Кашало́т ’буйное марское млекакормячае атрада кітоў’. Параўн. рус. кашало́т, укр. кашало́т. Можна меркаваць, што ў бел. мове слова з’явілася пад уплывам рус. мовы, дзе ў канцы XVIII ст. запазычана з франц. Упершыню зафіксавана ў 1788 г. з напісаннем кашелот (сучасная арфаграфія адзначаецца з 1816 г.). Франц. cachalot, у сваю чаргу, запазычана з ісп. мовы; ісп. cachalote паходзіць з парт. крыніцы. Гл. Шанскі, 2, К, 105. Некаторыя крыніцы ўказваюць, што, напр., ням. Kaschelott паходзіць не прама з франц. формы, а з англ., якая ўзята з франц. (гл. Fremdwörterbuch, Leipzig, 1965, 338). Гэта спрэчная праблематыка, відаць, не мае яшчэ свайго канчатковага рашэння (новае выданне Wahrig G. Deutsches Wörterbuch. — Mosaik Verlag, 1980, англ. крыніцу нават не згадвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)