Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавы ’вясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​ī̆​u (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́н1 ’кацёл з круглым дном і шырокім верхам’ (БРС, ТСБМ, Касп., Радч., Рас., Шатал., Янк.), ’чыгунны кацёл’ (Нас.), ’чыгун, вялікі чыгун’ (Арх. ГУ; палес., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’чыгунок’ (Др.-Падб.; рэч., Нар. сл.). Што датычыць лінгвагеаграфіі, цікава адзначыць, што Сл. паўн.-зах. гаворак улічвае толькі адну фіксацыю слова казан, якое паходзіць з Рагачоўскага раёна, г. зн. што слова вядомае ў паўн., усх. і палес. (усх.-палес.) гаворках. Паколькі яно безумоўна з’яўляецца запазычаннем, то гэта пранікненне з рус. мовы (кур., арл., тульск., маск., бран., цвяр., наўг.). Слова ведае і ўкр. мова, аднак крыніцай запазычання ўкр. казан для бел., як паказвае геаграфія, быць не магло. Рус. казан — запазычанне з усходу, параўн. тур., тат. kazan ’кацёл’. Ямельчанка (Тюркизмы, 168–169) адзначае, што казан ’вялікі кацёл’ цюрк. мовы ў ліку некаторых іншых слоў запазычылі з араб. або перс. мовы. Такая этымалогія не падтрымліваецца ў новых слоўніках, параўн., напр., БЕР, 2, 137, дзе аўтары супраць запазычання перс. hazgān у тур. мову; там жа адносна тур. kazan: kazmak ’капаць, дзяўбці, выразаць’.

Каза́н2 ’паглыбленне круглай формы на полі’ (рэч., Яшк.). Рэгіянальны перанос ад вядомага на гэтай тэрыторыі казан ’кацёл’. Тыпалагічныя паралелі: укр. кіравагр. казанок ’упадзіна круглай формы’, серб.-харв. kazan ’катлавіна’. Мадэль падобных пераносаў (назва посуду > геаграфічны тэрмін) шырока вядома ў славянскім свеце. Параўн. бел. кадоўб у такіх значэннях, рус. котел, славен. déža, дыял. рус. ендова і інш., агляд мадэлі гл. у Талстога, Геогр., 218–229.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́ ’курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑ ’размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́sti ’расцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́расень. Ст.-бел. вресень, врешень ’верасень’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ве́ресень (ст.-укр. вресень). У Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усх.-слав. формы з паўнагалоссем з’явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресеньве́расень, ве́ресень) — запазычанне з польск. (польск. wrzesień ’верасень’ ад назвы расліны верас: польск. wrzos, прасл. *versъ; гл. ве́рас). Гл. Галыньска–Баранова, Ukr. nazwy, 58–61 (падрабязна, з лінгвагеаграфіяй). Менш пераконвае думка, што вресень — гэта ўсх.-слав. слова, але толькі «славянізаванае». Рудніцкі (1, 353) усх.-слав. (укр.) ве́ресень выводзіць прама ад назвы расліны ве́рес, не закранаючы пытанне аб магчымасці запазычання. Качарган (Мовознавство, 1971, № 2, 88) форму вресень лічыць стараславянізмам. Неверагодна Дабрадомаў (РР, 1967, № 5, 57), які звязвае слав. *versьnь з дзеясловам тыпу рус. вереща́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вожка, вожкі ’лейцы’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. I, Янк. II, Юрч., Бір. Дзярж., Др.-Падб., Мядзв., Маш., Маслен., Мат. Гом., З нар. сл.). Рус. вожжа́, во́жжи, укр. ві́жка, польск. дыял. wodze ’вузда’, славен. vȏjka, славац. vodzka. Большасць даследчыкаў як зыходную аднаўляюць форму *vodi̯a (ад voditi) (Праабражэнскі, 1, 90; Фасмер, 1, 332; Махэк₂, 572; Брукнер, 629; Міклашыч, 376). Параўн. таксама літ. vãdžios ’лейцы, павады’, лат. važa ’павадок, ланцуг’ < vadît ’вясці’ (Фрэнкель, 1126). У гэтым выпадку беларуская форма рэканструюецца, як *vod‑i̯‑ka. Грот (Філал. раз., 2, 424) узводзіць гэта слова да вазіць, вязу, але гэтаму супярэчаць заходнеславянскія і славенская формы. У рус. мове застаецца нявытлумачаным ‑жж‑; падрабязна гл. Фасмер, 1, 332; КЭС, 63; Шанскі, 1, В, 129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́гар, легары, легёр, легар, лёгэр, лёгар, лігары ’падваліны’ (Сцяшк., КЭС, лаг., Шушк.), ’бервяно, на якім спускаюць ці ўсцягваюць гонтавы дах’ (Янк. I), ’адна з плах для падкладкі пад наземны вулей-калоду’ (Анох.), ’вага, рычаг для падымання бярвенняў ці інш.’ (Янк; калінк., Сл. паўн.-зах.). Укр. лёгарь, лігарь ’падваліны, жардзіны пад кастром дроў’, надднястр. лігар ’падваліны пад мастом’, жытомірск. легарі ’плахі ў подзе жорнаў’, рус. зах. легарь ’падкладка пад бочку’. Запазычана з с.-в.-ням. lëger; läger, leger (XVI ст.), н.-ням. Lager ’падкладка пад цяжкія прадметы’ < liegen ’ляжаць’, праз польск. мову (параўн. польск. legar ’падваліна’, ’падклад пад груз’ (Слаўскі, 4, 112)). Форма з лі- – вынік народнай этымалогіі (пад уплывам формы ліг ’(ён) лёг’) (Дзендзялеўскі, SSlav., 12, 1976, 286).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Немаўля ’малое дзіця’ (ТСБМ), іншыя формы, адзначаныя ў мастацкай літаратуры: немаўляшка (Багдановіч), немаўлёнак ’дзіця, якое знаходзіцца яшчэ ў лоне мацеры, не радзілася на свет’ (Лужанін), немаўлятка і пад., гл. Рапановіч, Лекс. і грам., 26–27. Адсутнасць слова ў народных гаворках сведчыць пра запазычанне, параўн. польск. niemowlę, укр. немовля́ ’дзіця, што яшчэ не гаворыць’ (Грынч.), якія маглі быць непасрэднымі крыніцамі запазычання (асабліва апошняе). Ст.-бел. немовя ’грудное дзіця’ (пачатак XVII ст.), паводле Булыкі (Лекс. запазыч.), са ст.-польск. niemowlę, хутчэй niemowię, што ў сваю чаргу запазычана з чэшскай, параўн. заўвагу Урбанчыка адносна польск. niemowiątko, якое упершыню з’явілася ў перакладзе Бібліі (ZPSS, 8, 460). Гл. таксама Фасмер, ZfSlPh, 12, 120; Вінцэнц, Slavica Herosolimitana, 7, 245–252; Брукнер, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́ры ’каторы’. Параўн. ст.-бел. который (у Скарыны). Рус. кото́рый, ст.-укр. которы(и), котры(и) ’тс’, укр. кото́рий, котри́й, ст.-слав. которъ, которыи, котерыи, балг. ко́трий, котри́, серб.-харв. koteri, kotori (дыял.), славен. koteri, славац. koterý, kolorý, kotrý, в.-луж. kotry, н.-луж. kótary. Прасл. *koterъ(jь), *kotorъ(jь). Слав. формы працягваюць утварэнні яшчэ і.-е. часу (і.-е. *k​o‑ter‑o‑, ад пытальнага займенніка *k​o (таго, што ў прасл. *kъjь ’які’) з суфіксам вышэйшай ступені ‑ter‑. Роднаснымі формамі лічацца літ. katràs ’які (з двух)’, kataràs, ст.-інд. kataras ’тс’, ст.-іран. katāra‑, ст.-грэч. πότερος, κότερος і інш. Гл. Фасмер, 2, 353–354; Трубачоў, Эт. сл., 11, 201–202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашало́т ’буйное марское млекакормячае атрада кітоў’. Параўн. рус. кашало́т, укр. кашало́т. Можна меркаваць, што ў бел. мове слова з’явілася пад уплывам рус. мовы, дзе ў канцы XVIII ст. запазычана з франц. Упершыню зафіксавана ў 1788 г. з напісаннем кашелот (сучасная арфаграфія адзначаецца з 1816 г.). Франц. cachalot, у сваю чаргу, запазычана з ісп. мовы; ісп. cachalote паходзіць з парт. крыніцы. Гл. Шанскі, 2, К, 105. Некаторыя крыніцы ўказваюць, што, напр., ням. Kaschelott паходзіць не прама з франц. формы, а з англ., якая ўзята з франц. (гл. Fremdwörterbuch, Leipzig, 1965, 338). Гэта спрэчная праблематыка, відаць, не мае яшчэ свайго канчатковага рашэння (новае выданне Wahrig G. Deutsches Wörterbuch. — Mosaik Verlag, 1980, англ. крыніцу нават не згадвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)