Ба́гна1 (ж.) ’топкае балоцістае месца’ (Нас., Касп., Бяльк.), ба́гна, бэ́гна (Шат.), багно́, баго́н, баго́нне. Укр. багно́, рус. дыял. (зах., паўд.) багно́, польск. bagno, чэш., славац. bahno, славац. bahurina ’лужына’, в.-луж. bahno, н.-луж. bagno ’багна’, bagan ’балота каля крыніцы’, bagi (мн.) ’балота, балотная зямля’. У паўд.-слав. мовах гэтага слова няма. Аб пашырэнні слова ў бел. і слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 154–157; Яшкін. Прасл. bagno або bagъno (гл. Бернекер, 38; Лорэнц, Pomor., I, 13). Бясспрэчнай этымалогіі няма. Магчыма, роднаснае ст.-н.-ням. bah (ням. Bach) ’ручай’, ст.-ісл. bekkr, ірл. búal вада’ (*bhoglā). Бернекер, 38; Праабражэнскі, 1, 11; Фасмер, 1, 102 (супраць Цупіца, Gutturale, 160; Брукнер, KZ, 48, 207; іначай Фік-Торп, 3, 257; параўн. да гэтага Бернекер, 55). Ван–Вейк, IF, 24, 231–232 (таксама Бенвяніст, Индоевр., 36; Слаўскі, 1, 25), выстаўляе і.-е. гетэраклітычнае *bhaghro‑: *bhaghno‑, параўноўваючы з гал. bagger твань’. Трубачоў, Серболуж. сб., 159–160 (параўноўваючы з ст.-в.-ням. bah), зыходзіць з прасл. bagъ (параўн. н.-луж. bagi) з вытворнымі bagnъ, bagno і запярэчвае гетэраклітычную аснову ‑r/n‑ тыпу. Брукнер, 11; Младэнаў, РФВ, 68, 377 (да гэтага схіляецца і Фрэнкель, 689), знаходзяць сувязь з bagrъ («багровае балота»); параўн. і ўкр. багри́на ’багна, багатае крыніцамі месца’. Буга (РФВ, 70, 100) параўноўвае з літ. bojus ’багністае месца’. Машынскі (Uwagi) знаходзіць сувязь з назвай расліны багу́н (багно́, баго́н, гл.); Талстой (Геогр., 158) гаворыць аб сінкрэтычнасці значэння: *’багна, зарослая багуном’. Матл (гл. Махэк₂, 42) думае пра роднаснасць з грэч. σφάγνον ’мох’. Неверагодна Махэк₂, 42: роднаснасць з лац. stāgnum ’багна’ (з «вертыкальнай» заменай гукаў st‑b). Насуперак Голубу–Копечнаму, 63, няма сувязі з літ. bognas (гэта запазычанне з усх.-слав. моў, гл. Буга, Rinkt., III, 46). Этымалогія застаецца адкрытай. Неабгрунтована Львоў, ЭИРЯ, IV, 67–68; Агіенка, Иноз. элем. 71; Кюнэ, Poln., 42, аб запаз. бел., укр. ба́гна, багно́ з польск. мовы.

Ба́гна2 ’вадаварот у рацэ’ (віцеб.), ба́гня ’глыбокае месца ў рацэ’ (Талстой, Геогр., 156). Семантычнае вытворнае ад ба́гна ’балота’ (гл.), што адлюстроўвае пераход тэрміна з сферы балотных тэрмінаў у сферу водных. Падрабязней гл. Талстой (там жа).

Ба́ґна ’бруд, гразь (на дарозе, на вуліцы)’ (Янк. Мат.; карэліц.). Мяркуючы па выбухному ґ, запазычанне з польск. bagno (параўн. спрадвечна бел. ба́гна, багно́).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)