Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тры́нды-ры́нды ‘лахманы (?)’: Pawiesiła tryndy ryndy / Nad akoniceju (свісл., Федар., 6). Параўн. укр. тринди‑ри́нди (перадача пустой, бессэнсоўнай гаворкі), рус. дыял. три́нды‑бри́нды ‘бяспутны чалавек’, польск. дыял. tryndy ryndy (прыпеў). Рыфмаванае спалучэнне слоў, першае з якіх з’яўляецца імітатывам, заснаваным на гукаперайманні тры́нды (гл. трындзець), параўн. укр. три́нды (прыпеў), рус. тры́нды‑тры́нды (імітацыя ігры на балалайцы), што могуць выводзіцца з больш простых гукаперайманняў, напрыклад, з трын, дын, гл. папярэдняе слова. Адносна ўкр. тринды Смаль-Стоцкі (Приміт., 178) мяркуе пра кантамінацыю ў межах ти́нди‑ри́нди (пустая гаворка), параўн. ти‑ди‑ди́ (прыпеў з песні) з першаснымі элементамі (ЕСУМ, 5, 569). Другая частка спалучэння, якая рыфмуецца з першай, можа суадносіцца з ры́нда ‘бяспутная, бадзячая без працы жанчына’ (Растарг.), ‘лянота, бесклапотнасць, неахайнасць’ (Жарт. песні), параўн. укр. палес. ри́нды ‘лахманы’, рус. дыял. ры́нда ‘лаянка на чалавека’, адносна паходжання якіх выказваюцца розныя версіі: гл. рында1 (< літ. rindà ‘няўклюда’), запазычанне з венг. rondy ‘лахманы’ (ЕСУМ, 5, 24), запазычанне з фін. ryntty ‘абарванец’ (Феакцістава, Номинативное воплощение абстрактной идеи: аўтарэф. канд. дыс., Екатеринбург, 2003, 21).

Трыні́т ‘спосаб ткання’ (швянч., Сл. ПЗБ), трыні́ці ‘тс’: трыніці ткалі на чырвонай аснове (шальч., Сл. ПЗБ), трынічэ́льніца ‘выраб, тканы ў тры ніты’ (там жа). Параўн. польск. дыял. trynit ‘хатняе палатно’ (Варш. сл.), лат. trinite ‘від палатна’. Выводзяць з літ. trinýčiai ‘тс’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 138), аднак, зыходзячы з магчымай этымалогіі ад тры (гл.) і ніт ‘ніцяная пятля ў кроснах’ (гл.), можа разглядацца як сумеснае славянка-балцкае ўтварэнне.

Трыні́ца ‘лёгкая верхняя накшталт кашулі адзежа, якую просты чалавек надзяваў паверх світкі ці кажуха ў выпадку дажджу’ (Нас., Некр. і Байк.), трыні́цы ‘кароткія світкі з белага палатна’ (вільн., Кіркор). Параўн. польск. trynica, trenica ‘апанча з грубага палатна, якую сяляне надзяваюць зверху світкі ці кажуха’. Балтызм, параўн. літ. trinỹčiai ‘верхняя кашуля хатняга вырабу’ < *trỹs + nỹtys ‘ніт’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 50). Мяркуецца, што трапіла праз польскую мову, што неабавязкова. Гл. яшчэ Урбуціс, Baltistica, V, 1, 154.

Тры́нка1 ‘гульня ў карты’ (Бяльк., ТС). Укр. льв. три́нка ‘тры тузы’, рус. тринка ‘картачная гульня’, польск. trynka ‘тройка (у картах) — тры тузы, тры козыры’. Да тры, гл. Брукнер, 578; мажліва суаднесці з аргат. трын ‘тры’ (< цыг. tin ‘тс’).

Тры́нка2 ‘пра худую жанчыну’: худая як трынка (ТС). Няясна. Магчыма, да тры́на (гл.) у выніку пераносу значэння: ‘сухая, тонкая кастрыца’ > ‘сухая, худая жанчына’.

Тры́нкаць ‘абы-як, няўмела іграць на якім-небудзь музычным інструменце’ (ТСБМ, Юрч. Сін., Аляхн.), ‘часта ступаць дробнымі крокамі’ (Скарбы), ‘гаварыць абы-што, хлусіць’ (Мат. Гом.), тры́нькаць ‘гультайнічаць’, ‘балбатаць’ (Клундук), трэ́нькаць ‘брынкаць’ (ТСБМ), ‘пазваньваць (пра тэлефон)’ (Ян.), трэнь‑брэнь — гукаперайманне гучання шчыпковых музычных інструментаў (ТСБМ). Параўн. рус. вяцк. тре́нькать ‘брынкаць, ціха наігрываць, балбатаць’, «звонкі» варыянт у чэш. drnkat, brnkat < drnk, brnk — пра выражэнне бразгатлівых гукаў. Гукаперайманне (Фасмер, 4, 98; Махэк₂, 128). Сюды ж з ускладненай асновай трэндыка́ты ‘трэнькаць, перадаваць голасам музыку, напяваць рэчытатывам’ (пін., Нар. лекс.), трынды́каць ‘гаварыць абы-што (пра жанчын-пляткарак)’ (ТС), трынча́ць ‘гаварыць, балбатаць’ (круп., Сл. ПЗБ), тры́каті ‘трэнькаць, брынькаць’ (Вруб.) са спрашчэннем спалучэння гукаў, успрынятага як назалізаваны галосны.

Тры́нкнуць ‘выпіць (гарэлкі)’ (Шат., Сцяшк. Сл.), тры́нкаць ‘выпіваць’ (Скарбы). Параўн. польск. жарг. trynknąć ‘выпіць (гарэлкі)’, літ. trinkóti ‘тс’, што з ням. trinken ‘тс’ (Вінцэнц; Грынавяцкене; Сл. ПЗБ, 5, 137), мажліва, праз ід. trinken ‘піць, жлукціць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 805).

Трыно́га, трыно́г, трэнога і вытворныя трыножак, трыны́жок, трыно́жнік, трыножка, труні́жок ‘падстаўка на трох ножках’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Варл., Сцяшк., Янк. 2, Мат. Гом.; брэсц., З нар. сл.), трыношкі ‘металічная падстаўка на трох ножках’ (Сцяц.); трыно́жак ‘трыножка, патэльня на трох ножках’ (брасл., Сл. ПЗБ); трохно́жка ‘трыножак для калыскі ў полі’ (Мат. Гом.), ‘ражка’ (Бяльк.), трыно́г ‘цэбар’ (ветк., добр., ЛА, 5), ‘жлукта’ (ашм., ЛА, 3), трыно́жка ‘цабэрак для памыяў з трыма ножкамі’ (паўн.-усх., КЭС), трыно́жка, трыно́г ‘кубел на ножках’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трыногъ, триножекъ ‘кацёл на трох ножках’ (1688 г., ПГС). Укр. трино́га/трино́ги, трині́г, трині́жок, трино́жник, трино́жка, рус. трено́га, трено́жник, польск. trojnóg, в.-луж. trojnohi ‘трыножнік’, ‘таганок’, чэш. trojnožka/třínožka, славац. trojnoha ‘трыножнік’, славен. trinóžnik, trinòg ‘тс’, харв. trònožac, trònog, серб. тро̀ноге, тро̀ножак, балг. трино́жник. Культурныя тэрміны, складаныя словы, што фармальна ўзыходзяць да тры і нага (гл.).

Трыно́жыць ‘звязваць пярэднія ногі каня з адной задняй’ (ТСБМ, Шат., Янк. 2, Байк. і Некр., Юрч. СНЛ), ‘путаць каня так, каб тры нагі былі свабодныя, а да чацвёртай была прывязана вуздэчка’ (Нас.). Параўн. рус. трено́жить ‘путаць коней трыногай’, ст.-польск. trnożyć, trynożyć ‘путаць (каня)’ (XV ст.), суч. польск. trynożyć ‘злучаць путам ногі наўскос’. Утворана ад тры ‘тры’ і нага ‘нага’ (Фасмер, 4, 98; Брукнер, 579).

Трыно́ска ‘кішэнная хустачка, насоўка’ (астрав., Сл. рэг. лекс.; паст., Рэг. сл. Віц.). Відаць, іранічнае заходнебеларускае ўтварэнне ад церці (гл.) і нос з суф. ‑ка, як у насоўка ‘хусцінка’. Параўн. падобнае асіп. падно́сьнік ‘насоўка’ (Воўк-Лев., Татарк.).

Трыно́ўка ‘шарсцяная прыгожая хустка ў кветкі’ (ДАБМ, камент., 944). Гл. тараноўка ‘тс’.