Катафа́лк ’катафалк’ (ТСБМ, БРС). Рус. катафа́лк, укр. катафа́лк. Запазычанне з еўрапейскіх моў (але дэталі гісторыі слова досыць спрэчныя). Фасмер (2, 210) мяркуе, што рус. слова запазычана, магчыма, непасрэдна з франц. catafalque або італ. catafalco, але ne выключаецца і пасрэдніцтва ням. Katafalk (з XVIII ст.). Шанскі (2, К, 94) зыходзіць з магчымасці непасрэднага запазычання ў рус. мове з франц. або ням. Слаўскі (2, 99) лічыць, што крыніцай запазычання ў слав. мовах з’яўляецца італ. catafalco (аб магчымых мовах-пасрэдніках ён не згадвае, хоць аб прамым запазычанні з італ. ва ўсіх выпадках наўрад ці можна думаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)