Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вечару́ха ’вечарынка перад вяселлем у жаніха’ (Інстр. II); ’вечар перад вяселлем у маладой’ (Бяльк.), рус. вечеру́ха: паўд. ’вячэрняя забава, вечарынка’, арл., разан. ’дзявочнік напярэдадні вяселля’, арл., смал., калуж. ’вячэрняя бяседа вясельных гасцей’. Беларуска-рускае ўтварэнне ад вечар (гл.) пры дапамозе экспрэсіўнага суф. ‑ux‑a.

Вечару́шкі ’вячоркі’ (КТС, Гарэц., Касп.), вечару́шкі ’тс’ (Бяльк.), рус. вечеру́шка, вечёрушки ’вечарынка, размовы, вячоркі’. Беларуска-заходнерускае ўтварэнне (Герд., Пск. гов., 1, 119–28) ад вечар і экспрэсіўнага суф. ‑ух‑а, якое пад уплывам лексемы вячоркі (гл.) стала pluralia tantum. Гл. таксама вечару́ха.

Вечары́на ’вечар як частка сутак’ (Янк. II), вече̂ри́на ’вячэрні час’ (Нас. Доп.), укр. вечори́на ’вечар’, рус. алан., смал., варон. вечери́на ’вячэрні час, змрок, прыцемак’, пск., наўг. вечери́нка ’тс’, макед. вечерина ’вячэрні змрок, час пад вечар’, балг. вече́рина ’вечар’. Утварэнне ад večer‑ і суф. ‑in‑a, які надае значэнне часткі азначальнай асновы. Ва ўсх.-маг. вічарі́на ’вечар’ суф. ‑ін‑а з’яўляецца павелічальным.

Вечарынка ’вячэрняя пагулянка з музыкай і танцамі’ (КТС, БРС, Касп., Бяльк.), клім. вічарінка ’тс’, укр. вечери́нка ’бяседа ўвечары’, палес. вечори́нка ’невялікае вяселле, якое спраўляецца на працягу аднаго дня’, рус. вечери́на ’вячэрняя забава моладзі’; ’перадвясельны вечар’; ’дзявочнік’; ’развітальны вечар сяброў маладога напярэдадні вяселля’, вечери́нка ’перадвясельны вечар’, арханг. вечеринки ’бяседа, вячоркі’, польск. wieczorynek ’вячэрняя забава’; ’забава маладога і яго бацькі ў сватоў да агледзін’, wiecerynki ’вячоркі’, славац. уст. večerinka ’вячэрняя забава, вечарынка’, серб.-харв. вечѐринка ’вечарынка’, вечѐрина ’вячоркі, вечарынка’, макед., балг. вечеринка ’тс’. Ад večerina і суф. ‑k‑.

Вечарыны ’вечарынка перад вяселлем у маладой’ (Інстр. II); ’папярэдне, пачатак вяселля’ (Касп.). Да вечары́на (гл.), семантыка ў выніку пераносу; мн. л. паводле ўзору агле́дзіны, адведзіны, запоіны.

*Вечары́цца1, мсцісл. вічарі́цца ’пазніцца’ (Бяльк.) утворана ад вечар (гл.) ’частка сутак, якая папярэднічае ночы’, па ўзору пазні́цца (той самы канчатак); перанос семантыкі грунтуецца на тым факце, што вечар — позняя пара сутак, бо перад ім (пасля дня) ёсць надвячорак са змрокам; параўн. рус. кастр. ве́чере ’вельмі позна’, калуж. вечере́е ’пазней вечарам’.

Вечары́цца2 ’цямнець’ (Нас.). Да вечарэ́ць (< večerěti > večeriti).

Вечарэ́ць ’блізіцца к вечару’ (КТС, БРС, Касп.; палес., Карловіч), укр. вечеріти, вечоріти, рус. вечереть, алан. вечериться ’вечарэць’, вечерится ’цямнее, змяркае’, в.-луж. wječorić so, wječori so, славац. večeriť sa ’тс’, večerenie ’змрок’, славен. večeríti se, večeri se ’вечарэць, вечарэе’, серб.-харв. вечѐрити ’вечарэць’, макед. свечерува (се), балг. отвечери се, отвечерява се ’вечарэе’. Прасл. večer‑ěti () адыменнае ўтварэнне ад вечар (гл.).

Ве́чка ’верхняя частка посуду, скрыні, кошыка і г. д.’ (КТС, БРС, Некр., Сцяшк.; карэліц., Мат. Янк.). Да ве́ка (гл.).

Вечнабытны ’вечны’ (Яруш.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вечны і быць па ўзору векапомны (гл.).

Ве́чнік1 (арго) ’вязень, асуджаны на пажыццёвае зняволенне’ (БРС). Запазычана з рус. вечник ’тс’ (< вечный).

Вечнік2 ’вечны мучыцель сялян’ (лід., Карл.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ве́чны (гл.) і суф. ‑ikъ.