Карту́на, карту́н ’баваўняная тканіна, паркаль’ (ТСБМ). Запазычанне з польск. kartun ’паркаль’, якое з прус.-ням. kartun з неарганічным r (адсюль таксама літ. kartũnas (Фрэнкель, 225; Булыка, Запазыч., 142).
Картуно́вы ’з картуну’ (Федар. VII). Гл. картуна.
Картэ́ўнік ’карцёжнік’ (Гарэц., Др.-Падб.), да картаваць (гл.).
Кару́за ’асоба, што без прычыны чапляецца, каб распачаць зваду’ (КЭС, лаг.), ’задзіра’ (Бяльк.), ’задзірысты, неадчэпны чалавек’ (Янк. 1, Янк. Мат.), ’задзіра, забіяка’ (Янк. Мат.). Ад каруза паходзіць карузлы (гл.), шэраг значэнняў якога, як і значэнні рускіх паралелей (параўн. рус. скорузлик ’заморак, замораная жывёла, чалавек’), даюць магчымасць параўнаць яго са славен. koruze ’кляча, дрэнны, благі конь’ (Куркіна, Этимология, 1970, 95). Але паходжанне суфікса ‑uza застаецца праблематычным. Значэнне ’задзіра’ ў лексеме каруза, такім чынам, спалучаецца са значэннем ’нярослы, чахлы, заняпалы’.
◎ Карузіцца ’шукаць прычыны для звады ці бойкі’ (КЭС, лаг.). Гл. каруза.
◎ Кару́зла ’карава, заскарузла’ (Гарэц.). Гл. карузлы.
◎ Кару́зленькі ’невысокі, недарослы’ (Нар. словатв.). Гл. карузлых.
Кару́злівы ’чалавек, ахвочы чапляцца хоць да каго, каб пачаць зваду ці бойку’ (КЭС, лаг.; Янк.). Гл. каруза.
Кару́злік 1 ’невялікага росту, слабы чалавек’ (Касп., Бяльк.), ’недаростак’ (Нар. сл.), ’каравы, мізэрны’ (Гарэц.). Гл. карузлы 1. Дэмінутыўны суфікс ‑ік падкрэслівае пеяратыўнае значэнне.
Кару́злік 2 ’неахайны, брудны’. Гл. карузлы 2.
Кару́злы 1 ’нярослы, чахлы’ (ТСБМ), ’закарэлы, схуднелы’ (гл. каруза). Значэнні ’нярослы, чахлы, схуднелы’ пацвярджаюць правільнасць суаднясення бел. каруза са славен. koruze ’кляча’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 106).
Карузлы 2 ’загрубелы, заскарузлы’ (ТСБМ). Параўн. макед. коруза ’струп’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 106).