Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Карчо́ўе ’месца, дзе багата пнёў і карэнняў’ (Яшк.). Зборны назоўнік, вытворны ад корч (гл.), з тыповым суфіксам ‑ovьje.

Карчу́к ’невялікі корч’ (ТСБМ, Шат.). Характэрная дэмінутыўная суфіксацыя па ‑ук (як плячук і г. д.).

Карчу́шка ’недагарэлае палена дроў’ (Жыв. сл.), да корч з дэмінутыўным суфіксам ‑ушка.

Карчы́ ’кусты, хмызняк, зараснік’ (Жыв. сл.) у значэнні Nomina collectiva.

Ка́рчык ’гестка’ (Нар. сл.). Няяснага паходжання.

Карчы́сты ’кусцісты’ (Янк. III), да корч (гл.).

Карша́к ’каршун’ (ТСБМ, Маш., БДА, Нік. Арх., Бяльк., Касп.). Гл. коршак.

Каршачо́к ’каршун’ (Сержп. Грам.). Трэба адзначыць, што каршачок — дэмінутыўная форма ад коршак (гл.).

Каршо́чак ’кулачок’ (Нас. Бел. песни), да корх (гл.).

Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.