вырасці, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцем, ‑сцеце, ‑стуць; зак.
1. Стаць большым; падрасці. Трава вырасла за тыдзень. ▪ [Кравец:] — Добры вечар у хату, як маецеся? Ого-о, малая ўжо якая вырасла! Чорны. // Стаць дарослым, развіцца. З маленькага, слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака. Мурашка. // Правесці дзе‑н. свае дзіцячыя гады; выгадавацца. Нарадзіцца і вырасці ў вёсцы.
2. Павялічыцца колькасна ў памерах, аб’ёме, сіле і пад. Прыбыткі гаспадаркі выраслі. Атрад вырас у брыгаду. ▪ Першы кароткі канспект вырас за дзень у вялікую, цікавую аповесць. Бядуля.
3. Удасканальваючыся, дасягнуць больш высокай ступені. Выраслі майстры высокага ўраджаю. ▪ Вырасла новая, адданая сацыялізму інтэлігенцыя, якая выйшла з народу. Праграма КПСС.
4. Узнікнуць, з’явіцца. З жолуда вырас дуб. ▪ На захадзе вырасла чорная хмара. Чорны. На пустым месцы, у полі, вырас цэлы пасёлак, першая аснова новай.. формы маладога жыцця. Колас.
5. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Перад падарожным вырас горад. ▪ У гэты.. момант дзверы хаты адчыніліся, і на парозе вырас сувязны. Васілевіч.
•••
Вырасці на вачах — хутка вырасці.
Вырасці на лес гледзячы — вырасці вельмі высокім.
Вырасці ў чыіх‑н. вачах — павысіць свой аўтарытэт перад кім‑н., заслужыць павагу, прызнанне ў каго‑н.
Як з(‑пад) зямлі вырасці (з’явіцца) — нечакана ўзнікнуць, хутка з’явіцца.