От, ото ’вось’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Жд., Янк. 2, Янк. Мат., Ян., Кліх). Укр. от, ото, рус. от, ото, вот, серб.-харв. ото, чэш. oto, польск. oto, што сведчыць аб праславянскім характары слова. Адпаведна толькі ўсходнеславянскія паралелі з пратэтычным в‑: бел. авот (Бяльк.), рус. вот. Паводле Фасмера (1, 358), зыходзіць да спалучэння выклічніка o (аблаутнае, да e) з займеннікам to(d). Адсюль роднаснасць otъ, oto з eto (гл. гэты). ESSJ, SG, 2, 551 супраць, паколькі ўтварэнні з e‑ маладзей. Параўн. іншыя, яшчэ больш неверагодныя гіпотэзы: Фартунатаў, AfslPh, 12, 97 (з і.-е. *ho > лац. hoc), Зубаты, LF, 36, 338 (з ovo + to).
О́тхлань ’супакаенне душы на тым свеце, чысцец’ (Нас., Багд., Федар. I). Параўн. вотхлань (гл.) ’чысцец’ (Шэйн. 2). Значэнне ’чысцец’ не зусім дакладнае. Федароўскі (1, 221) дае для гэтага слова наступны кантэкст: «У ночы між Усіх святых а Задушным днём, душы змарлые з неба, з пекла, з атлхлані і з чысьца прыходзяць да дому», з якога відаць, што отхлань і чысцец — розныя сферы таго свету. Насуперак Булыку (Запазыч., 232) нічога агульнага з польск. otchłań ’бездань’ не мае. Аб гэтым сведчаць іншыя значэнні гэтага слова і ў першую чаргу ’адпачынак, перапынак’ (Нас.). Параўн. без атхлані ’без перапынку’ (Нас., Яруш.). Не даваць атхлану ’адбывацца бесперапынна’. Звязана па паходжанню з адхлан (гл.) ’адпачынак, перапынак’ (Нас., ТС), ’прахалода, халадок’ (Нас.). Магчыма, што ў ТС (3, 290) прадстаўлена таксама гэта другое значэнне: не даваць атхлану ’не даваць прахалоды’. Параўн. адзіны кантэкст: «Дождж не дае нам атхлану». Тады ўся гэта група слоў да *ад‑халод‑нь/*ад‑халод‑н. Параўн. халонна ’холадна’, халонны ’халодны’ (Бяльк., 470), гл. халонуць.