Багня́ 1 ’ягня, баранчык’ (Нас.). Параўн. ст.-укр. багня (XVII ст.) ’тс’, чэш. bahnice ’аўца, што хутка дасць патомства’, славац. bahniatko ’ягня’ і г. д. Да геаграфіі слова параўн. Машынскі, JP, 11, 142–145. Утварэнне на аснове слав. *bagniti sę | (j)agniti sę ’ягніцца, цяліцца’ (форма з b‑ узнікла прэфіксальнай дэкампазіцыяй: ob‑agniti sę → o‑bagniti sę‑ → bagniti sę: польск. bagnić się, чэш. bahniti se, балг. ба́гни се і г. д., гл. Ільінскі, PF, 11, 184; Машынскі, JP, 11, 145–147; Лорэнц, Pomor., I, 13; Лер-Сплавінскі, O pochodzeniu, 159 і наст.; Махэк₂, 221; Брукнер, 197; Бернекер, 24). А ўсё-такі ці не запазычанне гэта ў бел. і ўкр. мовах з зах.-слав. моў?
Багня́ 2 ’пушыстая пупышка на вярбе’ (Нас.). Параўн. ба́гнята ў Бярынды, 189: «Ва́їе: пру́тье фині́ково, ро́зки дактѷлу, або полмо́вого де́рева, з квѣтом лоза́, ба́гнѧта, шутки». Укр. багня́, багні́тка ’каташок, коцік на дрэве’, польск. bagniątko ’тс’ і г. д. Да багня́ 1 (коцікі на дрэве, асабліва пушыстыя, часта носяць назву ягня, параўн. яшчэ ўкр. ба́зька ’аўца; коцік на дрэве’; слав. (j)agnędъ: чэш. jehněd ’тс’; Бернекер, 25). Параўн. Махэк₂, 221; Бернекер, 25; Брукнер, 197; Ільінскі, PF, 11, 184.