Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бур ’свідравальная прылада’. Рус., укр. бур. Запазычанне з ням. Bohr (параўн. bohren ’свідраваць’) ці гал. boor, швед. borr. Бернекер, 102; Фасмер, 1, 242; Шанскі, 1, Б, 228; памылкова Рудніцкі, 257 (< ням. Bohrer).

Бу́ра (Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар., БРС), бу́ря (Бяльк.). Рус. бу́ря, укр. бу́ря, польск. burza, чэш. bouře, ст.-слав. боурꙗ, серб.-харв. бӳра, балг. бу́ра, бу́ря і г. д. Прасл. *burʼa ’бура’. Сюды ж, відаць, прасл. *buriti (гл. бурыць). Спрэчным з’яўляецца пытанне, ці *burʼa — аддзеяслоўнае ўтварэнне ці не. У аснове гэтай групы слоў ляжыць, мабыць, і.-е. гукапераймальнае *bhou̯r‑, *bhur‑. Параўноўваюць з лат. baûŗuôt, нарв. būra ’рыкаць’, ст.-ісл. byrr ’спадарожны вецер’, лац. furō ’шалею’, грэч. φυρμός ’беспарадак’, ст.-інд. bhuráti ’рухаецца, валтузіцца’ і г. д. Траўтман, 28; Мейе, RS, 2, 65; Слаўскі, 1, 51; Фасмер, 1, 250; Праабражэнскі, 1, 55; Брукнер, 50. Параўн. яшчэ Махэк₂, 62. Няпэўна Шанскі, 1, Б, 236–237. Параўн. бу́рыць.

Бурава́л. Гл. пад бурва́лак1.

Бура́к (БРС, Шат., Нас., Сцяшк., Кіс., Гарэц., Бесар.). Рус. бура́к, укр. буря́к, бура́к, чэш. burák, польск. burak (borak). Відавочна, ад назвы колеру буры (гл.). Так Слаўскі, 50. Іншая версія выводзіць назву бурака з с.-лац. borāgo, італ. borragine (але гэтыя словы маюць іншае значэнне; Бернекер, 72; Брукнер, 49; Фасмер, 1, 243; Рудніцкі, 268). Магчымы ўплыў польскай мовы на ўсх.-слав. (Слаўскі, там жа; Булыка, Запазыч., 52). Зусім іначай Махэк₂, 77 (< buryňa, burgyňa ’бургундскі бурак’).

Буракі́1 (мн.) ’страва, прыгатаваная з буракоў’ (Інстр. I, Жд., Шат., Сцяц., Сцяц. Нар.), буракі́ ’тс’ (Касп.). Спецыяльнае ўжыванне мн. ліку ад бура́к (гл.) для абазначэння стравы (суп з пакрышаных буракоў). Падрабязна гл. Сцяц. Нар., 42–43. Чэкман (Baltistica, VIII (2), 1972, 153) лічыць, што бел. слова ўтворана па літоўскай мадэлі (параўн. літ. burõkai ’боршч’, kopū̃stai ’капусняк’).

Буракі2 ’складкі ў халявах ботаў’ (Шн.). Рус. дыял. бура́к ’халявы; кошык з бяросты’. Словы, якія не маюць пэўнай этымалогіі. Фасмер (1, 243), як відаць, лічыць значэнне кошык з бяросты’ першасным (у гэтым значэнні рус. бура́к, мабыць, запазычанне, але дакладная яго крыніца невядомая; указвалі на швед., італ. і чув. мовы; агляд версій гл. Фасмер, там жа).

Бура́н ’моцны вецер; надвор’е, калі дзьме вецер і ідзе снег’ (БРС, Інстр. I). Рус. бура́н, укр. бура́н. Запазычанне з цюрк. моў (тур., тат. buran ’мяцеліца, пурга’). Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 243–244; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 22; Шанскі, 1, Б, 229; Рудніцкі, 258; Локач, 29. Паводле Шанскага, там жа, бел., укр. бура́н запазычаны непасрэдна з рус. мовы.

Бурандульнік ’расліна варыўнік, Bulbocodium ruthenicum’ (КЭС). Рус. брундышка, бурундышка (Даль; але ў СРНГ няма), брандушка (Сіманавіч), укр. брандушка, брундишка. Не вельмі яснае слова. Паколькі Bulbocodium — гэта таксама Romulea, Crocus, Іхіа, Trichonema, то можна лічыць, што паходжанне гэтага слова звязана з поўднем. Параўн. рум. brîndúşă ’расліна Crocus’. Назва магла пранікнуць праз укр. мову.

Бураў ’свердзел’ (Інстр. II). Рус. бура́в, укр. бура́в. Лічыцца запазычаннем (у рус. мове з XVI ст.) з цюрк. моў (тат. burau̯‑ < цюрк. bur‑ свідраваць’, bura‑, buraɣy і г. д.). Корш, AfslPh, 9, 494; Бернекер, 102; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 22; Фасмер, 1, 242–243; Шанскі, 1, Б, 228–229. Версія пра запазычанне з герм. моў (гл. бур) не пераконвае (яна ў Гараева, 33; Праабражэнскі, 1, 53; Рудніцкі, 257).

Бура́ць ’шпурляць’. Гл. бурыць1.

Бу́рбалка1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.