Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каро́слівы, да кароста (гл.).

Каро́ста1 ’кароста (хвароба)’ (ТСБМ, Шат., Мядзв., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Федар. VI), укр. короста, рус. короста, ст.-слав. краста, балг. краста, макед. краста, серб.-харв. кра̏ста, славен. krásta. Агульнае значэнне ’кароста, парша, струпы’. Звяртае на сябе ўвагу ірл. carrach ’пакрыты струпамі, паршой’. У ірл. лексеме лёгка выдзяляецца суфікс ‑ach, а carr < *kars — ’скурная хвароба’, якое мае рэгулярныя славянскія адпаведнікі, яны ўзводзяцца да прасл. sъrx — (бел. шаршыць, рус. шершавый, чэш. srchý і балт.: літ. šiurkštùs ’грубы, шурпаты’, pašiùrti ’станавіцца грубым, шурпатым’). Параўнанне кельт. і слав. форм прыводзіць да неабходнасці рэканструяваць *k̑ors/*k̑ṛs. Гэта паказвае, што прасл. korsta адлюстроўвае кельцкую фанетыку і семантыку і з’яўляецца, такім чынам, лексічным пранікненнем (Мартынаў, Язык, 42).

Каро́ста2 ’кастрыца’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.; Сцяц., зэльв.; Шатал., Бір. Пр.), укр. короста ’тс’, польск. krosta ’кастрыца, якая аддзяляецца пры часанні канапель’. Існуе тэндэнцыя змешваць кароста1 і кароста2 (гл. Трубачоў, Эт. сл. 2, 93–95), але кароста2 мае іншыя паралелі і перш за ўсё балтыйскія, чаго нельга сказаць пра кароста1: літ. karšti ’часаць лён, каноплі і інш.’ Відавочна, частка гэтых паралелей кантамінавалася з прасл. kostra (параўн. ст.-рус. костра ’грубая кара льну і канапель, якая застаецца пасля іх часання’, і серб.-харв. ко̏стрина ’кастрыца, адходы пры апрацоўцы льну’).

Каро́ткасць, укр. короткість, рус. короткость, чэш. krátkost, славац. krátkosť, польск. krótkość, балг. краткост, макед. краткост, серб.-харв. кра́ткост, славен. kratkȏst. Рэгулярнае вытворнае з суфіксам ‑ostь ад kortъkъ ’кароткі’ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 101). Гл. кароткі.

Каро́ткі, укр. короткий, рус. короткий, чэш. krátký, славац. krátky, в.-луж. krótki, палаб. kortʼě (< kort ъkъ), польск. krótki, балг. кратък, макед. краток, серб.-харв. кра́так, славен. krátek. Этымалогія слова даволі празрыстая. Прасл. kortъkъ атрымаў сваю рэгулярную суфіксацыю ‑ъkъ з прасл. kortъ (ŭ‑аснова). Назоўнік kortъ у значэнні ’раз’ захаваўся ў паўд.-слав. і зах.-слав. мовах. Усх.-слав. мовы запазычылі стараславянскія формы крат, кратны (гл.), кратнасць (гл.). Прасл. kortъ непасрэдна суадносіцца з прасл. čьrtǫ, čersti ’праводзіць баразну’, літ. kir̃sti, kertù ’рубіць’, лат. cirst ’тс’, ст.-інд. kártati ’рэжа’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 102; 4, 75–76). Такім чынам, kortъ меў значэнне ’адрэзаны кавалак, канец’. Гэта не значыць, што тут мы маем справу з праславянскай інавацыяй (čersti > kortъ > kortъkъ ’кароткі’). Сапраўды, у балт. мовах не існуе надзейнай паралелі да kortъkъ. Літ. kartùs ’горкі’, якое з’яўляецца фармальна тоесным прасл. kortъ, мае іншую семантыку (параўн. Хэмп, RS XXX, 1, 43). Але насуперак Трубачову, Эт. сл., 11, 103, нельга адмаўляцца ад параўнання прасл. kortъkъ і лац. curtus ’кароткі’. Семантычная тоеснасць, якой не хапае фармальна тоеснаму літ. kartùs, тут відавочная, а фармальныя разыходжанні мінімальныя (лац. curtus павінна адпавядаць не прасл. kortъ, а kъrtъ). Улічваючы тое, што паняцце ’кароткі’ ў балт. мовах перадаецца лексемай іншага паходжання (літ. trum̃pas ’кароткі’, trùpùtis ’крошка’, trupė́ti ’крышыцца’), магчымым з’яўляецца другаснай пранікненне італ. kartus (блізкага да лац. curtus) у прасл.

Каро́тчык ’жаночая вопратка з сукна, шыецца кароткай, крыху ніжэй пояса’ (Вяльк., Мат. Маг.). Сама Дэфініцыя змяшчае этымалагічнае тлумачэнне (гл. кароткі). Суфікс ‑чык характэрны дЛи ўсх.-сДив. моў.

Каро́ўка ’грыб: малачай, млечнік, ваўнянка’ (Жыв. сл.). Іншая назва таго ж грыба ўказвае на матывацыю назвы. Увогуле грыбы сямейства Russulaceae (сыраежкавыя) выдзяляюць млечны сок і таму называюцца кароўкамі, малачаямі, млечнікамі (гл. Лек. раст., 44–45).

Каро́ўка-баго́ўка, каро́ўка‑муго́ўка, каро́ўка‑мудро́ўка. Розныя назвы божай кароўкі. Адмоўная матывацыя выкарыстання лексемы кароўка для назвы насякомага — яго рабое надкрылле. Божай яна называецца, бо не належыць чалавеку, як звычайная карова. Параўн. рус. дивий мед = божий мёд (Тапароў, Этнолингв. балто-слав. контакты, 1978, 136; Мартынаў, Язык., 49–50).

Каро́ўкі ’аер’ (Нар. сл.). Да карова (гл.), матывацыя няясная.

Карп ’рыба Cyprinus carpio’, укр. карп, рус. карп, чэш. karp, славац. kapor, польск. karp, в.-луж. karpa, палаб. karp. Разглядаецца як запазычанне са ст.-в.-ням. karpo (Параўн. Бернекер, 575). Але ў славянскіх мовах існуе назва карпа з метатэзай плаўных: укр. короп, рус. короп, балг. карп, серб.-харв. кра̏п, славен. kràp, што робіць нямецкае паходжанне назвы больш праблематычным. У кожным разе нельга выключыць магчымасць славянскага паходжання нямецкай лексемы. Цікавым фактам з’яўляецца існаванне ст.-інд. śapharaḥ ’від карпа’, якое сведчыць аб палатальным к на пачатку слове. Ст.-грэч. κυπσῖνος ’карп’ гаворыць аб вандроўным характары лексемы. Непасрэдную крыніцу славянскіх форм вызначыць цяжка (Фасмер, 2, 334; Каламіец, 109–111).

Карпані́на ’марудная, нерацыянальная і малапрадукцыйная работа’ (ТСБМ). Гл. карпаць.