Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)