Калі́б умоўны злучнік (паўн., КЭС; Нас., Рад., Сержп. Грам.), кылі́п ’каб’ (чавус., Нар. сл.). Карскі адзначаў і ст.-бел. кыліб. Як злучэнне ёсць адпаведнае ўкр. коли‑б(же). У рус. гаворках зах.-бран. кали б (фактычна беларускае, у Растаргуева), Даль адзначыў коли‑бы, да якога Бадуэн дэ Куртэнэ дадае яшчэ коли‑ба, кыли‑б (апошняе — смал.). СРНГ падае яшчэ з архіўных матэрыялаў Сразнеўскага смал. колиб, падпарадкавальны злучнік. Гэты факт разам з бел. кыліп дазваляе меркаваць аб лакальнай семантычнай інавацыі ў магілёўскіх і смаленскіх гаворках. Прыведзеныя матэрыялы даюць магчымасць рэканструяваць усх.-слав. структуры коли‑б. Што датычыць рус. коли‑бы, коли‑ба, не вельмі ясна, ці сапраўды гэтыя формы дазваляюць рэканструкцыю архетыпа коли‑бы (такую праформу дае ESSJ SG, 2, 360). Архетып koli‑by прапанаваны як больш архаічны (‑by, аснова аорыста, < byti), аднак, зыходзячы з фактычнага матэрыялу, не выключана, што старыя формы з’яўляюцца рэгіяналізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)