ча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны блізка адзін каля другога. На полі бабкі частыя Пасталі ў чараду. Астрэйка. Так што бацькавіцкім закаханым ёсць куды пайсці летнім вечарам, калі на небе высыплюць частыя зоркі, а хітраваты круглы месяц пачне ўсміхацца са сваёй вышыні. Навуменка. // Які ідзе, адбываецца, паўтараецца праз кароткія прамежкі часу. Суха хлопнулі частыя стрэлы. Лынькоў. Частыя, хоць і невялікія дажджы заміналі сушыць сена. Чарнышэвіч. // Які бывае дзе‑н., наведвае каго‑н. праз невялікія прамежкі часу. Часты наведвальнік. □ [Гаспадыня:] — Давайце вып’ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем га гэтым сталом... Шамякін.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін каля аднаго аднародных прадметаў, частак, часцінак; густы. Часты грэбень. Часты дождж. □ Лес тут стаяў часты і высокі. Лобан. // Шчыльна сплецены, сатканы. Частае рэшата. □ Столькі звязалі рукі мае перавяслаў, Столькі звязалі мярэжаў частых, Столькі звязалі вянкоў для зрубаў... Кляўко.

3. Які складаецца з хуткіх рухаў, гукаў і пад., якія ідуць адзін за адным. У кароткіх паўзах чулася частае дыханне дыктара. Беразняк. Белым полем, крокам частым, Хто насустрач мне бяжыць? Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шугану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да шугаць.

2. Разм. Рынуцца куды‑н. Вучні шуганулі ад вокнаў, ад дзвярэй за парты. Шамякін. Статак шугануў на суседскі агарод. С. Александровіч. Пальцы рук .. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся; ён шугануў да воза, роўны, высокі. Чорны. // Прагучаць бурна, імкліва. З падворка шугануў на паляну меладычны перазвон званочкаў. Пестрак.

3. Разм. Зваліцца ўніз, шухнуць. Раптам Петрык — вось бяда! — Ледзь не з вершаліны, Закрычаўшы нема: — А-а-а-а!.. — Шугануў з яліны. Гілевіч. Скакаць з таварнага вагона Ніне было высока, але яна адчайна шуганула ўніз. Арабей.

4. Разм. Паліцца, пасыпацца адкуль‑н. [Алег] хацеў крыкнуць, пазваць бацьку, але не паспеў: цераз барты шуганула вада. Гамолка. На спіну шуганула зямля з травою і карэннямі зарасніку. Кулакоўскі.

5. Разм. Прагнаць каго‑н. адкуль‑н. [Іван Іванавіч:] — Дачакаліся, калі шуганулі з нашай зямлі навалач, збераглі яе [Канстытуцыю], як і зямлю, нашым потам, галубкі мае, палітую... Даніленка.

6. Зрабіць што‑н. у вельмі хуткім тэмпе. Трыста падвод з навакольных вёсак выехала ў лес па дрэва для народнага дома. Так шуганулі, што за тыдзень быў гатовы зруб, а за другі тыдзень і ўвесь дом. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Байра́к1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к2.

Байра́к2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.

Байра́к3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.

Байра́к4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).

Байра́к5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́сты ’элементарны, аднародны па саставу’, ’не складаны для разумення’, ’грубы па якасці’, ’няхітры, адкрыты, неганарлівы’, ’звычайны, негатунковы’, ’прамы, роўны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Бір. Дзярж., Шн. 2, Выг., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Клім.), ’свабодны’ (Нас.), ’слабы, некруты (аб пражы)’ (Уладз.), ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. просто́й, укр. про́стий, ст.-рус. простъ ’прамы, адкрыты, свабодны, просты’, ст.-слав. простъ ’прамы, просты’, польск., в.-луж. prosty, н.-луж. pšosty, чэш., славац. prostý ’просты, прамы’, серб.-харв. про̏ст ’няхітры, просты; дараваны, памілаваны’, славен. pròst ’натуральны, свабодны, звычайны, просты’, балг., макед. прост ’просты, нявыхаваны’. Прасл. *pro‑stъ ад pro‑ (гл. пра- і *sto‑). Апошняе параўноўваюць з літ. ãpstas ’багацце’, apstùs ’багаты, шчодры, шырокі’, atstùs ’аддалены’, лат. nuôst ’прэч’ (< *nuo‑stu), ст.-інд. sụṣthú‑ ’які знаходзіцца ў добрым стане’, оск. trstus ’сведка’, ст.-в.-ням. ewist ’аўчарня’. Першаснае значэнне *prosthos ’тое, што выступае; той, які выступае’, параўн. ст.-інд. prastha‑ ’горная раўніна, плошча’, ірл. rossлес, мыс’ (гл. Фасмер, 3, 380). Іншыя версіі: Міклашыч (321) выводзіў слав. *prostъ з *prostrъ ’разасланы’ і набліжаў да прастор і роднасных; Махэк₂ (485) роднаснымі славянскаму слову лічыў літ. prantù, pratau, pràsti ’прывыкаць’ (г. зн. *prostъ з *prot‑tos), аднак пры гэтым цяжка вытлумачыць яго семантыку. Паводле Аткупшчыкова (Балто-слав. иссл., 1984, 94–95), роднаснае літ. prãstas, лат. prasts ’просты; дрэнны’, літ. pràsti ’прывыкаць’, таксама Банькоўскі, 2, 788. Трубачоў (ЭССЯ, 13, 137–138) адносіць другую частку слова да *stojati (гл. стаяць) аналагічна да ku‑stъ ’куст’. Гл. таксама Шаўр, Slavia, 50, 52–60; Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 71. Паводле Сноя₂ (586), першасная семантыка — ’які стаіць спераду’, параўн. про́сто ’насупраць’: просто хаты (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пішч1 ж. р. ’ежа’ (пін., гродз., Сл. ПЗБ; Бяльк.; Юрч. СНЛ), пі́шча ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ). Разам з рус. пища, балг. пи́ща ’тс’, з ц.-слав., якое са ст.-слав. пища < прасл. *pitʼja са значэннем ’корм, ежа для скаціны’ (гл. Мартынаў, Этимология–1968, 16–18): польск. pica ’правіянт’, н.-луж., в.-луж. pica ’ежа, корм’, чэш. píce, славац. pica, славен. píča, серб.-харв. пи̏ћа ’тс’. Да прасл. *pitati, роднаснага літ. piẽtūs ’абед’, ’поўдзень’, ст.-інд. pitú‑ ’ежа’, авест. pitu‑ ’блюда’, piϑwā ’частка ежы’ < і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (Міклашыч, 247; Фасмер, 3, 270; Бязлай, 3, 44, ESJSt, 11, 647). Сюды ж рагач. пішчаві́к ’стрававод’, шчуч. пішчаво́я горла ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Адсячэнне канчатка ў пішч, магчыма, пад уплывам назоўніка корм.

Пішч2 ’рагавы стрыжань пяра’ (лях., івац., пін. ЛА, 1), ’адростак новага пяра’ (клец., лях., івац., там жа). Чэш. pisk ’тс’, славац. piski ’пер’е’, серб.-харв. пи̏ска ’кароткі кол, якім штурхаюць цяжкія прадметы’, pȉska ’абрубак дрэва, пень’, ’трэска’, балг. пы́ска ’клін, які ўстаўляецца ў дышаль’, пы́сек ’сошка, што ўстаўляецца адным канцом у дышаль, другім — у перадок пасада’. Прасл. *piskъ (для бел. формы — *piskjь) /*piska, якія, паводле Варбат (Этимология–1976, 35–38), узыходзяць да *pьx‑ ’калючы, востры (абрубак)’ > ’адростак новага пяра’ і ’кол’; сюды ж, магчыма, і пішчом лезці ’клінам’?), хаця народная этымалогія звязвае пішч з піскам: ’з піскам, з крыкам’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Стан.), параўн. народны выразі пішчыць, а лезе = настойліва, нахабна прабіраецца, прэцца. Зрэшты, апошняе можна параўнаць з рус. дыял. пишшой ’гвалтоўна, сілком’, якое Мяркулава (Этимология–1976, 100) адносіць да *pisti ’напіхваць’, што выводзіцца на падставе рус. наўг. пища́ ’густы лес’, з *pistъ ’густы’, роднаснае *pьxati, гл. піхаць, пішчу́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырво́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колеру крыві. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам. Лынькоў. На стале — чырвоныя памідоры, пакрытыя матавай пялёнкай вільгаці. Шахавец. // Пачырванелы ад прыліву крыві да скуры. Твар у салдата быў даўно няголены, барада была злямцавана, вочы чырвоныя з бессані. Чорны. У хворай жанчыны былі чырвоныя заплаканыя вочы. Шамякін. // у знач. наз. чырво́нае, ‑ага, н. Пра што‑н. колеру крыві. Чырвоным завешаны вуліцы, Вокны, балконы і плот. Чарот.

2. Звязаны з рэвалюцыйнай дзейнасцю, рэвалюцыйны; звязаны з савецкай дзяржавай, сацыялістычным ладам. Помніць вёска і першага «агіцірніка» Міцяя, што прыязджаў з чырвонага Піцера ад самога таварыша Леніна. Сачанка. — Байцом буду я чырвоным, — Пяты кажа гэтак, — Сцерагчы граніцы-межы Краіны Саветаў. Купала. / у знач. наз. чырво́ны, ‑ага, м. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. Колас.

3. Нар.-паэт. Новы, прыгожы, цудоўны. Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі. Крапіва.

4. Нар.-паэт. Яркі, ясны, светлы. Чырвоная раніца хлынула ў хату яскравым сонцам. Гартны. Ішоў чырвоны ранак Па свеце, за акном. Куляшоў.

5. Уст. Пачэсны, парадны. У светлай зале За чырвоны стол.. Селі з намі поруч Сяляне з польскіх і румынскіх сёл. Аўрамчык.

6. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чырвоны перац.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) гл. таварыства.

Чырвонае віно — віно, прыгатаванае з цёмных сартоў вінаграду.

Чырвонае дрэва гл. дрэва.

Чырвоная Армія гл. армія.

Чырвоная гвардыя гл. гвардыя.

Чырвоная дошка гл. дошка.

Чырвоная ікра гл. ікра.

Чырвоная кніга — кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, якая змяшчае ў сабе кароткія звесткі аб распаўсюджанні, колькасці, біялогіі і мерах аховы рэдкіх відаў жывёлы і раслін усяго свету. Чырвоная кніга СССР.

Чырвоная медзь — чыстая медзь (без прымесі іншых металаў).

Чырвоная рыба — рыба сямейства асятровых (бялуга, асетр, сяўруга і пад.).

Чырвоная субота — тое, што і камуністычны суботнік (гл. суботнік).

Чырвоны абоз гл. абоз.

Чырвоны гальштук — тое, што і піянерскі гальштук (гл. гальштук).

Чырвоны жалязняк гл. жалязняк ​1.

Чырвоны куток гл. куток.

Чырвоны лес гл. лес.

Чырвоны напал — такая ступень нагрэву, пры якой металы пачынаюць свяціцца чырвоным святлом.

Чырвоны радок — першы радок абзаца.

Чырвоны флот гл. флот.

Праходзіць чырвонай ніткай (ніццю) гл. праходзіць.

Пусціць чырвонага пеўня гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́расці, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцем, ‑сцеце, ‑стуць; зак.

1. Стаць большым; падрасці. Трава вырасла за тыдзень. □ [Кравец:] — Добры вечар у хату, як маецеся? Ого-о, малая ўжо якая вырасла! Чорны. // Стаць дарослым, развіцца. З маленькага, слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка. // Правесці дзе‑н. свае дзіцячыя гады; выгадавацца. Нарадзіцца і вырасці ў вёсцы.

2. Павялічыцца колькасна ў памерах, аб’ёме, сіле і пад. Прыбыткі гаспадаркі выраслі. Атрад вырас у брыгаду. □ Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць. Бядуля.

3. Удасканальваючыся, дасягнуць больш высокай ступені. Выраслі майстры высокага ўраджаю. □ Вырасла новая, адданая сацыялізму інтэлігенцыя, якая выйшла з народу. Праграма КПСС.

4. Узнікнуць, з’явіцца. З жолуда вырас дуб. □ На захадзе вырасла чорная хмара. Чорны. На пустым месцы, у полі, вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай.. формы маладога жыцця. Колас.

5. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Перад падарожным вырас горад. □ У гэты.. момант дзверы хаты адчыніліся, і на парозе вырас сувязны. Васілевіч.

•••

Вырасці на вачах — хутка вырасці.

Вырасці на лес гледзячы — вырасці вельмі высокім.

Вырасці ў чыіх‑н. вачах — павысіць свой аўтарытэт перад кім‑н., заслужыць павагу, прызнанне ў каго‑н.

Як з(‑пад) зямлі вырасці (з’явіцца) — нечакана ўзнікнуць, хутка з’явіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.

2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.

3. Які мае адносіны да міру ​1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.

4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)