Трыні́т ‘спосаб ткання’ (швянч., Сл. ПЗБ), трыні́ці ‘тс’: трыніці ткалі на чырвонай аснове (шальч., Сл. ПЗБ), трынічэ́льніца ‘выраб, тканы ў тры ніты’ (там жа). Параўн. польск. дыял. trynit ‘хатняе палатно’ (Варш. сл.), лат. trinite ‘від палатна’. Выводзяць з літ. trinýčiai ‘тс’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 138), аднак, зыходзячы з магчымай этымалогіі ад тры (гл.) і ніт ‘ніцяная пятля ў кроснах’ (гл.), можа разглядацца як сумеснае славянка-балцкае ўтварэнне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)