О́раб, орап (*вораб, *ворап) ’рабіна’ (Жыв. сл.). Да рабіна (гл.). Словаўтваральная структура тлумачыцца тым, што галіны рабіны пакрыты ягадамі, нібы чырвоным снегам. Параўн. вокідзь, окідзь — пра снег на галінах. Тады о́раб (вораб) да *o‑ręb‑ь < rębiti < rębъ. Гл. рабы, ад якога паходзіць і рабіна.
О́рган ’частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. орган з польск. organ (адпавядае месца націску) (Фасмер, 3, 149). Менш верагодна запазычанне рус. орган са ст.-слав. органъ (КЭСРЯ, 312).
О́ргія ’разгульнае, разбэшчанае баляванне’ (ТСБМ). Запазычана з рус. оргия, якое праз ням. Orgie (XVII ст.) з лац. orgia (Фасмер, 3, 149).
О́рдэн ’знак узнагароды, арганізацыя з пэўным статутам’ (ТСБМ). З рус. орден, якое з ням. Orden (XVIII ст.) (Фасмер, 3, 150; КЭСРЯ, 313).
О́рдэр ’пісьмовае распараджэнне на атрыманне чаго-небудзь’ (ТСБМ). Праз рус. ордер з ням. Order або непасрэдна з франц. ordre (Фасмер, 3, 150), рус. ордер з франц. ordre (XVIII ст.) (КЭСРЯ, 313).