Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трапяці́на ‘шкіпінар’ (Сл. Брэс.), трапаты́н ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Гл. тарпатына.

Тра́са ‘лінія на карце ці на зямлі, якая намячае кірунак’, ‘дарога, якая злучае два аб’екты, населеныя пункты’, ‘след трасіруючай кулі, снарада’ (ТСБМ). Праз польскую (trasa) ці рускую (трасса) мовы з нованям. Trásse ‘траса’, якое з франц. tracé ‘тс’ < tracer ‘намячаць, пазначаць калочкамі дарогу’, ‘пракладваць лыжню’, якое ўзыходзіць да нар.-лац. tractiare < tractare < лац. trahere ‘цягнуць’ (Чарных, 2, 258; Голуб-Ліер, 487; SWO, 1980, 772; ЕСУМ, 5, 623; Арол, 4, 96).

Трасава́ць ‘дрэсіраваць’ (Ласт.). З польск. tresovać ‘тс’, варыянт dresovać, з ням. dressieren ‘тс’ да франц. dresser ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 631).

Трасавіна ‘багна; зыбкае, хісткае месца, парослае мохам’ (Нас., Байк. і Некр.), трасувэ́на ‘тс’ (кам., ЛА, 2), параўн. укр. трясо́вина ‘забалочаная нізіна’. Утворана ад прыметніка, які адпавядаў прасл. *tręsavъ, параўн. в.-луж. třasawy ‘які трасецца’, параўн. таксама польскі назоўнік з іншай суфіксацыяй trzęsawisko ‘дрыгва, багна’ (Борысь, 650; Куркіна, Этимология–1967, 139). Да трэсці, параўн. трасяніна (гл.).

Трасаві́ца ‘ліхаманка’ (Ласт.), ‘дрыжыкі’: усё цела яго дрыжэла ў дробнай трасавіцы (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. тресавица, трясавица ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. ст.-рус. трасавица ‘ліхаманка; трасца’: избави … трасавиче (берасц. грамата № 715; Залізняк, Исслед. в области балто-слав. духовной культуры. Заговор. M., 1993, 106), с.-балг. трѧсавица ‘тс’ (XIII ст.), макед. трасавица ‘тс’ (XIII ст.; МЈ, 15, 1–2, 97), ст.-слав. трѧсавица ‘тс’ (СССл.) пры старым польск. trzęsawica ‘дрыжыкі’, ‘няпэўнасць, хісткасць’. Да прасл. *tręsavъ, гл. трэсці.

Трасагу́зка ‘белая сітаўка, пліска, Motacilla alba’ (навагр., Сл. ПЗБ), трасагу́ска, трясогу́ска ‘тс’ (кобр., лях., ЛА, 1), трасогу́зка (лун., стол., Ніканчук, Матеріали), скаж. трасогу́бка (жыт., петрык., там жа). Птушка названа паводле рэзкага пагойдвання яе хваста. Да трэ́сці (гл.) і гузка, тут ‘зад, задняя частка цела’, што да гуз1 (прасл. *gǫzъ/*guzъ), гл. Фасмер, 4, 113. Аналагічна ўтвораны славац. trasorítka (< ríť ‘задніца’), чэш. třasořitka (< řiť ‘тс’), укр. тряси́дупа (запазычана з польск., ЕСУМ, 5, 664). Назва рэдкая ў народнай мове, хутчэй за ўсё, пад уплывам рускай мовы, параўн. іншыя народныя назвы плі́ска, сі́таўка, трасу́шка (гарад., Сл. ПЗБ), стрыгу́ска (в-дзв., ЛА, 1; відаць, ад стрыгнуцъ ‘торгнуць’, гл.).

Трасару́бка (трэсару́бка) ‘неахайная, нядбайная да свайго адзення жанчына’ (Растарг.). Да трэсці (гл.) і руб‑, гл. руб, ст.-бел. рубъ ‘абрывак тканіны, рыззё’, стараж.-рус. рубъ, ‘дрэннае адзенне, грубая тканіна’. Параўн. спалучэнне слоў у выразе укр. треба прясти, щоб рубʼям не трясти (Грынч., 4, 85) і назву расліны дрыжнік — трісирубичка (ЕСУМ, 5, 644), суадносную з трасунька, гл.

Трасі́на ‘дрыгва, топкае балота’ (шчуч., ЛА, 2), ‘багна’ (Мат. Гом., Цых.), ‘плаў на балоце, каля возера, дзе калышацца верхняе покрыва’ (слонім., навагр., ЛА, 2), трэсіна́ ‘топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), трасі́на ‘тс’ (хойн., Шатал.; карэліцк., лельч., лоеў, ЛА, 2), трасы́на ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трясі́на́ ‘тс’ (шуміл., віц., чэрык., клім., ЛА, 2). Укр. дыял. трасі́на ‘дрыгва’, рус. тряси́на ‘наплаўнае балота, зыбучае месца, дзе глеба (з раслін) хістаецца і пад нагой выступае вада’. Да трэсці (гл.), першапачатковымі, відаць, былі формы з канцавым націскам з прасторавым значэннем тыпу цаліна́, навіна́, цвердзіна́ і пад., аднак у арэальным плане размежавання формаў не назіраецца. Гл. і трахіна.

Трасія́ ‘дрыгва, балота’ (Бяльк.), укр. тресія́ ‘тс’. Да трэсці (гл.), зборны назоўнік роднасны рус. пск. трясь, тре́сся, тря́сье ‘дрыгва’.

Траска́1 ‘прамысловая рыба, Gadus morhua’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. треска́ ‘тс’, што збліжаюць з дыял. тре́ска (гл. трэска), нешта накшталт ‘рыба-трэска’ (сухая, нятлустая, а высушаная — расшчэпваецца, як дрэва), і аналагічна да ням. Stockfisch ‘траска’ (< Stock ‘палка’ і Fisch ‘рыба’) (Фасмер, 4, 100; ЕСУМ, 5, 645; Чарных, 2, 261–262; Арол, 4, 100). Белы (Наша Ніва, 2007, 27 крас.) падтрымлівае версію паходжання ад ст.-нарв. thorskr ‘штосьці, што належыць сушыць’, ‘сушаніна’ і характарызуе нарыхтоўку рыбы ў запас, а таксама запазычанне непасрэдна з мовы вікінгаў, што адлюстравалася таксама ў ірл. trosc і шатл. trosg ‘траска’.

Траска́2 ‘траста’ (Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ‘дробныя частачкі, што застаюцца ад валокнаў лёну’ (лаг., Гіл.), трыска́ ‘лён, падняты і звязаны пасля вылежвання’ (Мат. Маг., 2). Параўн. рус. треста́ ‘кастрыца’, ‘сцябло лёну і канапель пасля сушэння’. Вынік своеасаблівага чаргавання спалучэння зычных *‑st‑/*‑sk‑: траста (гл.) — траска, трэскацца, аналагічна: *pustiti/*puskati > пусціць/пускаць (Трубачоў, Ремесл. терм., 85).

Траска́3 ‘дранка, тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху, танчэйшыя за гонт’ (Жд. 1; докш., Янк. Мат.; лаг., Жыв. сл.; віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. тре́ска, тре́ски ‘дранка’, ‘трэскі’. Да трэ́ска (гл.). Націск на канцы, відаць, характарызуе сукупнасць, як у літ. skiedrà, skalà ‘дранка’ і ў рус. щепа́, — дарэчы, усе яны абазначаюць як ‘трэска’, так і ‘дранка’.