Бу́рбалка1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)