Каза́н1 ’кацёл з круглым дном і шырокім верхам’ (БРС, ТСБМ, Касп., Радч., Рас., Шатал., Янк.), ’чыгунны кацёл’ (Нас.), ’чыгун, вялікі чыгун’ (Арх. ГУ; палес., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’чыгунок’ (Др.-Падб.; рэч., Нар. сл.). Што датычыць лінгвагеаграфіі, цікава адзначыць, што Сл. паўн.-зах. гаворак улічвае толькі адну фіксацыю слова казан, якое паходзіць з Рагачоўскага раёна, г. зн. што слова вядомае ў паўн., усх. і палес. (усх.-палес.) гаворках. Паколькі яно безумоўна з’яўляецца запазычаннем, то гэта пранікненне з рус. мовы (кур., арл., тульск., маск., бран., цвяр., наўг.). Слова ведае і ўкр. мова, аднак крыніцай запазычання ўкр. казан для бел., як паказвае геаграфія, быць не магло. Рус. казан — запазычанне з усходу, параўн. тур., тат. kazan ’кацёл’. Ямельчанка (Тюркизмы, 168–169) адзначае, што казан ’вялікі кацёл’ цюрк. мовы ў ліку некаторых іншых слоў запазычылі з араб. або перс. мовы. Такая этымалогія не падтрымліваецца ў новых слоўніках, параўн., напр., БЕР, 2, 137, дзе аўтары супраць запазычання перс. hazgān у тур. мову; там жа адносна тур. kazan: kazmak ’капаць, дзяўбці, выразаць’.

Каза́н2 ’паглыбленне круглай формы на полі’ (рэч., Яшк.). Рэгіянальны перанос ад вядомага на гэтай тэрыторыі казан ’кацёл’. Тыпалагічныя паралелі: укр. кіравагр. казанок ’упадзіна круглай формы’, серб.-харв. kazan ’катлавіна’. Мадэль падобных пераносаў (назва посуду > геаграфічны тэрмін) шырока вядома ў славянскім свеце. Параўн. бел. кадоўб у такіх значэннях, рус. котел, славен. déža, дыял. рус. ендова і інш., агляд мадэлі гл. у Талстога, Геогр., 218–229.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)