Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Багне́т ’штык’ (Нас.). Укр. багне́т, багні́т, ба́ґнет, рус. (старое) багинет, таксама баянет (XVII ст., гл. Фогарашы, SSlav., 4, 64). Запазычанне з польск. bagnet ’тс’ (< ням. Bajonett або непасрэдна з франц. bayonnette, baïonnette, ад назвы мясцовасці Bayonne ў паўднёвай Францыі, дзе выраблялі штыкі). Брукнер, 10–11; Махэк₂, 42; Рыхардт, Poln., 32; Кюнэ, Poln., 42; Клюге, 45.

Багно́ўка ’расліна Empetrum nigrum L.’, таксама багнаўка (Кіс.). Ад ба́гна (гл.). Па месцу бытавання расліны (сустракаецца на сфагнавых балотах і ў сасновых лясах).

Багня́1 ’ягня, баранчык’ (Нас.). Параўн. ст.-укр. багня (XVII ст.) ’тс’, чэш. bahnice ’аўца, што хутка дасць патомства’, славац. bahniatko ’ягня’ і г. д. Да геаграфіі слова параўн. Машынскі, JP, 11, 142–145. Утварэнне на аснове слав. *bagniti sę | (j)agniti sę ’ягніцца, цяліцца’ (форма з b‑ узнікла прэфіксальнай дэкампазіцыяй: ob‑agniti sęo‑bagniti sę‑bagniti sę: польск. bagnić się, чэш. bahniti se, балг. ба́гни се і г. д., гл. Ільінскі, PF, 11, 184; Машынскі, JP, 11, 145–147; Лорэнц, Pomor., I, 13; Лер-Сплавінскі, O pochodzeniu, 159 і наст.; Махэк₂, 221; Брукнер, 197; Бернекер, 24). А ўсё-такі ці не запазычанне гэта ў бел. і ўкр. мовах з зах.-слав. моў?

Багня́2 ’пушыстая пупышка на вярбе’ (Нас.). Параўн. ба́гнята ў Бярынды, 189: «Ва́їе: пру́тье фині́ково, ро́зки дактѷлу, або полмо́вого де́рева, з квѣтом лоза́, ба́гнѧта, шутки». Укр. багня́, багні́тка ’каташок, коцік на дрэве’, польск. bagniątko ’тс’ і г. д. Да багня́1 (коцікі на дрэве, асабліва пушыстыя, часта носяць назву ягня, параўн. яшчэ ўкр. ба́зька ’аўца; коцік на дрэве’; слав. (j)agnędъ: чэш. jehněd ’тс’; Бернекер, 25). Параўн. Махэк₂, 221; Бернекер, 25; Брукнер, 197; Ільінскі, PF, 11, 184.

Баго́н ’высокае месца’ (мінск. абл.; Талстой, Геогр., 155). Талстой (там жа, 155–156) лічыць, што тут вынік семантычнага працэсу развіцця па прынцыпу «верх» ⟷ «ніз», г. зн. «багна» → «ўзгорак». Гл. яшчэ (Талстой, там жа, 98–103, 161) рад падобных семантычных паралелей на прыкладзе іншых тэрмінаў.

Баго́р. (Бяльк.). Рус. баго́р, укр. баго́р. Вельмі няяснае слова. Насуперак Фасмеру, 1, 102, відаць, усё-такі не славянскае. Але адкуль? Нічога не дае параўнанне (Гараеў, 8; Ільінскі, ИОРЯС, 24, I, 121) з рус. бага́й, база́н ’шост’ і ст.-англ. becca ’кірка’, с.-в.-ням. bicke (Ільінскі, там жа; Фасмер, 1, 102, параўн. і Ван–Вейк, IF, 24, 232). Шмат версій пра запазычанне (Мікала, Berühr., 80; Мацэнаўэр, Cizí sl., 100; параўн. і Карловіч, Wyrazy obce, 21; Праабражэнскі, І, 11; агляд гл. Фасмер, 1, 102). Праеўрапейскім лічыць гэта слова Махэк₁, 22, але яго параўнанне з ням. Felge не пераконвае. Насуперак Бернекеру, 38, Праабражэнскаму, 1, 11, Фасмеру, 1, 102, Махэку₁, 22 і Шанскаму, 1, Б, 7, іншага паходжання ўкр. ба́гор, славац. bahor і г. д. ’частка вобада кола’ (усё гэта з славац. мовы, дзе bahor < běhor да běgъ, běgati, параўн. Краўчук, Бел.-укр. ізал., 39).

Баго́с ’нязграбны чалавек высокага росту’ (Грыг.). Напэўна, запазычанне. Параўн. укр. бе́ґаc ’бяспутны, нягоднік’, би́ґасень ’дурань, дубіна’, польск. bigas, чэш. bigas (Брукнер, 27, бачыць першакрыніцу ў ням. Bicke ’кірка’, а Махэк₂, 54, у венг. bibasz ’дурны’).

Багоўка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Вытворнае ад бог (гл.). Божую кароўку ў многіх мовах называюць «божай жывёлінай». Параўн. бел. божая кароўка, рус. божья коровка, укр. божа коровичка, польск. boża krówka, ням. Herrgottsschäfchen, Herrgottskühlein, Gotteskälblein, рум. vaca‑domnului (насякомае Lygaeus equestris, падобнае да божай кароўкі), фін. jumalanlehmä і г. д. Параўн. Фасмер, 1, 184.

Ба́гра ’пурпурная фарба’. Гл. багро́вы.

Багра́к ’няроўнасць, шурпатасць’, багракова́тый ’кручкаваты’ (палес., Клім.). Цёмнае слова. Хутчэй за ўсё да буго́р ’няроўнасць’ з дыялектнай зменай ненаціскнога у > а.

Багро́вы (ст.-бел. багровый, параўн. Бярында, 239: багровая фарба; у яго ж багрян ’баграны’, 228; багряни́ца, 217), ба́гра ’пурпурная фарба’ (Нас.), баграві́зна ’пляма ад удару на целе’, ба́гравіць ’крывавіць, пачырваніць’ (Нас.). Рус. ба́гор, багр ’пурпурны колер’, укр. ба́гор, ст.-слав. багрити, багръ, балг. ба́гря ’фарбую чырвоным’ і г. д. У зах.-слав. мовах гэтага слова няма. Паходжанне няяснае. Магчыма, роднаснае з грэч. φώγω ’пяку, смажу, абпальваю’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’, Фасмер, 1, 103. Няпэўным з’яўляецца параўнанне Младэнава, 39, РФВ, 68, 373 з гал. baggaert ’твань’, слав. bag(ъ)no і балг. божу́р ’мак’. Неабгрунтавана Праабражэнскі, 1, 11 (< гоц. fagrs, ст.-в.-ням. fagar ’прыгожы’; супраць Фасмер, 1, 103). Локач (107) лічыць запазычаннем з араб. maġra ’прыродная чырвоная фарба’. Не пераконвае Львоў, ЭИРЯ, IV, 66–71: < ba‑gъr (ba‑ ўзмацняльная частка, gъr — да gorěti). БЕР, 1, 24–25: < і.-е. *bhōgh‑ro‑ (*bhāgh‑ro‑) ’тапіць, мачыць’ (параўн. грэч. βάπτω ’патапляю, таплю, акунаю’, βαπτός ’ярка пафарбаваны, яркага колеру’); Лапацін (Исслед. ист. лекс., 250–252) дадае і іншыя паралелі. Менгес (UAJb, 31, 177–178) стаіць за цюрк. крыніцу (яго падтрымлівае Трубачоў, Серболуж. сб., 160). Пашырэнне слова ва ўкр. дыялектах (параўн. назвы для кароў і валоў: багрі́й, ба́гря; для сліў: багру́ля і г. д.; для раслін: багри́на, багрове́ць) робіць няпэўнай думку аб запазычанні наогул гэтага слова з паўд.-слав. моў (так Цімчанка, 48; КЭСРЯ, 26).