Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».

*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.

Калёныя ў выразе калёныя або вадзяныя арэхі ’расліна Trapa natans’. (Дэмб.). Адпаведнікаў у іншых бел. гаворках як быццам няма. Таксама нельга з упэўненасцю меркаваць аб іншаславянскіх паралелях. Семантыка беларускага слова не вельмі ясная. Вядома, што арэхі ўжывалі ў ежу як у сырым выглядзе, так і прыгатавання. Магчыма, слова неабходна разглядаць як вытворнае ад паліць ’смажыць і да т. п.’, параўн. рус. наўг. калить ’грэць’, кастр. ’кіпяціць ваду’, вяц. калить яйца ’запякаць яйкі ў закрытым гаршку без вады, у печцы’. Іншая магчымасць тлумачэння — сінонім, зафіксаваны таксама на Магілёўшчыне — каменныя арэхі. Калі разумець каменны як цвёрды, то калены ад паліць ’гартаваць’. Параўн. да семантыкі і формы рус. бран. калёный ’цвёрды’: «Кружовник калёный» (СРНГ, 12, 351), хоць тут, магчыма, адпаведнік бел. каляны (rл.). Разам з тым імаверна, што гэта назва адпавядае рус. дыял. колкие орехи, укр. дыял. їжачок, рагатка, ням. Stachelnuß, Spitznuß. У такім разе да калоцьf аднак словаўтварэнне не вельмі яснае. Параўн. рус. сіб. каленная ’расліна змеегалоўнік Dracoccphalum thymiflorum’ прыклад двухсэнсоўны, не выключана, што семантыка менавіта такая і паходзіць таксама ад калоць. Гл. колкай у назвах розных раслін, якія маюць калючкі. рожкі і да т. п. (СРНГ, 14, 137).

Калёсы ’конная чатырохколая гаспадарчая павозка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг., Жд. 2, Касп., Кліх; Растарг., КЭС, лаг.; Маш.), палес. форма — калёса (Нас., Нік., Оч., Серб., Сержп. Грам., мазыр.; Сержп.)? — «перо скрыпіць, бы не мазаные калёса» (Сцяц. Нар.; Сцяшк. МГ, Радч.)? — «тарарай калёсы, тарарай Повезли Ганночку з пекла в рай»; Шат. (калёса); мін., Шпіл. («…телега в робѣ петербургскіхъ ломовыхъ…», 4, 27). Распаўсюджанне на палескай тэрыторыі гл. у Масленікавай, 172. Адзначаюць таксама Сл. паўн.-зах., ТС (у форме колёса). Вядома фактычна на ўсёй тэрыторыі. Укр. матэрыял нам невядомы, але Даль прыводзіў паўд.-рус. колёса ’воз’ у пагранічнай да беларускай зоне (смал., зах.-бран.) і ў глыбі моўнай тэрыторыі — маск., том. У польск. мове kolasa ’старажытны воз, карэта’, ’сялянскі воз’ і інш., звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя на Мазоўшы і ў Варміі формы kolosa, kolaski, як рэгіянальныя і адпаведныя беларускім. У іншых зах.-слав.: ст.-чэш. kolesa ’воз’, славац. kolesá ’воз для перавозу бярвенняў’. На поўдні: серб.-харв. kolèsa ’воз’. Слаўскі (2, 344) мяркуе аб прасл. *kolesa, мн. ліку ад kolo; па мадэлі ўтварэння аналагічнае лац. rotae ’воз’ (rota ’кола’). Польск. крыніцы XVI і асабліва XVII ст. даюць падставы выводзіць рэаліі з усх.-слав. тэрыторыі. Брукнер (245) меркаваў нават аб запазычанні ў польск. мову. Лінгвагеаграфія бел. слова сведчыць аб пазнейшым яго распаўсюджанні. Не выключай таксама ўплыў польскай лексемы; аб яе шырокай экспансіі гл. у Слаўскага, 2, 343–344 (у ням., франц., італ. і інш.), у тым ліку пры пасрэдніцтве розных моў.

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Калі́ прысл., злучн. у розных значэннях (ТСБМ, Бяльк., Грыг., Мал., Нас., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп., Сержп. Прымхі, Радч., Шат., Сл. паўн.-зах., ТС (колі)). Укр. коли, рус. коли, коль, ст.-чэш. koli, славен. koli, балг. уст. коли, ст.-слав. коли. Прасл. koli/kole, падрабязна аб фіксацыях і формах у слав. мовах гл. ESSJ SG, 2, 356–360. Там жа мяркуецца, што слова ўтворана ад і.-е. займеннай асновы *ku̯o‑ (аб якой падрабязна гл. пад хто), пашыранай i‑ партыкулай. Пры гэтым, верагодна, структура была ўтворана яшчэ ў даславянскі перыяд, паколькі ў літ. мове адзначаюць як надзейныя паралелі kõl, kõlei (дыял. kõlaik) ’як доўга, пакуль’. Больш праблематычная сувязь з лац. quālis, ’які’, грэч. πηλίκος, якая прымалася шэрагам этымолагаў, нягледзячы на фармальную перашкоду. Калі дапусціць такую сувязь для і.-е. перыяду, неабходна аднавіць архетып *ku̯ā‑, што прымусіла Покарнага (1, 646) рэканструяваць праформу *ku̯o/ku̯a‑, аднак апрача фармальнай перашкоды ёсць яшчэ і семантычныя. Што датычыць іншых і.-е. паралелей, неабходна згадаць яшчэ прапанову Махэка₂, 269, які не сумняваўся ў тоеснасці слав. утварэння і ст.-інд. ‑khálu. Апошняе звычайна ўжываецца пасля займеннікаў, параўн. na khálu ’зусім не’ і ніколі, чэш. nikoli. Гэта прапанова патрабавала б раздзялення як генетычна розных функцыянальных варыянтаў слав. koli, што не здаецца правільным. Параўн. яшчэ іншыя меркаванні адносна архетыпу ў ESSJ S J, 2, 360.

Калі́б умоўны злучнік (паўн., КЭС; Нас., Рад., Сержп. Грам.), кылі́п ’каб’ (чавус., Нар. сл.). Карскі адзначаў і ст.-бел. кыліб. Як злучэнне ёсць адпаведнае ўкр. коли‑б(же). У рус. гаворках зах.-бран. кали б (фактычна беларускае, у Растаргуева), Даль адзначыў коли‑бы, да якога Бадуэн дэ Куртэнэ дадае яшчэ коли‑ба, кыли‑б (апошняе — смал.). СРНГ падае яшчэ з архіўных матэрыялаў Сразнеўскага смал. колиб, падпарадкавальны злучнік. Гэты факт разам з бел. кыліп дазваляе меркаваць аб лакальнай семантычнай інавацыі ў магілёўскіх і смаленскіх гаворках. Прыведзеныя матэрыялы даюць магчымасць рэканструяваць усх.-слав. структуры коли‑б. Што датычыць рус. коли‑бы, коли‑ба, не вельмі ясна, ці сапраўды гэтыя формы дазваляюць рэканструкцыю архетыпа коли‑бы (такую праформу дае ESSJ SG, 2, 360). Архетып koli‑by прапанаваны як больш архаічны (‑by, аснова аорыста, < byti), аднак, зыходзячы з фактычнага матэрыялу, не выключана, што старыя формы з’яўляюцца рэгіяналізмамі.

Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Калі́бр (Сержп.: чэрці ўсялякага калібру); калибиръ ’размер’ (Нас.). Відавочнае запазычанне, фанетычны крытэрый не вельмі пераканаўчы, паколькі такая форма магла натуральна ўтварыцца на бел. глебе з першаснага калібр, гэта дазваляе меркаваць, што запазычана з польск. kaliber ’памер, велічыня’. Польск. слова хутчэй за ўсё да ням. Kaliber, якое з італ. calibro, а гэта з араб. kâlib. Аднак і арабская лексема ўзыходзіць да грэч. καλοπόδιον ’форма, узор’, гл. Фасмер, 2, 166.

Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўцаБРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом.каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл. каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг. каліво ’корч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус. калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран. ’корч бульбы’, вялікал. каливье ’націна бручкі’, сіб. каливья ’націна бульбы’, зах.-бран. калева ’корч бульбы’, бран. калева і каліва ’нейкая расліна’, смал. калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран. калевка; смал. калевка, калуж., смал. калёвка, пуціўльск., курск. каливка, таксама арл., бран. каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран. калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж. каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал. калево, смал., іркуцк. каливо, калуж., смал. калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал. каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск. коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск. kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел. каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен. kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж. kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням. kohl або н.-ням. kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.

Ка́ліва2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж. калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч. κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.