Трамба́ч, трамба́, трамбі́шча ’таўстун’ (Юрч. Вытв.), укр. лемк. трембуха́ч ’таўстабрухі, брухан’ узыходзяць да польск. trąba ’труба’, ’музычны інструмент’, ’звой палатна’, якое да прасл. *trǫba > бел. труба (гл.) пры ад’ідэацыі італ. tromba ’труба’. Да семантыкі параўн. трубіць ’многа есці’.
Трамбо́н ’духавы медны музычны інструмент’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мовы з італ. trombone ’вялікая труба’, якое ад tromba ’труба’ (Фасмер, 4, 105; Голуб-Ліер, 490; ЕСУМ, 5, 647).
Трамва́й ’гарадская наземная электрычная чыгунка’, ’поезд гэтай чыгункі’ (ТСБМ). Праз польскую або рускую мовы з англ. tramway ці праз франц. tramway ’тс’, што складаецца з tram ’шына’, першапачаткова ’язда вазком па трамах — драўляных рэйках’ (параўн. трам, які з с.-н.-ням. trāme ’брус’) і way ’дарога’ (SWO, 1980, 769; Фасмер, 4, 93; Чарных, 2, 257; Брукнер, 574–575; ЕСУМ, 5, 618).
Трамза́ ’балбатуха, лапатуха’ (смарг., Сл. ПЗБ), трамзі́ць ’спяшацца’ (Сцяшк. Сл.). Няясна.
Трамкаце́ць ’мільгацець, мігцець, стракацець’ (Скарбы), трамгаце́ць ’тс’ (слонім., Арх. Федар.). Да трамцець, трымцець (гл.), узмоцненага суф. ‑ка‑/‑га‑.
Трамка́ч ’сплеценыя канцы нітак, адрэзаныя з палоскай палатна’ (Мат. Маг. 2). У выніку распадабнення п > м з трапкач (гл.).
Трамплі́н ’спартыўнае прыстасаванне для адштурхоўвання пры скачках’ (ТСБМ). З рус. трампли́н ’тс’, якое праз нова-в.-ням. Trampoline ці франц. tremplin было запазычана з італ. trampolino ’тс’ < trampolo ’дыба, хадуля’ (Фасмер, 4, 93; Голуб-Ліер, 486), што ўзыходзіць да германскіх моў, параўн. нова-в.-ням. trampeln ’тупаць’, англ. trample ’цяжка ступаць’, гукапераймальнага паходжання (ЕСУМ, 5, 618).
Трампяля́сы (трымпыля́сы) ’лахманы’ (іван., Нар. лекс.). Складанае слова з няяснай структурай: першую частку можна звязаць з трапаць (гл.) з устаўным экспрэсіўным ‑м‑, параўн. трыплялі ’махры ў рушніку’, польск. дыял. tremcie ’лахманы’, гл. трамця, а другую — з ляскаць, гл.
Трамсы́н ’сын трох бацькоў (казачны персанаж)’ (Вяр.). З *тромсы́н < тром [бацькам] сын. Параўн. польск. trzechsyn ’сын трох’.