Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Веслава́ць ’гнаць лодку вяслом, грабці вёсламі’ (Янк. I, БРС, КТС), докш. віслава́ць ’тс’ (Янк. Мат.). Укр. веслова́ти, польск. wiosłować, н.-луж. wjasłowaś, чэш. veslovati, славац. veslovať, славен. vesláti, серб.-харв. вѐслати, макед. весла, балг. весля́, веслувам (рэдка). Наяўнасць суфікса ‑ova‑ ў зах.-слав. мовах дае падставу меркаваць, што бел. (як і ўкр.) веславаць запазычана з польскай мовы.

Веслано́гія мн. л. ’атрад вадаплаўных птушак, пальцы ў якіх злучаны перапонкамі; атрад ніжэйшых ракападобных’ (БРС, БелСЭ). Запазычана з рус. веслоногие або з польск. wiosłonogie ’тс’. З’яўляецца калькай з лац. навуковага тэрміна Steganopodes < грэч. στεγᾰνόπους, ‑ποδος ’з перапонкамі на лапах’.

Ве́сліца ’лесвіца’ (Мат. Гом.) у выніку метатэзы з ле́свіца (гл.).

Веснавей (паэт.) ’веснавы вецер’ (КТС) — новаўтварэнне ад вясна́ (гл.) і вей (< веяць). Сюды ж веснавейны, веснавеяць.

Веснаво́е ’рунь’ (добр., Мат. Гом.), рус. свярдл. весня́ ’рунь, усходы азімага жыта’. Да вясна́ (гл.). Як правіла, рунь абазначае ’ўсходы азімых’, на поўдні ж Беларусі рунь (уру́на, вру́но, уру́нь) ’усходы збожжавых восенню і вясной’. Яр, ярына маглі, відаць, абазначаць не толькі вясеннія ўсходы, але і ўсходы азімых. Тады веснаво́е выцясняе яраво́е як ідэнтычнае ў адрозненне ад яравых ’яравых раслін’.

Веснавы ’вясенні’ (КТС) — прыметнік да вясна́, утвораны таксама, як і зімовы, пры дапамозе суф. ‑ов‑ы. Інакш больш старажытным (паводле словаўтварэння) можна лічыць ве́сні (гл.).

Веснаплынь (паэт.) ’пачатак вясны’ (КТС, П. Трус) — новаўтварэнне ад вясна́ і плынь (гл.).

Веснаўскі ’вясенняе парасё’ (КТС, Я. Ермаловіч); польск. wiosnować ’даглядаць вясной’, wiośniak ’той, што нарадзіўся вясной’. Да вясна́ (гл.).

Веснаход (паэт.) ’хада вясны, надыход светлых, радасных падзей, з’яў’ (КТС); ’назва арганізацыі маладых пісьменнікаў і мастакоў Заходняй Беларусі’ (з 1927 г.). Да вясна́ (гл.) і ход (гл.).

Веснацвет (паэт.) ’веснавая пара, калі краскі пачынаюць буйна цвісці’ (КТС, М. Хведаровіч). Новаўтварэнне ад вясна́ (гл.) і цвет (гл.).