Кры́жык ’аўсяны мэндлік з 15 снапоў каласамі да цэнтра’ (Жыв. сл., Касп.). Да крыж 1 (гл.). Параўн. крыжок (гл.).
Кры́зіс ’рэзкі пералом, абвастрэнне становішча’ (ТСБМ). Запазычанне праз рус. кризис з ням. Krisis (Шанскі, 2, 8, 392).
◎ Кры́зкі ’махры’ (Жд. 3). Магчыма, ад грызні да грызці (гл.).
Крык ’вельмі моцны гук голасу’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Сержп. Пр., Бяльк., Сержп., Ск., ТС). Укр. крик, рус. крик ’тс’, макед. крик, серб.-харв. кри̑к, славен. krȋk ’тс’, польск. krzyk, чэш. křik, славац. krik, в.-луж. křik, н.-луж. kśik ’тс’. Прасл. krikъ зваротнае словаўтварэнне да kričati. Параўн. літ. krỹkti ’крычаць’. Іншыя паралелі больш праблематычныя (Фасмер, 2, 376–377; Слаўскі, 3, 240; Фрэнкель, 298–299).
◎ Крыкаві́нне ’жабурынне’ (Бяльк.). Гл. каркавіне, працавіка.
◎ Крыкаві́шча ’адлегласць на голас’ (ТС). Да крык (гл.).
◎ Крыке́ўка ’папярочная планачка на дзяржанні ў лапаце’ (Шатал.). Да кракеўка. Гл. кроква.
Кры́кса 1 «Ена зімой бываець і не даець рабятам спаць, ены і стануць ўсю моць блажыць…» (Шн., Сержп. Пр.), «Як быў мой Іванка малы, на яго напалі крыксы» (Арх. ГУ), ’дзіцячая хвароба’ (Сл. паўн.-зах., Шат.). Гл. крыкса 2.
Кры́кса 2 ’пра крыклівае і плаксівае дзіця’ (ТСБМ, Нар. лекс., КЭС, лаг., Нар. словатв., Мат. Гом.). Назва дзеючай асобы са спецыфічным ‑с‑а‑суфіксам, для пеяратыўных назоўнікаў з к‑заканчэннем кораня. Параўн. крыкса, плакса, хныкса, мыкса (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 64–65).
Крыксу́н ’крыкун (пра дзіця)’ (Юрч., Яўс., З нар. сл., КЭС, лаг., Жд. 3, Мат. Маг., Сцяшк.). Утварэнне на ‑ун пад уплывам крыкун. Да крыкса 2 (гл.).
Крыку́ха ’падсадная качка ў паляўнічых’ (ТС). Да крычаць. Гл. крык.