Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Вадзіцелька, гом. вадзіцілка ’курыца, якая водзіць куранят’ (ДАБМ, 888). Утворана ад *вадзіцель ’той, хто водзіць’ або непасрэдна ад вадзіць. Страту мяккасці л у суфіксе можна вытлумачыць уплывам слоў, утвораных ад форм на ‑ло: вала̀чылнік < валачыла. Параўн., аднак, дыял. учыцілка, радзіцілка, прыяцелка, пісацелка.

Вадзі́цца ’пры змаганні цягацца’ (лаг., КЭС). Зваротная форма ад вадзі́ць з семантычным зрухам ’знацца з кім-небудзь, быць звязаным з кім-небудзь’ > ’змагацца пры барацьбе, цягацца, ухапіўшыся адзін за аднаго’; параўн. польск. wodzić się ’б’ючыся, перацягваць адзін другога з месца на месца’.

Ва́дзіцца ’сварыцца’ (Гарэц.; лаг., КЭС; докш., Янк. Мат.). Гл. ва́дзіць1.

Ва́дзіць1 ’шкодзіць’ (БРС, Шпіл., Яруш., Др.-Падб., Гарэц.); ’муляць, назаляць; турбаваць; калоцца’ (Юрч., Грыг., Сцяшк. МГ, Янк. БП); ’(мяне) нудзіць, (мне) моташна, млосна’ (безасаб.) (КСТ), ва́дзіцца ’сварыцца’ (Гарэц., Хрэст. дыял., 333); ’весці звадку’ (лаг., КЭС), ва́дка ’сварка’, ва́да ’загана’ (Хрэст. дыял.); ’налог, недахоп’ (Шпіл.); ’няшчасце’ (Карскі, Труды, 337); ’недахоп, загана’ (Арх. Бяльк.); ’ганьба, фальш, хіба’ (лаг., КЭС); ’боль’ (КСТ). Рус. ва́дить ’узводзіць паклёп, сварыцца’, польск. wadzić ’сварыць, звадзіць’, wada ’недахоп’, в.-луж. wadźić ’перашкаджаць, шкодзіць’, чэш. vaditi ’тс’, vada ’звадка, сварка’, славен. váditi ’абвінавачваць’, балг. ва́дя ’паклёпнічаць, быць зламоўным’. Прасл. *vaditi роднаснае з літ. vadinti ’зваць, запрашаць’, ст.-в.-ням. farwáʒan ’абяцаць, клясціся’, ст.-інд. vádati ’гаворыць, паведамляе’. Гл. Фасмер, 1, 265–266; БЕР, 1, 112; Махэк₂, 674; Брукнер, 598; Скок, 3, 557.

Ва́дзіць2 ’прыцягваць’ (Гарэц.); ’шанцаваць, мець карысць’ (КЭС). Рус. повадка, ва́да ’звычка’, ва́дить, важивать ’вабіць, прынаджваць, прыкормліваць’, повадиться ’займець звычку’, балг. ва́дя ’атрымліваць’, серб.-харв. на́вада ’звычка’, на̀вадити ’прывучаць’, славен. vaditi ’прывучаць’, ст.-слав. навада ’прывучэнне’. Прасл. *vaditi < *vada, якое Праабражэнскі (1, 63) суадносіць з санскр. svdhhā́ ’звычка, звычай, навык’, адасабляючы ад рус. ва́да ’сварка’, ва́дзіць ’маніць, гаварыць няпраўду’. Магчымасць пераходу ’сварыцца’ > ’прынаджваць, прывучаць’ дапускае Фасмер (1, 266). Гл. яшчэ Скок, 3, 558; Варбот, Этимология, 1963, 213–216; Даруля, SR, 1968, 217–223.

Вадзі́ць1. Прасл. *voditi — ітэратыў да весці (гл.).

Вадзі́ць2 ’шукаць у схованках’ (КСТ). Утворана лексіка-семантычным спосабам ад вадзі́ць/ве́сці. Параўн. рус. водить ’у дзіцячых і спартыўных гульнях выконваць галоўную ролю адпаведна з правіламі’; ’канаводзіць’, балг. водя ’кіраваць’, серб.-харв. он води ’ён уперадзе’. Праабражэнскі (1, 100) указвае на рус. ва́ди́ть, якое ўжываецца ў гульнях у адносінах да таго, хто прайграў і абавязаны, напрыклад, падаваць шар, мячык. Можна меркаваць, што ў рус. ва́ди́ть «аб’яднаны» розныя дзеясловы: води́ть і ва́дить. Даль (1, 160) адзначыў, маючы на ўвазе гэта значэнне: «здаецца, гэта будзе води́ть, а не ва́дить». Параўн., аднак, ва́дзіць ’ставіць цурку пры гульні ў клёк’ (Сцяц.).

Вадзі́шча, вадзяні́шча вялікі разліў, вялікая вада, бурнае разводдзе’ (Яшк.). Да вада. Параўн. рус. разан. водища ’вялікая колькасць вады’.

Вадзя́га ’вадзяны’ (Мат. Гом.). Да вадзі́ць1, калі меркаваць па выразу «павадзіў мяне вадзяга па балоту». Сувязь з вада трэба адхіліць яшчэ і таму, што словаўтваральная мадэль з суфіксам ‑ага з’яўляецца аддзеяслоўнай; параўн. туляга, бадзяга.

Вадзяне́ць ’напітвацца вадой, разрэжвацца ад вады’ (КЭС). Ад прыметніка вадзя́ны ’з вялікай колькасцю вады’; параўн. вадзя́на ’шмат вады’ (лаг., КЭС).

Вадзяні́к1 ’вадзяны’ (Яруш., Нік., Няч., БРС), вадзяны́ ’нячысты дух, які жыве ў рэках, азёрах’ (Сцяшк.), вадзяні́к, вадзяны́ ’дух-гаспадар у лесе’ (Інстр. II), вадзянікі ’тс’ (Касп.). Суфіксальны дэрыват ад вадзяны́ ’які знаходзіцца ў вадзе’; вынік універбізацыі словазлучэння вадзяны дух. Параўн. рус. водяной, укр. водний, серб.-харв. во̀дац ’тс’.

Вадзянік2 ’вугал у хаце, дзе ставяць ваду і посуд’ (Шушк.). Суфіксальнае ўтварэнне ад вадзяны́ ’прызначаны для вады’. Параўн. балг. водни́к ’месца ў кухні, дзе вешаюць катлы з вадой’.

Вадзяні́к3 ’драўляны коўш для вады’ (Серб.); ’чайнік’ (Мат. Гом.). Да вадзяны́. Параўн. укр. водяник ’посуд для вады’, водник ’хатняя дзежачка для вады’.

Вадзянікі́ ’стан непрытомнасці’ (Касп.). Звязана з вадзяні́к ’дух, які жыве ў вадзе або ў лесе’: перанос назвы духа на стан чалавека. Параўн. кадук ’злы дух’ і кадук ’эпілепсія, падучая хвароба’.

Вадзяні́ца ’гарлачык, Nymphaea L.’ (КЭС). Суфіксальны дэрыват ад прыметніка вадзяны́ ’які знаходзіцца ў вадзе’. Форма жаночага роду тлумачыцца ўплывам роду назоўніка расліна (або аналагічнага): вадзяная расліна < вадзяніца.

Вадзяні́шча. Гл. вадзішча.