюды ж, відаць, скаба́ ‘худая жанчына’, скаба́чка ‘тс’ (Мат. Гом.). Укр. ска́бка, рус. кур., смал. ска́ба ‘тс’. Паводле Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), вытворнае ад дзеяслова з коранем *skob‑, мабыць *skobiti, роднаснага скобля, скабліць (гл.), які быў страчаны яшчэ на праславянскім узроўні (параўн. аднак скабіць, гл.). Падаўжэнне галоснага ў корані сведчыць аб праславянскай старажытнасці гэтага дэрывата. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) аб’ядноўвае ў прасл. *skaba значэнні ‘рабро, стрэмка, шчэпка; худы’ і ўзводзіць да прасл. *skab‑ (гл. ска́ба). Са скабліць звязваюць і іншыя аўтары; гл. Міклашыч, 301; Праабражэнскі, 2, 291; Фасмер 3, 630; параўноўваецца таксама з лат. skobar̂ga ‘стрэмка’, skobaiga ‘тс’, літ. skobti ‘зрываць яблык’ (Буга, Rinkt. 2, 307).

Ска́бка 2, ска́біна ‘кропля тлушчу ў страве’ (Юрч.), параўн. славен. skȃba ‘тс’, харв. škȃble ‘тс’, ‘тлустая пляма’. Відавочна, да ска́бка 1, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адшчэпленае’. Параўн. яшчэ поўны паралелізм значэнняў у скалка 1, скалка 2. Куркіна (Диал. структура, 93) разглядае разам з скаба, скабка ‘трэска, стрэмка’, што да прасл. *skaba з другасным падаўжэннем каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ску́так 1 ‘вынік, вывад; паляпшэнне спраў’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘прыбытак’ (Касп.), ‘ужытак’ (Нас.), ‘паразуменне, згода, аднадумнасць’ (Скарбы); скутак: дабіцца скутку ‘упарадкаваць, раскласці належным чынам думкі ці рэчы’ (Мілк.). Запазычанне з польск. skutek ‘вынік, вывад’, якое да *kutiti ‘упрыгожваць, убіраць’ (Кюнэ, Poln., 98), мажліва звязанага з кутаць (гл.). Скуткава́ць ‘карыстацца’ (Нас.) таксама з польск. skutkować ‘прыносіць карысць, памагаць’. Ст.-бел. скутокъ ‘вынік, канец’ з ст.-польск. skutek фіксуецца з 1507 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

*Ску́так 2, ску́ток ‘нясцерпнае становішча’ (драг., З нар. сл.), скутова́цца ‘мучыцца, цярпець боль’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з ску́чыць ‘сумаваць’: баба скучыць без вас (ТС), параўн. серб.-харв. ску́чити ‘прыцясніць, паставіць у невыносныя ўмовы’, а таксама каш. skąčëc ‘енчыць, скардзіцца, капрызіць’, чэш. skučeti ‘выць, скавытаць’, славац. skučať ‘тс’, славен. дыял. skúčati ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *skučiti ‘скавытаць’, звязанага з *ščemiti (гл. шчаміць), што ўрэшце лічыцца зыходным для скучна ‘сумна, нудна’ (Ян.), ску́чно ‘тс’ (ТС), якія ўспрымаюцца ў сучаснай мове як русізмы, параўн. рус. скучно ‘тс’. Аднак фанетычныя цяжкасці (немагчымасць т > ч) прымушаюць крыніцу слова бачыць у скутак 1 праз значэнне ‘выйсце са становішча’ — ‘цяжкае становішча’, параўн. трээ шукаць іньшаго скутку (Сержп. Прымхі, 188), ён і хворым памагае, й у клопаце дае скутак (Сержп.). Параўн. Фасмер, 3, 661; ЕСУМ, 5, 290; Борысь, Etymologie, 647–648.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смерць 1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць 2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сустрака́ць ’ісці насустрач, вітаць’ (Нас., Ласт., Яруш., Некр. і Байк., Касп., Шн. 2, Шат., Сл. ПЗБ), сюды ж сустрака́нне ’сустрэча’ (Юрч. Вытв.), параўн. рус. пск. сустрекать ’тс’, стараж.-рус. сустрѣкати ’тс’. Фанетычна да стрэць (гл.); к замест ч, параўн. сустрача́ць (Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сустрэча́ць ’тс’ (ТС), тлумачыцца развіццём прасл. *tj > kʼ з наступным зацвярдзеннем, характэрным для часткі праславянскіх дыялектаў, пераважна т. зв. старажытнакрывіцкаму; гл. Нікалаеў, Балто-слав. иссл., 1988, 133–135; Залізняк, Слав. языкозн., X, 167. Параўн., аднак, аналагічнае развіццё ў т. зв. старажытнарадзімічскім рэгіёне: сустрэка́ть і сустрэча́ть ’тс’ (Растарг.), а таксама стракаць ’тс’ (гл.), што, магчыма, сведчыць пра старыя сувязі з заходнеславянскімі мовамі. Менш верагодна другаснае развіццё ч > к у выніку уніфікацыі асноў, як мяркуе Фасмер (3, 810) і іншыя, параўн. Палякоў, Slavistica Vilnensis, 1997, 190. Іванаў (Слав. языкозн., XIV, 263) бачыць тут працяг трансфармацыі t — l у k — l, параўн. соустрѣкле ’ён сустрэў’ (Пскоўскі летапіс XV ст.), што адпавядае [sustrēkal] з першапачатковага *rēt‑, адкуль сустракаць як паўднёвы працяг формы (Шавялёў, Prehistory, 371). Векслер (Гіст., 102) бачыць у беларускім слове кантактны ўплыў суседняй пскоўскай гаворкі або балцкіх моў. Сюды ж сустрэ́к: бягом к яму на сустрэк (Сержп. Прымхі) пры звычайным су́страч, укр. зу́стріч, зустрі́ч ’сустрэча’, рус. дыял. су́стреч, серб. дыял. сусрет і пад. (< *sъ‑rět‑, гл. ESSJ SG, 1, 255–256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́ты ’які не адчувае голаду’, ’укормлены, тлусты’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ’негалодны’ (Байк. і Некр.), ’тлусты, адкормлены’ (Касп., Пятк. 2, Мат. Гом., Нар. лекс., Сл. Брэс., Сцяшк., З нар. сл.), ’гладкі, тлусты’ (Жыв. НС), сы́тны ’сыты’ (ТС), сыць ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’сытасць; укормленасць’ (Нас., Бяльк.), сы́ціць ’карміць, насычаць’. Укр. си́тий, рус. сы́тый, стараж.-рус. сы́тъ(и), польск. syty, в.-луж., н.-луж. syty, чэш. sytý, славен. sýty, серб.-харв. си̏т, славен. sit, балг., макед. сит ’тс’, ст.-слав. сытъ ’сыты’. Прасл. *sytъ, відаць, роднаснае літ. sótus ’сыты, багаты, сытны’, лат. sats ’сытны’, ст.-прус. sātuinei ’насычаеш’, лац. satis ’досыць’, гоц. sōpa ’сыты’, ст.-в.-ням. sat ’сыты’, грэч. άατος ’ненасытны’ (Траўтман, 250; Мюленбах-Эндзелін, 3, 809; Вальдэ-Гофман, 2, 481; Покарны, 876), аднак пры гэтым цяжка патлумачыць адрозненні ў вакалізме. Іншыя даследчыкі ў сувязі з гэтым збліжаюць *sytъ са ст.-інд. çávas ’сіла, моц’, авест. sava‑ ’тс’, сюды ж ст.-інд. çū́ras ’моцны’, авест. sura‑ ’тс’, грэч. κυρος ’сіла, моц’ (Зубаты, LF, 28, 89; Фрэнкель, JF, 50, 7 і наст.). Борысь (590) узводзіць да дзеепрыметніка і.-е. *sū‑to‑ ’напоўнены, поўны’, што да і.-е. *seu̯‑ ’напаўняцца’, параўн. хец. sumai ’напаўняе’, гл. таксама Бязлай, 3, 238–239. Абмеркаванне іншых версій гл. Фасмер, 3, 821; ЕСУМ, 5, 245; Глухак, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыць 1 ’сытасць, насычэнне’, да сы́ці ’ўволю, удосталь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Юрч. Вытв., Федар. 4), сыць вам ’пажаданне тым, хто есць’ (Касп.), сыць Божа ’тс’ (ашм., Стан.), сыць ’укорм’ (Бяльк.), ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’пералічэнне’ (Пятк. 2), ’спажыва’ (віл., Сл. ПЗБ), сы́це ’тук’, ’сытасць, укормленасць’ (Нас.), сы́цце ’харчовае задавальненне, смачная і пажыўная ежа’ (Нік. Очерки), ’насычэнне; тлустасць’ (Нас.), ст.-бел. сыть ’ежа, харч’: оставила от сыти своеи (Альтбаўэр). Укр. сить ’тлустасць; сытасць’, рус. сыть ’ежа, корм’, ’сытасць’, ст.-слав. сыть ’сытнасць’, до сыти ’дасыта, уволю’. Прасл. *sytь < *sytъ (гл. сыты), варыянт з чаргаваннем у аснове захаваўся ў славен. dósti ’даволі’, серб.-харв. dȍsti ’даволі, вельмі’, польск. dość ’дастаткова’, в.-луж., н.-луж. dosć ’тс’. Гл. досыць.

Сыць 2 ’расліна Cyperus L.’, сыць ілжывая ’асака, Carex pseudo-cyperus’ (Кіс.). Параўн. укр. дыял. сить ’расліна Cyperus L.’, рус. сыть ’тс’. Няясна; звычайна не адрозніваюць ад сіт, сі́тнік (гл.), параўн. укр. сіть ’сітнік, чарот’ (ЕСУМ, 5, 247). Гл., аднак, укр. дыял. сить ’ражкі, Claviceps purpurea Tul.’, якая мае на Палессі іншыя назвы, у тым ліку спары́ш ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), што дазваляе, насуперак ЕСУМ (там жа), звязаць назву з сыты (гл. сыць 1), г. зн. багаты; які дае павелічэнне, напаўненне і інш. Адносна апошняга гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыч 1 ’птушка з сямейства сапраўдных соў’ (ТСБМ, Байк. і Некр. Федар. 4, ТС, Сл. ПЗБ), ’птушка Athene noctua Scop.’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.); ’птушка Strix nyctea’ (Меер Крыч.), сы́чык памянці, (стол., Лексика Пол., Ласт.). Укр. сич, си́чик, рус. сыч, сы́чык, польск. syczek ’соўка-сплюшка’, чэш. sýc, sýczek ’віды соў’, славац. sýč ’сыч’. Праславянскі дыялектны дэрыват ад *sykati ’сыкаць’, параўн. іншую назву сіпе́ль (ад сіпець, гл.), але Фасмер (3, 821) старажытнасць слова лічыць сумніўнай, таму малаверагодная, на яго думку, роднасць з літ. šáukti ’крычаць’, лат. sàukt ’зваць’, а таксама з сава, як меркавалі Мюленбах-Эндзелін (3, 771–772), Петарсан (KZ, 47, 241). Атрэмбскі (Зб. памяці Раманскага, 72) параўноўвае з літ. suõkt, suõkia, suõke ’крычаць’. Праформу *sytjь узнаўляе Будзішэўска (Słown.), *sytʼь Марэш (Slavia, 1967, 366–369), аналагічна ЕСУМ (5, 248); *sy(k)ťь Лома (Огледна св., 68), у якім бачыць табуізаваную сувязь са ст.-інд. sūkta‑ < *su‑ukta ’добра спамянуты’. Гл. яшчэ Махэк₂, 598. Гл. таксама ціць.

Сыч 2 ’калок у вуллі, на якім трымаліся пляйстры з мёдам’ (ТС), ’клін, звужаная палоска’: сыч картопяль (Сцяц. Сл.), сычы́ ’сорт бульбы, скараспелка’ (Ян.). Укр. сич ’сук ад абламанай галінкі на ствале’. Паводле ЕСУМ (5, 248), магчыма, звязана чаргаваннем галосных з сук (гл.), аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад сычык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)