Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трэфны, ст.-бел. трефный ‘адборны, рэдкі’, ‘трапны, смешны, жартаўлівы’ (ГСБМ). З польск. trefny, trafny ‘адборны; жартаўлівы; дасціпны’ ад trafiać ‘трапляць у цэль; дасягаць мэты’, што да с.-в.-ням. trëffen ‘тс’ (Вінцэнц). Меркаванне пра крыніцу ў венг. tréfás ‘дасціпны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196) не мае падстаў, хутчэй праз чэш. trefny ‘меткі, адпаведны, падыходзячы’ ў часы ўзмацнення чэшскага ўплыву на польскую мову.

Трэ́фы ‘ масць у картах’ (ТСБМ). Праз рускую мову (треф), у якой праз ням. Treff ‘тс’ з франц. trèfle ‘канюшына’ — адзін з чорных колераў у картах, які абазначаецца стылізаваным лістком канюшыны < ст.-грэч. τρίφυλλον ‘канюшына’ (Фасмер, 4, 101).

Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел. третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр. тре́тій, рус. тре́тий, польск. trzeci, палаб. tritĕ, н.-луж. tśesi, в.-луж. třeci, чэш. třetí, славац. tretí, славен. trétji, харв. trȅći, серб. тре̏ћи, балг. трѐти, макед. трет(и), ст.-слав. трети. Прасл. *tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е. *tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл. *trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл. *tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ. trẽčias, лат. trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os: ст.-прус. tírts, ст.-інд. tr̥tíyas, авест. ϑritya‑, тахар. В trit, гоц. þridja, лац. tertius (< *tritīos), ст.-грэч. τρίτος, алб. tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е. *trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед. trī ‘тры’, лац. trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны2, гл.

Трэці́раваць ‘пагардліва абыходзіцца з кім-небудзь; гнібіць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову (трети́ровать) і ням. traitieren з франц. traiter ‘абыходзіцца, адносіцца’ < лац. tractāre ‘абыходзіцца з кім-небудзь’ (Фасмер, 4, 101; ЕСУМ, 5, 632; Арол, 4, 101).

Трэ́цца, тре́цца ‘нерастуе (пра рыбу)’ (гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), цярэ́цца ‘тс’ (клім., ЛА, 1). Форма 3‑й ас. адз. л. дзеяслова це́рці(ся) (гл.).

Трэць ‘трэцяя частка чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ст.-бел. треть ‘тс’, ‘трэцяя частка зямельнага надзелу (мера плошчы)’ (ГСБМ). Субстантываваны парадкавы лічэбнік трэці (гл.), параўн. траціна, гл.

Трэ́шчы ‘прыгаршчы’: узяла мукі трэшчы (лід., Сл. ПЗБ). Няясна; мажліва, наватвор ад трэ́шчыць ‘пляскаць (у далоні)’, г. зн. столькі, колькі можна ўзяць у далоні.

Трэ́шчына ‘шчыліна на месцы разлому’ (ТСБМ; навагр., ЛА, 4), тры͡ешчына ‘тс’ (Вруб.), трі́шчына ‘тс’ (кам., ЛА, 4). Укр. трі́шчына, рус. трещина. Усходнеславянскае. Утворана ад прасл. *trěsk‑ъ і суф. *‑ina, гл. трэск.

Трэ́шчыцца ‘ўглядацца’ (Юрч. СНЛ). Відаць, першапачатковае значэнне ‘шырока раскрываць, вылупліваць, вытрэшчваць вочы’, гл. вы́трашчыць. Слова з праблемнай этымалогіяй, параўн. рус. таращить (глаза) ‘напружана ўглядацца’, для якога Фасмер (4, 23) дапускае сувязь з трахнуть ‘стукнуць, трэснуць’, гл. трахаць. Борысь (720) на аснове чэш. třeštit ‘шалець, выходзіць з сябе’, ‘вылупліваць вочы’, дыял. treščit ‘стукаць’, ст.-чэш. treščiti ‘грукаць, трашчаць, лятаць з трэскам’, славац. trieštiť ‘разбіваць’, харв. і серб. старое trieštiť ‘трэснуць, ударыць (пра гром)’, славен. treščiti ‘выклікаць трэск, грукат’, ‘стукаць (пра маланку)’, ‘кідаць раптоўна, шпурляць’ мяркуе, што першаснае значэнне магло быць ‘адкрываць з трэскам’ (вобразна і пра вочы). Гл. трашчаць, трэснуць.

Трэ́шчыць ‘пляскаць у далоні’ (шуміл., Сл. ПЗБ), трі́шчыты ‘лупцаваць’ (кам., ЖНС); сюды ж, відаць, трэшша́ць (куры) ‘сакочуць’ (гарад., ЛА, 4). Да прасл. *trěsk‑ъ > трэск, трашчаць, гл. папярэдняе слова.