Немаўля ’малое дзіця’ (ТСБМ), іншыя формы, адзначаныя ў мастацкай літаратуры: немаўляшка (Багдановіч), немаўлёнак ’дзіця, якое знаходзіцца яшчэ ў лоне мацеры, не радзілася на свет’ (Лужанін), немаўлятка і пад., гл. Рапановіч, Лекс. і грам., 26–27. Адсутнасць слова ў народных гаворках сведчыць пра запазычанне, параўн. польск. niemowlę, укр. немовля́ ’дзіця, што яшчэ не гаворыць’ (Грынч.), якія маглі быць непасрэднымі крыніцамі запазычання (асабліва апошняе). Ст.-бел. немовя ’грудное дзіця’ (пачатак XVII ст.), паводле Булыкі (Лекс. запазыч.), са ст.-польск. niemowlę, хутчэй niemowię, што ў сваю чаргу запазычана з чэшскай, параўн. заўвагу Урбанчыка адносна польск. niemowiątko, якое упершыню з’явілася ў перакладзе Бібліі (ZPSS, 8, 460). Гл. таксама Фасмер, ZfSlPh, 12, 120; Вінцэнц, Slavica Herosolimitana, 7, 245–252; Брукнер, 360.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)