Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́пера ’твор, пры пастаноўцы якога выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра’ (ТСБМ). З рус. опера, якое з іт. opera (Фасмер, 3, 144; КЭСРЯ, 310).

О́пій, о́піум (ТСБМ) ’высушаны млечны сок з няспелых галовак маку’ (ТСБМ). Запазычана з рус. опиум, якое з ням. Opium (XVI ст.) (Фасмер, 3, 144). Згодна з КЭСРЯ, 310, рус. опиум з лац. opium (XIX ст.).

О́птам ’вялікай колькасцю’ (ТСБМ). Параўн. «оптам і ў розніцу». Запазычана з рус. оптом, якое з *обьт. Форма оптам адлюстроўвае творцы склон (Фасмер, 3, 147; КЭСРЯ, 311), *обьт — дало рус.-ц.-слав. общий.

О́птыка — ’раздзел фізікі, які вывучае святло, яго законы, уласцівасці’ (ТСБМ). Запазычана з рус. оптика, якое праз ням. Optik (XVII ст.) з лац. optica (Фасмер, 3, 147). Іншае тлумачэнне гл. КЭСРЯ, 311. Рус. оптика запазычана з франц. optique (XVIII ст.), але ў гэтым выпадку мы б чакалі націск на перадапошнім складзе (*опти́ка) і, магчыма, іншую марфалогію.