Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Руне́ць ’узыходзячы, зелянець (звычайна пра азімыя пасевы)’ (ТСБМ), ’цвісці (пра дрэва)’ (ст.-дар., Нар. сл.), руні́цца ’усходзіць, зелянець’ (ТС). Адсубстантыўны дзеяслоў ад рунь (гл.). Сюды ж, відаць, руно́ ’хвароба жывёлы’, параўн.: “калі вясной рунела елка і сасна, дабытак западаў на асаблівую хваробу, “руно”, ад якой не было ратунку” (беласт., Ніва, 1975, 19 касір.).

Рункаві́ско ’ручка ў рыдлёўцы’ (Сл. рэг. лекс.). Мясцовае ўтварэнне на базе польск. ręka ’рука’ і суфікса ‑іск‑о, магчыма, да польск. rękojeść ’рукаятка’.

Ру́нклі ’кармавыя буракі’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (LKK, 30, 116), з літ. ruñkeliai ’тс’; для рус.прыбалт. ру́нкаль, ру́нкуль ’бурак’, што з ням. Runkel ’тс’, мяркуецца пасрэдніцтва лат. riñkulis, runkuls ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтызмы, 129; Анікін, Опыт, 269.

Руно́1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Ру́нуцца ’упасці (ад знямогі)’ (Мат. Маг.), польск. runąć ’упасці, грымнуцца’, рус. руни́ть ’хутка рабіць, есці’, серб. ру̏нути ’моцна ўдарыць’, славен. rúniti ’піхнуць, стукнуць’. Апошняе Бязлай (3, 207) выводзіць з прасл. *ruti ’піхаць, стукаць’, параўноўваючы з літ. ráuti ’вырываць, шчыпаць’, лат. raût ’тс’. Паводле Брукнера (468), да *ruxъ (гл. рух), параўн. рухнуць ’упасці’ (гл.). Скок (3, 172) атаясамлівае з rúniti (se) ’лушчыць, крышыць, зрываць (кветкі, лісты)’. Няясна.

Ру́ны ’старажытныя пісьмёны, якімі карысталіся пераважна скандынавы і якія захаваліся ў надпісах на камянях і інш. прадметах’ (ТСБМ). Ад ст.-герм. *rūnō ’таямніца’, ’шаптаць’, сучаснае ням. raunen ’нашэптваць’, ст.-ісл. ryna ’чараваць’.

Рунь ’усходы, пасевы азімых культур’ (ТСБМ), рус. рунь ’усходы азімых восенню’, харв. run ’пасевы’ (njiva pod runom), польск. ruń ’рунь, усходы, збожжа’, якія лічацца другаснымі ад *runo (гл. руно2). Параўн. пераноснае значэнне польскага runo ’сукупнасць невялікіх кустоў, траў, зёлак, што пакрываюць глебу ў лесе’. (Борысь, 527–528; Скок, 3, 171). Іншыя версіі: сувязь з польск. runąć ’упасці, грымнуцца’ (Фасмер, 3, 518), гл. ру́нуцца; Мартынаў (Бел. лекс., 101) выводзіць з *rudnь у супастаўленні з літ. ruduõ ’восень’.

Ру́пар ’труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку’, ’рэпрадуктар у выглядзе такой трубы’ (ТСБМ). Укр., рус., балг. ру́пор ’тс’, у іншых мовах адсутнічае. Праз рускую, у якой з XVIII ст., з нідэрл. rouper (вымаўляецца [rúper]) < rapen ’крычаць клікаць’ (Чарных, 2, 128).

Ру́піцца ’старацца, клапаціцца, турбавацца пра каго-небудзь’, ’хацецца’ (ТСБМ), ру́піць ’трывожыць, выклікаць неспакой’, ’цягнуць, прыцягваць’ (дзярж., Нар. сл.), ’турбаваць неадвязна’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Укр. ру́пити ’быць жаданым’, рус. дыял. ру́па ’туга па радзіме’, ру́пить ’цягнуць, хацецца’, ’трывожыць’, польск. rupie się ’старацца’, кашуб. rúpic ’цягнуць, спакушаць, вабіць; мець апетыт’, чэш. rupati, rupěti ’хрумсцець, шчоўкаць’, балг. дыял. рупа́я ’патрабаваць сілай, мучыць, турбаваць’. Прынята лічыць роднасным да літ. rūpė́ti ’трывожыць’, лат. rũpêt ’засмучаць’, літ. raupýti ’тс’, ’рыць’, англ.-сакс. réofan ’ламаць, рваць’, ст.-інд. rōpayati ’адчуваць ламоту’ (Фасмер, 3, 519). Паводле іншага меркавання, чэшскія rupati, rupěti стаяць асобна, а ўсходнеславянскія словы з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. rūpė́ti ’трывожыць, заклапочваць’, rū́pinti ’клапаціць’, гл. спецыяльна Анікін, Опыт, 270–271 з літ-рай; аднак балгарскія факты (гл. БЕР, 347) сведчаць хутчэй пра генетычную сувязь. Борысь (SEK, 4, 221) следам за Слаўскім (SP, 1, 81) рэканструюе прасл. *rupiti ’грызці, кусаць, гнясці’.

Ру́ра ’труба’ (Цых.), ру́рка ’цыліндрычная трубка’ (Нас.), ’трубка, люлька’ (Сцяшк.). Запазычана з польск. rura, rurka, што адпавядаюць сучаснаму нямецкаму Rohr або Röhre ’труба’ (Брукнер, 469). Сюды ж рурцэ́нґі ’разнавіднасць абцугоў’: рурцэнґамі можна трупку закруціць (нясвіж., Нар. словатв.).