Ка́ліўка ’бручка, Brassica napus’ (ДАБМ, Касп., Мат. Гом.), каляўка ’тс’ (ДАБМ). Рус. асташ., пск., цвяр., наўг., пецярб. калевка ’тс’, наўг., пск., цвяр., велікал., уладз., калуж., а таксама ў рус. гаворках Прыбалтыкі каливка ’тс’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад каліва ’бручка’, параўн. у такім значэнні наўг., пск., цвяр. калива. Структура апошняга слова не вельмі ясная; нельга прыняць меркаванне Смулковай, Балтызмы, 41, што крыніцай бел. слова з’яўляецца лат. kālis або літ. kõlis ’бручка’. Не выключаецца магчымасць утварэння слова на слав. тэрыторыі (параўн. варыятыўнасць лексемы: калика, калига, калива, каля і да т. п.). Адпаведная структура была ўжо ў мове, адкуль пайшла міграцыя тэрміна, магчыма, было некалькі зон, адкуль слова запазычана. Параўн. каліка (гл.). Бел. слова сустракаецца ў розных гаворках, што, відаць, сведчыць не столькі аб страце лексемы на большай тэрыторыі, колькі аб розных напрамках яе пранікнення.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)