Млець ’траціць прытомнасць, свядомасць’, ’абміраць’, ’слабнуць, нямець’, ’вянуць’, ’баяцца’, ’доўга парыцца ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Шат., Гарэц., Растарг., ТС; тураў., КЭС; КЭС, лаг.; смарг., Сл. ПЗБ). Укр. млі́ти, рус. млеть, ст.-рус. мьдлити, польск. mdleć, чэш. omdlíti, ст.-чэш. mdléti, славац. mdlieť, славен. medléti, medȅl, medlȇn ’слабы, худы’, харв. mlȇdan ’худы’, ст.-ц.-слав. мъдлъ. Не зусім яснае слова. Паводле Скока (2, 442), харв.-славен. прыметнікі — самастойныя ўтварэнні з blijed ’бледны, цьмяны’. Бязлай (2, 175) супастаўляе славен. medléti з рус. модеть ’слабець’ (гл. бел. мадзе́ць) і з медленный (як Бернекер, 2, 64 і Фасмер, 2, 632), але і з літ. maũsti ’ныць, сумаваць, быць прыгнечаным’, выводзячы прасл. форму mъdъlъ — другую ступень рэдукцыі да muditi, аднак дапускаючы таксама і кантамінацыю розных блізкіх лексем: maleti, mleti, mlahav. Махэк₂ (356–357) апрача рус. медлить дадае яшчэ меледа́ ’прамаруджванне’, выводзячы прасл. форму mьdъ, а паводле меледи́тьmeld‑. Сюды ж бел. мля́вы ’пазбаўлены бадзёрасці, вялы, слабы, стомлены, павольны’ (ТСБМ) < мляўкі ’тс’, ’парны, гарачы, які даводзіць да млявасці’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.), млевота ’стомленасць’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слабы́ ‘які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы’, ‘нямоцны, нетрывалы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Касп.; гродз., брэсц., ЛА, 5), ‘мізэрны, слабасільны, хілы, кволы’ (Ласт.), сла́бы(й) ‘тс’ (Бяльк., ЛА, 5). Укр. слаби́й, рус. сла́бый, ст.-рус. слабъ, польск., в.-луж., н.-луж. słaby, чэш. slabý, серб.-харв. сла̏б, славен. slàb, балг. слаб ‘слабы, худы, хілы’, макед. слаб ‘тс’, ст.-слав. слабъ. Прасл. *slabъ. Роднасныя: літ. slõbti, slobstù, slabaũ ‘слабець, траціць прытомнасць’, лат. slãbt ‘абмякнуць, панікнуць’, ст.-в.-ням. slaf ‘слабы, вялы’, с.-в.-ням., н.-ням. slap ‘тс’, гоц. slēpan ‘спаць’, магчыма, лац. labor, labi ‘падаю, кульгаю’, laborāre ‘цяжка працую, падаю ад стомленасці’; гл. Младэнаў, 588; Праабражэнскі, 2, 316–317; Фасмер, 3, 664; Траўтман, 270; Вальдэ-Гофман, 1, 739; Махэк₂, 551. Скок, 3, 277; ЕСУМ, 5, 294; Брукнер, 499 лічаць слова славяна-германскім, а балцкія формы разглядаюць як запазычанні з польскага. Райхельт (KZ, 39, 25), Праабражэнскі (там жа), Скок (там жа) і інш. рэканструююць і.-е. аснову *(s)lab‑, *(s)lōb‑ > лац. lābor, labi ‘слізгаць, праслізгваць’; гэту лацінскую паралель прымае і Фасмер (там жа). Махэк₂ (551) даўгату а ў славянскім слове, параўнальна, напрыклад, з ст.-в.-ням. формай, лічыць экспрэсіўным падаўжэннем. Борысь (537) узводзіць да і.-е. *(s)lē̆b‑/*(s)lō̆b‑/*(s)lā̆b‑ ‘быць абвіслым, слабым’. Гл. яшчэ БЕР (6, 824–827) з аглядам іншых версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляны́, ля́ный, ле́ны, лены́ ’лянівы’ (ТСБМ, Нас., Мікуц., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Пятк., Маш., КЭС, лаг., ТС; Сл. ПЗБ), слуц. ле́ны дуб ’адзінокі дуб на лузе, у полі’ (БНТ, Лег. і пад.); зах.-рус. ленный, ленной ’гультаяваты’, ст.-рус. лѣный ’павольны’, ’гультаяваты’, польск. leny, в.-луж. lěni, lěny, lijeni ’тс’, чэш. líný ’слабы, самлелы’, ст.-чэш. léni, léný, славен. lẹ̑n, серб.-харв. lȉjen, чак. ле́нӣ, усх.-серб. ле̂њ, ст.-слав. лѣнъ. Прасл. lěnъ ’гультаяваты, павольны, марудны’ (Слаўскі, 4, 157–159). Да і.-е. lē‑ (Шустар-Шэўц, 826). Генетычна яму адпавядаюць: літ. lė́nas ’спакойны, ціхі’, ’слабы’, лат. lḕns ’тс’, літ. lė̃tas ’павольны, ціхі’, lėtùs ’тс’, лац. lēnis ’мяккі, пяшчотны’ (Фасмер, 2, 482–483). Аткупшчыкоў (Из истории, 246) звязвае гэту лексему з коранем leg‑/log‑ > *leg‑s‑nis > лѣнь (пры ізасемантычным радзе ’ляжаць’ — ’гультай’: leg‑e‑nis > лежень), параўн. таксама паралельнае развіццё раду вытворных асновы лѣн — у рускіх гаворках са значэннем ’ляжаць’, напр. лѣнуха, лѣнивка ’лава ля печы’. Сюды ж лень‑дуб ’від дуба, які позна распускаецца’ (ТС), ляні́вы (ст.-бел. ленивый, лѣнивый) ’непрацалюбівы, марудны ў працы, у рухах, вялы’, ляні́цца, лыны́тысь ’ленавацца’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, ТСБМ, Яруш.; Панюціч, 101). Гл. таксама лень1, лень2, ляна́.

Ля́ны2 ’ільняны’ (Сцяшк., маладз. Жыв. сл.). Ля́ны выхад ’рабочы дзень на ўборцы льну’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён, ільняны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казля́к1 ’масляк’ (БРС, ТСБМ; лаг., петр., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.; брасл., гарад., лудз., Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Шат.), ’грыб Boletus bovinus’ (Дэмб.), ’грыб Boletus scaber’ (Яруш.), ’нейкі грыб’ (Прышч. дыс., Сержп., Яруш.), ’перцавы грыб’ (уздз., Нар. словатв.), ’усякі грыб’ (Бяльк.), ’усе грыбы, апрача баравікоў’ (Арх. ГУ; глус., мазыр., стаўбц., Жыв. сл.; Маш.; шчуч., Сл. паўн.-зах.; Янк. 2), козляк: білый козляк ’грыб каўпак кольчаты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), козляк ’агульная назва ядомага грыба, апрача баравіка’ (бяроз., драг., іван., пін., Жыв. сл.), козлякы, козлек, кузлякы, кузлек ’тс’ (драг., Жыв. сл.), кузляк ’тс’ (стол., Жыв. сл.), козлякі ’агульная назва ўсіх ядомых грыбоў, акрамя баравікоў і падасінавікаў’ (пруж., Нар. словатв.). Укр. усх.-палес. казляк ’любы ядомы грыб, за выключэннем баравіка’, козляки ’тс’, рус. козляк ’грыб масляк; грыб абабак’ (першае лічыцца дыялектным: валд., наўг., цвяр., калін., бран., калуж., раз., ярасл., смален. і інш.). Лінгвагеаграфія не вельмі выразная. Улічваючы наяўнасць слова ў розных дыялектных зонах Беларусі і параўноўваючы вялікую рускую тэрыторыю распаўсюджання, казляк можна лічыць усх.-слав. інавацыяй. Бел. слова Сцяцко (Афікс. наз., 146) лічыць вытворным з дапамогай суфікса ‑як, відавочна, ад казёл, на карысць такой думкі паралельныя дэрываты ад казабел. казяк, рус. козьяк ’масляк, абабак’, аднак на магчымасць іншага тыпу дэрывацыі ўказваюць такія прыклады, як бел. швянч. казля ’масляк’ і козляк, козлячок, прыведзеныя Насовічам як дублеты да казёл, каза ў назвах грыбоў. Аб матывацыі гл. каза, казёл.

Казля́к2, казьляк ’размоклая рэч’ (Ян.). Перанос ад казля́к ’грыб’, цікава звярнуць увагу на літ. óžgrybis ’абабак’ і ’вялы чалавек, размазня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́хля ’неахайны’ (Нас.), ’чалавек, неакуратны наогул і ў быце’ (шкл., КЭС), ’неахайны, брудны’ (маладз., КЭС; Мат. Маг.), ’вялы, неахайны’ (Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’неахайная гультаяватая жанчына’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), ’неахайная, нязграбная і дзікаватая жанчына’ (мсцісл., З нар. сл.), рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (там жа), ро́хля, ро́хліна, ро́хлішча ’неахайная асоба’, ро́хліцца ’рабіць неакуратна’, ро́хленне ’неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ), ро́хля ’тоўстая непаваротлівая жанчына’ (ТС), ’празмерна тоўстая разлезлая баба’ (слонім., Жыв. НС), рахэ́ля ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. ро́хля ’разява’, ’тупіца’; ’неахайны чалавек’, калуж. ’гультаяватая і тоўстая жанчына’, балг. ро́хла ’кабета або жанчына з непрычэсанымі валасамі’. Звычайна звязваюць з роднаснымі лексемамі ры́хлы, ру́шыць (Праабражэнскі, 2, 218); апошняе (ру́шыць) лічаць ітэратывам ад незафіксаванага ў слав. мовах *rusti ’рыць’, ад асновы якога *rou̯s‑ утварыўся дзеепрыметнік *ruxlъ, *ruxlʼa > польск. дыял. ruchla ’свіння’ (Фурлан у Бязлай, 3, 209), параўн. літ. raũsti, ràust ’рыць, капаць’, лат. rušināt ’разрыхляць’, ’перамешваць жар’, чэш. ruchati ’араць’ (Махэк₂, 525). З семай ’свіння’ звязана этымалогія Якабсона (IJSLP, 1, 268): ро́хля < ро́ха ’свіння’, ро́хкать ’рохкаць’ (Фасмер, 3, 508). Мацэнаўэр (LF, 17, 199) параўноўвае лексему з славен. ráhel ’рыхлы’, ’кволы’. Аднак можна сумнявацца наконт адпаведнасці вакалізма ra‑ і *ry. Сной₂ (599) выводзіць яго з дзеепрыметніка *raxlъ < *ra̋sti ’рыць, грэбці, штурхаць’ > славен. rášiti ’тс’, макед. рошка ’рыцца, корпацца, кешкацца’, балг. ро́хав, рохкав ’рыхлы, мяккі, пяшчотны’, ре́ша ’часаць, прычэсваць’. Гл. таксама Бярнар (Бълг. изсл., 248–249), які выводзіць балг. ро́хла з ро́хав, ро́хлест ’непрычасаны, ускудлачаны’, што звязаны чаргаваннем з ре́хав ’калматы, рыхлы’, апошняе да ря́дък ’рэдкі’. Неславянскае паходжанне прапануе Масковіч (Зб. Талстому, 355), ад яўрэйскага ўласнага імя Rokhl/Rukhl.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няг̌е́г̌лы ’кволы, слабы; несамавіты’ (Касп.; Жд. 2; бялын., Янк. Мат.; Крыў., Дзіс.), няге́глымі ’нездаровы, слабы’ (Бяльк.), ніг̌е́г̌лы ’няўдалы, непаваротлівы’ (Цых., Сл. ПЗБ), сюды ж няг̌е́г̌а ’чалавек слабага здароўя’, няг̌е́г̌лік ’няздара, няўмека’ (Сл. ЦРБ), ’нямоглы, няўдалы, хворы чалавек’ (Янк. 3.), няге́гляццё ’нягеглае стварэнне’ (Юрч. Фраз. 1). Няясна. Існуе некалькі версій, якія не здаюцца дастаткова пераканальнымі. Талстой (Бел.-укр. ізал., 78) звязвае беларускія словы з укр. валын. г̌е́ги ’ногі’, балг. ге́га ’палка’, макед. гега ’доўгая пастухова палка’ і асабліва гегав ’крываногі, кульгавы’, гегало ’кульгавы, апушчаны чалавек; замухрышка’, гега (се) ’хадзіць кульгаючы, хістаючыся’ з семантычным развіццём ’хістацца’ — ’хадулі’ — ’палка’, ’хто хістаецца’ — ’кульгавы’ — ’замухрышка’ і ўзмацняльным ні‑ (не-), што ўрэшце ўзводзіцца да імітацыйнага (гука- і рухапераймальнага) кораня *geg‑, *gig‑, *gog‑, параўн. нягога (гл.). Мартынаў (пісьмова) збліжае з балг. як ’моцны, здаровы’, варыянт ягк (Гераў) < прасл. *jagъkъ, суадноснае з літ. jegús ’моцны, магутны’, рус. неяглыйвялы’, на падставе чаго рэканструюецца *геглы < *еглы ’здаровы, моцны’ — l‑авы дзеепрыметнік ад балт.-слав. *jagti (⩽ літ. jėgti ’быць у стане, магчы’), што малаверагодна. Можна дапусціць сувязь з балтызмам ǧéǧa ’крэмень’ (гл.), што з’яўляецца сімвалам моцнага, трывалага (параўн. моцны, як крэмень), адкуль няг̌е́г̌а з процілеглым значэннем, аднак гэтаму пярэчыць вузкая тэрыторыя распаўсюджання зыходнага слова (Гродзеншчына, усходняя Беласточчына). Калі ўлічыць фанетычна і семантычна блізкія формы тыпу няге́длы ’недаразвіты, слабы’ (Мат. Маг.), няге́длый ’нягеглы, нездаровы, слабы’, ныге́длый ’нікчэмны’ (Сл. Брэс.) і асабліва неге́лда ’няўдаліца’ (Сцяшк. Сл.), то названыя словы можна вывесці з дзеясловаў тыпу г̌е́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (гл.), г̌елдава́ць ’разумець’ (КСТ), параўн. таксама не́галда ’няўдалы, слабасільны, кволы’, якое лічыцца праблематычным балтызмам (гл.). Тураўскае неге́бны ’нягеглы, няўдалы’ можна звязаць з г̌ебнуць, г̌ег̌нуць ’загінуць, памерці’ (гл.), пры гэтым не мела б экспрэсіўна-ўзмацняльны характар, параўн. гродз. геблы ’дрэнны, шкодны’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхор, тхур, тху͡ор, тхір, тхыр, хор(ь) ‘шашок, драпежная жывёліна сямейства куніцавых, Mustela putorius’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Клім., Бес., Сцяшк., Дразд., Др.-Падб., Вруб., ТС, Гарэц., Пятк. 2; паўд.-бел., Сл. ПЗБ; усх.-віц., маг., ваўк., віл., гарад., свісл., ЛА, 1): седзі моўчкі, тхуор у нары (Сержп. Прык.), тхор, тхорь ‘тс’ (Растарг.); ст.-бел. тхоръ ‘тс’, ‘футра тхара’ (ГСБМ), перан. тхор ‘баязлівец’ (Нас.), сюды ж тхары́ць ‘баяцца, палохацца’, тхарлі́вы ‘палахлівы’ (Некр. і Байк.), тхарава́ты ‘нелюдзімы, пануры (пра чалавека)’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. тхір, хір, рус. хорь, хорёк, тхорь, стараж.-рус. дъхорь, дохорь, тхорь; польск. tchórz, tkórz, twórz, tfórz, tórz, ćkórz, каш. tvȯř, славін. tk​ȯ́ř, н.-луж. twóŕ, в.-луж. tkhóŕ, tchór, twór, чэш. tchoř, schoř, zhoř, ст.-чэш. dchoř, славац. tchor, славен. thȏr, dihúr, dehȏr, харв., tvȏr, vȍr, fȍr, por, torec, серб. тво̑р, тор, хор, то̏рац, балг. твор, трор, тор, то́рче, тръ́рче, пхорь, пор, по́рът, макед. твор, пор. Прасл. *dъxoŕь першапачаткова ‘смярдзючка’ (Бернекер, 1, 101; SP, 5, 153; Сной₂, 109; Фасмер, 4, 270; Махэк₂, 643; Скок, 1, 374; Бязлай, 1, 101; ЭССЯ, 5, 177–178; ЕСУМ, 5, 689–670). Утворана ад дзеяслова *dъxnǫti ‘смярдзець’ пры дапамозе суф. *‑oŕь. Уласцівасць тхара выдаваць з сябе смярдзючы пах выклікала шэраг падобных утварэнняў ад іншых дзеясловаў з такой жа семантыкай: смярдзюк (Жыв. сл.), польск. śmierdziel, славен. smrdak, smrduh, харв. smŕdelj, серб. смр̏дљивац, макед. смрдушка, смрдуљка (< прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’), рус. дыял. бздюх ‘тхор’ (< прасл. *pьzděti ‘псаваць паветра’), а таксама ў неславянскіх мовах, напрыклад, франц. putois < ст.-франц. put ‘смярдзючы’ < лац. puter ‘гнілы, трухлявы; смярдзючы’, ‘вялы’. Варыянтнасць пачатку слова назіраецца пасля страты рэдукаваных у выніку прыпадабнення звонкага *d‑ да глухога *t‑ і іншых фанетычных працэсаў. Няма падстаў выводзіць бел. тхор ‘шашок’ з польск. tchórz (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 152), аднак пераноснае значэнне ‘баязлівец’, магчыма, з’яўляецца супольнай інавацыяй або ўтварылася на базе значэння ‘псаваць паветра ў выпадку небяспекі’, што характэрна для жывёліны, ці абазначэння скрытнага характару паводзін чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)