Катало́г ’каталог’ (ТСБМ). Рус. катало́г, укр. катало́г. У ст.-бел. мове лексема ў формах каталогъ, каталіогъ адзначаецца ў помніках з XVII ст. (гл. Булыка, Запазыч., 142). Ст.-бел. каталогъ, магчыма, адлюстроўвае грэч. κατάλογος, але форма каталіогъ хутчэй перадае польск. katalog (< лац.). Сучасны націск у бел. катало́г адпавядае рус. катало́г ’тс’. Гэта ўплыў франц. catalogue ’тс’. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. κατάλογος ’пералік, спісак’. Упершыню запазычанае слова адзначаецца ў Генадзіеўскай бібліі 1499 г. у гіперкарэктнай форме каѳалогосъ. Гл. Шанскі, 2, К, 91–92.
Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).
◎ Ка́тарг, китарга ’катар’. Гл. катар.
Ка́тарга ’катарга’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Параўн. рус. ка́торга, укр. ка́торга, польск. katorga, балг. каторга і г. д. Паводле Шанскага, 2, К, 98, уласна рускае ўтварэнне; першая фіксацыя такога словаўжывання адносіцца да 1643 г. У аснове ляжыць с.-грэч. назва галеры κάτεργον (у мн. л. κάτεργα). У грэч. мове, акрамя Галера’, данае слова мела і значэнне ’прымусовая праца’. Такім чынам, няма патрэбы меркаваць разам з Шанскім аб уласна рускім паходжанні такога словаўжывання (значэнне ’прымусовая праца’ для слова κάτεργα зафіксавана вельмі надзейна ў вядомым слоўніку Дзіоканжа).
Катастро́фа ’катастрофа’ (ТСБМ, БРС). Рус. катастро́фа, укр. катастро́фа. Запазычанне, магчыма праз пасрэдніцтва зах.-еўрап. моў з грэч. мовы. Параўн. рус. катастро́фа, якое, паводле Фасмера, 2, 209, узята непасрэдна з ням. мовы (Katastrophe < грэч. καταστροφή ’паварот, паваротны момант справы’). Але Шанскі (2, К, 93) лічыць рус. слова непасрэдным запазычаннем з франц. мовы ў першай палавіне XIX ст. (< франц. catastrophe < лац. catastropha < грэч.). Такія тлумачэнні, якія досыць істотна адрозніваюцца адно ад другога, сведчаць аб недастатковасці адных толькі этымалагічных меркаванняў і нераспрацаванасці гісторыі лексікі.
Катафа́лк ’катафалк’ (ТСБМ, БРС). Рус. катафа́лк, укр. катафа́лк. Запазычанне з еўрапейскіх моў (але дэталі гісторыі слова досыць спрэчныя). Фасмер (2, 210) мяркуе, што рус. слова запазычана, магчыма, непасрэдна з франц. catafalque або італ. catafalco, але ne выключаецца і пасрэдніцтва ням. Katafalk (з XVIII ст.). Шанскі (2, К, 94) зыходзіць з магчымасці непасрэднага запазычання ў рус. мове з франц. або ням. Слаўскі (2, 99) лічыць, што крыніцай запазычання ў слав. мовах з’яўляецца італ. catafalco (аб магчымых мовах-пасрэдніках ён не згадвае, хоць аб прамым запазычанні з італ. ва ўсіх выпадках наўрад ці можна думаць).
Катахі́ ’трыснёг, чарот’ (Сцяшк. і інш.), каташке́ ’тс’ (Сцяшк.: «Каташкʼе́ на бало̇цѝ растуць»). Параўн. катахі́, катахе́, катухі́ ’каташкі’, ’кіяхі, шышкі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Слова па паходжанню не зусім яснае і фармальна зацямнёнае. Можна зыходзіць са слав. *katyšь (гл. у Трубачова, Эт. сл., 9, 165. і СРНГ, 13, 137). Звяртаем увагу на тое, што бясспрэчна роднасная са словам катахі́ ’трыснёг’ лексема катахі́ мае таксама значэнне ’шышкі’. Гэта аб’ядноўвае катахі́ і г. д. з прасл. *katyšь і можна меркаваць, што бел. катах‑ з’яўляецца фанетычным пераўтварэннем больш старажытнага *katyx‑ (> *katyšь): каташкі < *катышкі.
Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (sę), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.
Катлава́н ’катлаван’ (ТСБМ, БРС). Фасмер (2, 353) рус. котлова́н ’вялікая яма для закладкі фундамента’ лічыў цёмным словам. Трубачоў, у дадатках да слоўніка Фасмера, мяркуе, што яно звязана са словам котёл і рознымі варыянтамі ад колдо́бина. Шанскі (2, К, 359) лічыць котлован уласна рус. словам. Упершыню сустракаецца ў крыніцах канца XIX ст.; як антрапонім (Котлован) у XVI ст. У сучасным значэнні вядома ўжо ў Даля. Паводле Шанскага, там жа, слова з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прыметніка котловый (які паходзіць ад слова котел). Бел. катлава́н, укр. котлова́н, мабыць, з рус. мовы.
Катле́та ’катлета’ (ТСБМ, БРС). Рус. котле́та, укр. котле́та. Можна меркаваць, што непасрэднай крыніцай запазычання для бел. было рус. котле́та. У такой форме яно адзначаецца ўжо ў 1803 г. Запазычанне з франц. côtelette (ад côte ’рабро’). У канцы XVIII ст. рус. слова з’яўляецца ў крыніцах у форме, блізкай да франц. напісання (котелеты ’адбіўныя з мяса з рэбернай часткі’). Гл. Шанскі, 2, К, 359. Франц. пашырылася ў еўрапейскіх мовах (у прыватнасці, у ням.; параўн. ням. Kotelett, запазычанае да 1715 г.). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 352 (вельмі коратка). Лінгвістычная гісторыя слова і далейшыя этымалагічныя сувязі гл. у Клюге, 414.