До́ня, до́нька ’дачка’ (памяншальныя формы ад дачка́, гл.). Параўн. рус. до́ня, до́нька, до́нюшка ’тс’, укр. до́ня, до́нька, до́нечка ’тс’. Формы гіпакарыстычнага характару з спецыфічным суфіксам гл. Фасмер, 1, 529.
До́раб, даро́бка ’скрынка’ (Нас.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) лічыць гэта праславянскім дыялектызмам (*dorbъ), які, акрамя бел. мовы, засведчаны таксама (с. 172) у рус. (дыял. до́роб ’скрынка, сіта’) і ўкр. (дороба́йло ’сіта’). Слав. *dorbъ звязана з літ. darbas ’пляцёнка з лісцяў’, ст.-інд. darbhás ’пучок травы’, dr̥bháti ’звязвае, пляце’. Гл. Фасмер, 1, 530; Трубачоў, Эт. сл., 4, 74. Цікава, што прасл. лексема з вельмі надзейнымі і.-е. сувязямі рэканструюецца ў даным выпадку толькі на аснове ўсх.-слав. даных, што наогул трапляецца не вельмі часта.
До́с ’досыць’ (Касп.). Форма, якая ўзнікла скарачэннем. Гл. до́сыць.
До́сціп ’досціп’ (БРС, Байк. і Некр.), дасці́пнасць ’дасціпнасць’ (БРС). Паводле Кюнэ (Poln., 50), запазычанне з польск. dowcip, dowcipność ’тс’ (Кюнэ, там жа, як аргумент прыводзіць той факт, што гэтыя словы вядомы толькі заходнім славянам; параўн. і чэш. důvtip). Аб польск. словах гл. падрабязна Слаўскі, 1, 158. Няясным, аднак, застаецца фармальны бок запазычання. Бел. формы тыпу до́сціп, дасці́пны і г. д. маглі б зыходзіць да польск. форм тыпу dowścipny, але апошнія засведчаны толькі з тэрыторыі Беларусі (Litwy; гл. Слаўскі, там жа.). Ужо ў ст.-бел. мове засведчаны ўсе вядомыя сёння формы: довтипъ, довтепъ, довтыпъ, довстипъ, довципъ, довтип‑ ный, довтипность (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 98–99).
Досць ’досыць’ (БРС). Як і до́сыць (гл.), узыходзіць да слав. *do syti (*do sъti). Наўрад ці можна думаць пра запазычанне з польск. dość ’тс’ (< dosyć; гл. Слаўскі, 1, 158–159), хоць такая магчымасць не выключаецца (бел. досць. здаецца, на ўсх.-слав. тэрыторыі ізаляванае, няма ў іншых усх.-слав. мовах, калі не лічыць укр. дыял. до́ста). Агляд роднасных форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.
До́сыць ’досыць’ (БРС, Нас., Байк. і Некр.), таксама до́сіць, дос (Касп.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне, як і ўкр. до́сить, з польск. dosyć ’тс’. Вельмі няпэўна. Хутчэй за ўсё не запазычанне, а роднасныя формы. Гл. у Фасмера, 1, 532: рус. дыял. до́сыть, бел. до́сыць, польск. dosyć, чэш. dost, dosti, славац. dosti < *do syta. Так жа мяркуе (але без бел. форм) Слаўскі, 1, 157. Параўн. досць (гл.). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.
До́ўбня ’доўбня’, ’дурны, цурбан’ (БРС). Слова, вядомае ў многіх слав. мовах. Параўн. ст.-рус. Долбня (уласнае імя), рус. долбня́, укр. до́вбня, ст.-чэш. dlubna, чэш. dlubna, dlubně, балг. длъ́бня (з іншым значэннем ’штосьці выдзеўбанае, заглыбленне; дзёўбанне’), балг. дыял. длъбня́ ’драўляны молат’, славен. dȏlbnja ’даўбанне, выдзёўбванне’. Прасл. *dьlbьna (паводле Трубачова, Эт. сл., 5, 207). Цікава, што ў некаторых слав. мовах гэтага слова няма (напр., у польскай, славацкай, сербскахарвацкай), што сведчыць аб дыялектным яго характары ў праславянскі час. Лічыцца вытворным з суфіксам ‑ьna (‑ьnʼa) ад дзеяслова *dьlbti ’дзяўбаць’ (Трубачоў, там жа).
Доўг ’доўг’ (БРС). Рус. долг, укр. дыял. довг, ст.-рус. дългъ, длъгъ, дълъгъ, долгъ, чэш. dluh, славац. dlh, польск. dług, балг. дълг, дыял. длъг, серб.-харв. ду̑г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. *dъlgъ ’доўг’ (так у Трубачова, Эт. сл., 5, 179; у Фасмера, 1, 524, і іншых праформа *dьlgъ. Аргументацыя Трубачова: «Праформа слав. *dьlgъ, якую пры гэтым дапускалі, трэба сказаць, занадта блізка падводзіць нас да вядомага прыметніка ’доўгі’, каб гэту блізкасць ігнараваць»). Слова даволі цёмнае па этымалогіі. Лічылі роднасным з гоц. dulgs ’доўг’, ірл. dligid ’доўг’ (гл. Фасмер, 1, 524; Бернекер, 1, 224; Траўтман, 55 і наст.). Не вельмі абгрунтаванымі былі версіі аб запазычанні з герм. моў або кельцкіх. Лічыцца няпэўным і збліжэнне з прыметнікам ’доўгі’ (*dьlgъ), якое прапанавалі Праабражэнскі, 1, 188–189, і Брукнер, 90. Агляд версій гл. яшчэ ў Трубачова, 5, 180.
До́ўгі ’доўгі’ (БРС). Рус. до́лгий, укр. до́вгий, чэш. dlouhý, славац. dlhý, польск. długi, балг. дъ́л(ъ)г, серб.-харв. ду̏г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. форма *dьlgъ ’доўгі’. Праславянская лексема мае вельмі надзейныя адпаведнасці ў і.-е. мовах. Параўн. ст.-інд. dīrghás, авест. darəga‑, ст.-перс. darga‑, грэч. δολιχός, літ. ìlgas, хец. dalugaeš (мн. л.). Вельмі цікавай з’яўляецца дакладная адпаведнасць вытворнага прасл. *dьlgostь ’даўжыня’ і хец. dalugašti‑ ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 524–525; Бернекер, 1, 251–252; Траўтман, 55; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 207–209 (з адпаведнай літ-рай).